- Хіба ж гэта конь? Гэта ваўкарэзіна, а не конь, не можа седака на сабе ўтрымаць... Вось у турэцкую вайну былі коні ў нас, дык коні.
Хаця Міколка быў трохі інакшых думак пра коней і пра седакоў, але тут не пярэчыў. Не хацеў крыўдзіць старога. Тым больш што ў таго і так хапала тут непрыемнасцей. Набегаўшыся ўволю, яго скакун з'явіўся назад, з'явіўся аднавухі, з абкарнаным хвастом. Усе, усміхаючыся, зірнулі на кавалерыста, сёй-той запытаўся:
- Што-та сталася з тваім стаеннікам?
Не міргнуўшы вокам, дзед адказаў:
- Ды, няйначай, дзе за сук засілілася жывотнае, ну... і адарвала слыхавы орган.
Дзед любіў пры зручным выпадку ўжыць навуковае слова.
Змаўчалі ўсе. Каму было ахвота крыўдзіць такога слаўнага рубаку. Толькі Сёмка-матрос, хітра падміргнуўшы, запытаў яго:
- Ці цэлы хаця сук той?
Гэта завельмі ахаладзіла дзеда да кавалерыйскай справы. А тут яшчэ падвярнуліся такія падзеі, што дзед хоць і атрымаў перамогу над немцамі, але канчаткова рашыў перайсці да пяхотнай справы. І не тое каб пешака хадзіць, скажам, але каб не кідацца болей з дзедавым слабым здароўем у кавалерыйскія атакі.
Неяк давялося дзеду паехаць раз у разведку. Паехалі ўтрох: Сёмка-матрос, Міколка і дзед. Чуткі былі, што ў бліжэйшых вёсках грабяць нямецкія коннікі. Паехалі праверыць, ці праўда то, каб у выпадку патрэбы наляцець з атрадам. І толькі выехалі на ўскраек лесу, бачаць - едуць чалавек з восем нямецкіх кавалерыстаў. І проста насустрач едуць. Міргнуў Сёмка Міколку і дзеду, каб зараз жа хаваліся ў лесе. Не ісці ж утрох супроць васьмі.
Але тут пачалі рабіцца несусветныя штукі з дзедам. Праўда, ва ўсім ён і душой не быў вінаваты, усё пачалося з каня. Ці той пачуў іржанне сваіх былых нямецкіх сяброў, ці якое другое ліха ўзбрыло яму ў галаву, але конь выказаў яўныя намеры кінуцца ўперад, насустрач немцам. Дзед і так і сяк браўся за каня, усё намагаўся яго павярнуць убок да лесу. Але нічога не дапамагала. І праз якую хвіліну дзед горда імчаў на немцаў, не трацячы, аднак, у глыбіні душы надзеі, што, можа, як і ўдасца павярнуць шалёнага каня назад. Толькі і паспеў крыкнуць дзед: «Ратуй, Сёмка, старога артылерыста!» Ды, бачачы немінучую сустрэчу з немцамі, прышпорыў з адчаем каня наскамі ботаў, выхапіў шаблю ды як закрычыць «ура», аж Міколка не на жарты спужаўся.
Зірнуў Сёмка на Міколку - вось ашалеў дзед! - ды, выхапіўшы гранату з кішэні, памчаў на ўвесь дух услед за дзедам. Не кідаць жа старога рубаку ў небяспецы такой. Бачаць немцы, ляцяць на іх дзіўныя коннікі, «ура» крычаць, шаблямі махаюць. А тут і трэці памчаўся ад лесу. То Міколка пусціўся наўскач за дзедам, за Сёмкам. Павінен жа і ён дапамагчы дзеду з бяды выбавіцца. Імчыць Міколка ды раз-пораз з карабіна страляе. Замітусіліся немцы, спыніліся. А ўгледзеўшы Міколку, зусім спалохаліся. Ім паказалася, што прытаіліся ў лесе несусветныя сілы - выскакваюць адтуль адзін за адным партызаны. І, не разважаючы доўга, пусціліся немцы назад, коней прышпорылі.
Але не такі дзед, каб адстаць. І хоць гатовы ён і каня нямецкага праклясці, які кінуў яго ў такую страшэнную атаку, хоць гатовы ён і другое вуха яму адсеч за вялікае непаслушэнства, але дзе ты ўжо дзенешся, калі шаблю выхапіў. Ляціць віхурай дзед, насцігаючы немцаў, крычыць:
- Здавайцеся, пакуль не ўцяклі!
Бачаць немцы - не паласа, кінулі карабіны, рукі ўгору. Тут і Сёмка падскочыў, падскакаў Міколка, палонных пад канвой забралі.
Так неспадзявана рушыў дзед у кавалерыйскую атаку і, як бачым, атрымаў перамогу. Дзедаў аўтарытэт вырас яшчэ болей, і ніхто ўжо не пасмеў бы напомніць дзеду аб яго джыгітоўцы, аб няшчасным конскім вуху і абсечаным хвасту яго скакуна. Але ўсе гэтыя падзеі вельмі дорага каштавалі дзеду, дні са тры прахварэў ад тых здарэнняў і расказваў пасля:
- Думаў я, што не прыйдзецца мне болей Міколку пабачыць праз гэтага нямецкага скакуна, які папёр мяне на нямецкі атрад. Але калі ўбачыў, што няма мне ўжо аніякага выхаду болей і што насоўваецца мая смертухна, рашыў я тады на хітрыкі пайсці і так грымнуў на іх, што аж сам быў спужаўся... А тут і Сёмка! А тут і Міколка! Ну, думаю, цяпер падавай мне цэлую дывізію і самога генерала! Я ім пакажу, што знача дзед Астап і яго турэцкая шабля!
Сказаўшы пра шаблю, ды яшчэ пра турэцкую, дзед трохі пачырванеў і змоўк. Відаць, адчуваў сябе ніякавата. Ён сам убачыў, што трохі перабаршчыў. Пра шаблю ж ён наогул не любіў успамінаць пасля трагічных падзей з конскім вухам. З крыху прыкрага маўчання вывеў Міколка:
Читать дальше