- Ану, круці да берага! Ды шпарчэй! А то галаву знясу!
Стрэл нарабіў перапалоху. За дзедам кінуўся афіцэр. Перапалохаліся салдаты. І ўжо гатоў быў афіцэр выстраліць у дзеда, як з правага берага раздаўся дружны залп. Потым яшчэ і яшчэ. Толькі пырскі ўзняліся ля бартоў - партызаны стралялі так, каб не параніць Міколку і дзеда. Стары генерал як стаяў, так і сеў на лаўку, і падняцца не мог, прыліп ад страху. Прыніклі салдаты да кулямётаў, але тут раздаліся залпы з левага берага. Салдаты кінулі зброю і пабеглі хавацца.
Прачнуўся народ на параходзе, пачалася несусветная сумятня. Істэрычна крычалі пані і паненкі, выскачылі паны на палубу. Некаторыя ад страху перад партызанамі кідаліся за борт у ваду. Толькі нямецкі афіцэр паспрабаваў яшчэ абараняцца, прыпаў да кулямёта. Але не паспеў ён зрабіць па беразе і дзесятка стрэлаў, як адцягнуў яго дзед ад кулямёта.
А параход, ткнуўшыся носам сюды і туды, паволі падплываў ужо да берага. Людзі на параходзе стаялі з паднятымі ўгору рукамі. З берага неслася моцнае «ўра». Адтуль віталі дзеда, віталі з перамогай слаўнага Міколку.
Праз якую хвіліну параход прыстаў да берага. Яго прывязалі канатамі, паклалі дошкі на бераг, пачалі высаджваць палонных. І чаго тут не рабілася толькі. І крыку было, і панскіх вобмаракаў, і просьбаў, і паклонаў, і слёз. Яшчэ ўчора такія гордыя і грозныя, сёння кідаліся паны на калені перад Сёмкам-матросам, перад дзедам, перад Міколкам. Сёмка-матрос дзяліў палонных на дзве кучкі. У адну адсылаў жанчын, старых і маладых паненак, старых паноў і афіцэраў, камандаваў:
- Ану, мадамы ды старыя сіяцельствы, айда налева.
А маладзейшых адбіраў у меншую кучку. Тут былі заўзятыя ворагі бальшавікоў. Людзі, якія вербавалі сілы для гетмана. Людзі, якія ездзілі ў савецкую Расею па контррэвалюцыйных справах, якія прадавалі Расею сусветнай буржуазіі. Міколка ведаў, што чакае гэтых людзей, і ніколькі не шкадаваў іх, калі партызаны павялі іх у лес, у лагчынку.
Яго больш зацікавіла гісторыя з генералам. Той ад страху страціў усякую прытомнасць, і як сеў на лаўку, так і прыліп да яе.
Зірнуў на генерала Сёмка-матрос, а ў генерала і каленкі затрэсліся. Аж плюнуў тут Сёмка-матрос:
- Ну і абломак імперыі, да чаго ж палахлівы!
Паглядзеў на генерала і Міколка. Успомніў пра «бачушку-чара» і пра «шупаштатаў». Хацеў нешта грознае сказаць, але махнуў рукой і, пераймаючы Сёмкавы манеры, таксама плюнуў паважна і адышоўся ўбок.
- Што ж з генералам рабіць будзем? - запыталі партызаны Сёмку.
- А паслаць яго да мадамаў!.. Няхай ідзе.
І тут звярнуўся Сёмка-матрос з вялікай прамовай да незвычайных сваіх палонных:
- Вы, каторыя мадамы, старыя сіяцельствы і ўсякія іншыя абломкі імперыі! Айда адсюль хутчэй, ды на вочы больш не трапляйцеся! Пападзецеся зноў - народ мы недалікатны: адзьё, мусью, на штык ды ў рэчку...
І нават Міколку падміргнуў: «Бачыш, як я па-французску з імі наярваю!»
А «мадамы», «сіяцельствы» і ўсе «іншыя абломкі» не палічылі патрэбным доўга ўпрошваць сябе і адразу ж далі заўзятага драпака, толькі лыткі мільгалі. Адкуль і спрыту набраўся стары генерал: так бег, што аж «мадамы» з сабачкамі ззаду засталіся. Бег і шаптаў:
- Пожа, Пожа, выратуй маю душу!
І даваў такога спрытнага драпака, што толькі пыл курэў пад «абломкам імперыі».
А «шупаштаты» аглядалі параход, прыводзілі яго да парадку. Сёмка-матрос, жартуючы, назваў параход браняносцам, і гэтая назва так і засталася за ім. А паколькі Міколка быў галоўным завадатарам усёй параходнай справы, то судна называлі яшчэ Міколкавым браняносцам.
Так партызаны набылі сабе «браняносец».
Каравул! Палкоўніка ўкралі!
Дні са два вакольныя памешчыкі адчувалі сябе спакойна. У гэтыя дні іх не турбавалі партызаны, занятыя выключнымі клопатамі. Яны рамантавалі параход. І не толькі рамантавалі, а рабілі яго сапраўдным баявым параходам. Завёўшы яго ў вузкую затоку ў лесе, адкуль параход нельга было ўгледзець з Дняпра, партызаны фарбавалі судна, грузілі яго дрывамі, ставілі кулямёты. Уздоўж бартоў клалі мяшкі з пяском. Гэтыя мяшкі - добрая абарона ад куль. Дзед Астап старанна завіхаўся ля параходнай гарматы, вывучаючы яе механізмы.
Але самая галоўная справа была з абмундзіраваннем. Міколкаў план патрабаваў, каб усе пераапрануліся немцамі. Іначай нельга было рабіць. І хоць дзеду Астапу і не дужа падабаліся гэтыя спектаклі, як назваў ён пераапрананне, але нічога не зробіш. Справа - яна заўсёды ёсць справа. І вось шукалі дзеду нямецкі мундзір па яго росту і густу. Апрануўся дзед як след, зірнуў у люстэрка і плюнуў. Быў вельмі незадаволены. Дзедавы валасы лезлі з-пад каскі, зусім недарэчы была барада. Ну, які ж салдат нямецкі ды з такой барадой, не раўнуючы, як у Льва Талстога. Спрабаваў яе дзед і за каўнер мундзіра запхнуць, каб схаваць гэтую бараду, але як зірнуў ізноў у люстэрка, яшчэ раз плюнуў.
Читать дальше