- То, дзядзька Напрэй, не дуплінаваты, а звычайны дрот. І йдзе па ім электрычнасць. Ну, як бы маланка тая. Канечне, яе і не ўгледзіш, электрычнасці гэтай, але як дойдзе яна да танюткіх дроцікаў у лямпе, дык дужа гэта яна іх напальвае. Яны і свецяцца, таму і святло, і зыркае святло. Ды вот я пакажу вам электрычнасць гэтую самую.
Іван Іванавіч дастае з шафы некалькі батарэек для кватэрных званкоў, якія папраўляе ён для фальварка. Прыладжвае некалькі дроцікаў.
- Ну, а цяпер вазьміце, дзядзька Напрэй, у рукі гэты дроцік.
- Ну што ж, і вазьму...
- А цяпер дакраніцеся пальцам да гэтага дроціка.
- Ну што ж, і дакрануся...
Усе з цікавасцю пазіраюць на Напрэя, на яго лапушыстую бараду, бучныя вусы і густыя бровы, з-пад якіх выглядаюць цёплыя шэрыя вочы. Раптам Напрэй аж падскаквае злёгку, кінуўшы з рук дроцік.
- Каб жа цябе нарад, дрот, а кусаецца, - аглядае з здзіўленнем свой палец Напрэй. - Аж шчыміць.
Усе спрабуюць кусанне.
- Вот вам і электрычнасць. Пусці яе ў лямпачку спецыяльную, яно і свяціць будзе, - і Іван Іванавіч прыладжвае малюсенькую лямпачку ад кішэннага фанарыка. Лямпачка гарыць, і ўсе здзівавана пераглядаюцца.
- Глядзі-ка ты...
- Дык вось, у горадзе там, заместа вось гэтых скрыначак невялікіх, машыны вялікія, яны і вырабляюць электрычнасць, ды такой сілы, што дакраніся чалавек да дроту - адразу і заб'е, як маланкай. Але зачым жа дакранацца. І вось электрычнасць цэлы горад асвятляе і нават машыны можа круціць, спецыяльныя цягнікі рушыць, уга, дзе толькі ні прыносіць яна карысці чалавеку.
- Бачыў ты! Да чаго чалавек не дадумаецца! І ўсё на патрэбу сабе, каб, значыцца, жыць лягчэй на гэтым свеце... Усякую гэта машыну сабе паставіў. Вун яшчэ на маёй памяці, дык хлеб усё на ветраках малолі. Хоць яно, канечне, і там не без розуму, усякае прыстройства там, але ж звычайнае прыстройства. Быў яшчэ, праўда, у пана валовік. Ну і ўсё. А цяпер вось у воласці паравы млын. І куды табе шпарчэй, чымся на ветраку. Дый мука лепей. Ізноў жа і ветру чакаць не трэба, і ніякага табе клопату: ні махі табе не паламае, ні парусу не парве. Ізноў жа аўтамабілі... Вун кляпчанскі пан, дык, кажуць, з-за межаў прывёз машыну сабе, аўтамабіль. Сам сабе йдзе. Ні коней табе, ні валоў - анічога. Ды яшчэ як ідзе, аж саша гудзіць, колькі тых коней адных папудзілася ды калёс паламалася.
- Каму, дзядзька Ўладымер, аўтамабіль, а каму конь калечаны, - устаўляе слова канавал Зміцер. - Яно-то, канечне, добра пану ў аўтамабілі, а мужыку з канём смерць.
Рэдзенькая бародка Змітрава трасецца ад смеху, і ўся яго галава з шэрым воспенным тварам хуценька паварачваецца на доўгай шыі, шукаючы спачування сваёй думцы.
- Не кажы, браце... Канечне, пан пра сваю карысць клапоціцца, не пра тваю ж...
- Гэта правільна вы сказалі, пане Ўладымер, - гаворыць Іван Іванавіч, шуруючы наждачнай паперай дно карца. - Паны вечна клапаціліся аб сваіх інтарэсах. Аб іх яны клапоцяцца і цяпер. Хоць бы й машыны сабе - ізноў жа каму ад іх больш карысці, нашаму хіба брату?.. Уга... Вун мой брат у горадзе на заводзе працуе. Колькі іх там яшчэ працуе. А як сталі новыя машыны ставіць, дык каторых з рабочых і на вуліцу выгналі, ды яшчэ колькі...
- Дык тут, мусіць, вайна вінавата, Іван Іванавіч?
- Пры чым тут вайна? Вайна сама сабой. А хіба вайна карысць якую дае?
- Ну канечне, Іван Іванавіч, аніякай карысці. Вун у Каравашкі сын звярнуўся, ходзіць цяпер на двух мыліцах. Канечне, ніякае карысці тут акрамя шкоды. А колькі пабітых? Ізноў жа параненых? Ды не дабіцца цяпер ні да чаго, не дакупіцца, і дзе яно што і падзелася? Канечне, цяжка нашаму брату. Ды што калі жэрдку якую плот залапіць, дык паспрабуй сунься ў лес панскі, такую цану ўздулі, што хоць ты трымайся. А за папас у лясу?
- Уга, хутка і зусім упраўляючы хоча ўсякі папас адмяніць, псуюць, кажа, задужа лес каровы, - перабівае Напрэя Ўладымер.
- А арэнда пожняў?
- А шурка дроў?
- А паспрабуй якую дзесяціну на панскім прысеяць?
- Дзіва што... Ходзіць вун па парку, як певень той галанскі, упраўляючы наш, пуза адрасціў - колькі б тых свечак адных нарабіў бы з гэтага сала паганага. Ды што б яшчэ было, калі б не ездзіў штогод сала спускаць на тыя цёплыя воды. Канечне, у вялікі яму клопат вайна!
- А дзе ж, між іншым, пан падзеўся, каторы год нямашака?
- Ды прыязджалі вось некаторыя нашы хлопцы - салдаты, з Пецярбурга прыязджалі. Дык казалі - у інтэндантах там дзесьці служыць, поўным генералам...
- Яно, канечне, не падпрапаршчыкам якім, вядома, генералам...
- Ну што ж, на тое, браце, вайна, яна нікога не мілуе, ні мужыка, ні пана. Канечне, пану вальготней, нашаму брату цяжэй. Але што ж ты зробіш. Канечне, прыходзіцца і цярпець. І як жа без вайны. Сядзелі б так, ну і прыйшлі б немцы, і пазабіралі б усё. І цара свайго пасадзілі б табе. І сказаў бы, ану, хрысціяне-мужычкі, а пакланіцеся майму Богу. А калі што, уклеіў бы бізунамі. От ба...
Читать дальше