І тут надумаліся нашы партызаны на выключны ўчынак, каб не дапусціць сваіх таварышаў на лютую расправу немцам. Міколка падышоў да паравоза і, угледзеўшы на ім знаёмых людзей, паспеў абмяняцца з імі парай-другой слоў. Партызаны зайшлі за стрэлкі. Да іх пабег і Міколка.
І вось рушыў цягнік. Быў ён змешаны, так званы тавара-пасажырскі. Спераду былі пасажырскія вагоны, у канцы таварныя. Арыштанцкі вагон быў ззаду таварных. Калі на станцыі было светла ад ліхтароў, дык тут, за стрэлкай, пачыналася такая цемра, што хоць вока выкалі. Цягнік ціха ішоў цераз стрэлку. Міколка, як самы вопытны ў чыгуначных справах, кіраваў пасадкай атрада на цягнік. Яны садзіліся неўзаметку на падножкі таварных вагонаў. Цягнік прыбаўляў ходу. Партызаны размясціліся на дзвюх тармазных пляцоўках. Ніякі нямецкі часавы не дабярэцца сюды. Не лазіць жа немцам па дахах вагонаў! Затое партызаны могуць лазіць. Хоць страшна, але ж трэба. І адзін за адным па бакавіне вагона яны ўзбіраюцца на дах, асцярожна пераступаюць з вагона на вагон, ціха пасоўваюцца ўсё бліжэй і бліжэй да арыштанцкага вагона.
Вось і зусім ужо блізка. Да арыштанцкага вагона застаўся адзін толькі таварны вагон. Далей ісці нельга. На пляцоўках вагона-турмы стаяць часавыя, не лезці ж на іх. Таго і глядзі патрапіш на кулю ці звалішся пад калёсы.
Партызаны асцярожна злазяць на тармазную пляцоўку таварнага вагона. Цягнік прыбаўляе ходу. Ён ідзе з гары. Моцна націскаюць адзін на адзін вагоны, абвісае кручча, якім сашчэплены паміж сабою вагоны. У самы раз іх цяпер раскруціць, расшчапіць! Бо як пойдзе цягнік на гару, на пад'ём, тады не расшчэпіш нацягненыя крукі. І прыступае Міколка да работы. Перагнуўшыся цераз борт пляцоўкі, партызаны трымаюць Міколку за ногі, за куцы пінжачок. Міколка, павісшы над крукамі, раскручвае сашчэпку. Вось можна ўжо і расшчапіць. Але не з Міколкавымі сіламі, ды яшчэ ў такім нязручным становішчы, падняць цяжкі крук. Але дзе не хапае сілы, там выручае спрыт, выручае здагадка. І, моцна ўчапіўшыся абедзвюма рукамі ў крук, камандуе Міколка:
- Цягніце мяне цяпер угору!
Падцягваюць Міколку ўгору, разам з ім падымаецца крук. Яшчэ секунда - і кідае яго Міколка. Бразнуўшыся, абвісае крук і важна гойдаецца з боку ў бок у такт колам вагонаў. Міколка з камандай гатовы закрычаць «ура», гатовы пусціцца ў несусветныя скокі ад вялікай радасці. Але не раскрычышся тут, не разгонішся на скокі на цеснай пляцоўцы. А пярэдні вагон усё больш і больш адыходзіць уперад. Адчэплены арыштанцкі вагон разам з таварным паволі зацішаюць ход. Партызаны саскокваюць з падножкі, хаваюцца пад адкос, чакаюць, што ж будзе далей, што будуць рабіць немцы.
Ціха скрыгануўшы коламі, сталі вагоны. Толькі і распазнаеш іх, гледзячы з-пад адкосу. Цёмныя абрысы вагонаў ясна выдзяляюцца на змрочным небе начы. Партызаны чакаюць. Але ў арыштанцкім вагоне ціха. Не чуваць адтуль ні гукаў, ні шолаху. Цёмна ў вагонных вокнах, не відаць ніводнага водбліску свечкі.
- Што за чамярыца? А дзе ж людзі, канвой? - думалі і здзіўляліся партызаны. Акружылі вагон. Яшчэ раз прыслухаліся - ціха ў вагоне. Пастукалі - ніхто не адказвае. Тады пачалі моцна біць у замкнутыя дзверы, але вагон маўчаў, не адзываўся ніводным гукам на стук.
- Буфер сюды! - закамандаваў Міколка.
Знялі з вагона буфер і, падняўшы яго, пачалі ім біць з усіх сіл у замкнутыя дзверы. Хвіліна-другая - і цяжкія, акутыя жалезам дзверы сарваліся з завесаў. Разбілі і другія дзверы і толькі тады ўскочылі ў вагон. І тое, што ўбачылі яны, было зусім нечаканым і незразумелым. На лаўках ляжалі пазвязваныя нямецкія салдаты. Тут жа ляжалі і звязаныя два нямецкія афіцэры з канвою.
Канвой хоць і звязаны, але ж быў у вагоне. Не было толькі арыштаваных. Як ні старанна аглядалі кожны куток вагона, ніводнага з арыштаваных не знайшлі. І куды падзеліся яны, ніхто не мог дакладна давесці. Былі цэлыя дзверы і вокны, былі цэлыя, акутыя дзе-нідзе жалезам, сцены. І толькі пасля даведаліся партызаны, што арыштаваным удалося шчасліва ўцячы з вагона праз спецыяльна прарэзаную дзірку ў падлозе вагона пад адной з лавак. Перад тым як уцячы на хаду з вагона, арыштаваныя зрабілі смелы напад на канвой, абяззброілі яго і, каб не было перашкоды для ўцёку, павязалі яго. А дзірка ў вагоне была знарок падрыхтавана загадзя рабочымі, калі вагон яшчэ стаяў у дэпо.
Хоць Міколка вельмі хацеў пабачыць свайго бацьку, для якога ён так стараўся, усё ж бацькава нечаканае знікненне не надало яму суму. Міколка быў надзвычай радасны і задаволены.
Читать дальше