- Немцы! Ратуйцеся! - крычалі з усіх бакоў.
Як скрозь сон пачуў гэты крык Міколка, дзеда разбудзіў. Паднялі на ногі Сёмку-матроса, усіх партызан. Тыя кінуліся да коней.
Сёмка хутка ўзабраўся на высокую бярозу, за ім ускарабкаўся Міколка. Глянулі навокал. Па дарозе ад лесу ехаў конны нямецкі атрад. Было ў ім чалавек з сотню. Ужо хацеў скамандаваць Сёмка, каб выбіраліся партызаны ў другі бок сяла. Але заўважыў тут, што і з другога боку падаецца да сяла яшчэ большы конны атрад. Хвіліна-другая - і ад нямецкіх атрадаў аддзяліліся групы коннікаў і памчалі галопам, акружаючы з усіх бакоў сяло.
- Акружаюць, гады, у пастку бяруць! Што ж то рабіць? - услых падумаў Сёмка-матрос.
- Прарвацца! У шаблі ўзяць! - закрычалі тут партызаны. Але Сёмка-матрос махнуў рукой, гарачых спыніў.
- Усіх не возьмеш!.. Вялікі атрад, трохі нам не па сіле. Нельга на ражон перці. Прыйдзецца, няйначай... - і хацеў Сёмка яшчэ нешта сказаць, але тут яму Міколка пару слоў шапнуў, на кулямёт паказаўшы. Дужа шкадаваў кулямёта Міколка, баяўся, каб немцам яго не пакінуць. І з'явіўся нейкі план у Міколкі, аб ім і сказаў ён матросу. Той аж смехам спачатку заліўся, але раптам зрабіўся сур'ёзны, каманду даў:
- Коней хавай па хлявах, сёдлы ў каноплі! Палавіна каманды хавайся па гародах, а палавіна за мной!
І, узяўшы чалавекі з чатыры, кінуўся з імі да хаты, дзе нябожчык быў.
Праз якую хвіліну выносілі пустую труну адтуль. Партызаны і раты паразяўлялі: што за праява? Некаторыя ў жарты кінуліся: «Малая труна, усіх не ўмясціць!»
Але так грозна закрычаў тут Сёмка-матрос, што ўсе захадзіліся, як па струне:
- Карабінкі хавай, з сабой бяры гранаты і рэвальверы! - І да дзеда Астапа: - Крыж бяры! Крыж хапай, дзед Астап, ля труны станавіся! А ты, Міколка, за пратэсію!
Пачухаў патыліцу дзед Астап, нічога не разумеючы. Але ўзяў крыж, што стаяў ля варот каля хаты з нябожчыкам. Раз каманда, дык каманда, трэба выпаўняць.
Міколка ўзяўся за пратэсію, з якой носяць нябожчыкаў на могілкі. А Сёмка ўжо клаў кулямёт у труну. Той не лез, знялі колы, у гарод іх закінулі. Уціснулі кулямёт, патронаў налажылі. Прыкрылі белым палатном, паднялі труну на плечы, аж чалавек з восем яе панеслі. Ды ўслед чалавек сорак. І тут толькі зразумелі партызаны справу з труной і як пусцяцца ў шалёны рогат:
- Вось гэта дык нябожчык!
Але грымнуў тут Сёмка-матрос:
- Смех далоў! Слёзы давай, слёзы, плачу паболей!
І загаласілі ўсе па камандзе, галасамі грубымі, басавітымі:
- Угу-гу-гу... Ого-го-го... Га-га-га...
З усіх хат выскоквалі на той плач старыя бабкі. Як зірнулі на труну, напалохаліся. Пачалі лбы хрысціць, ды галасіць, ды прыгаворваць:
- Упакой, Госпадзі, душу бязгрэшную!
Ім і сапраўды здавалася, што нябожчыка нясуць. Таму і слёзы пусцілі, самыя сапраўдныя.
А тут і немцы ўжо. Імчаць наўскач з канца вуліцы, толькі пыл курыць, коні ржуць, шаблі пабліскваюць.
І страшна Міколку і смешна. Нясе пратэсію царкоўную ды тонкім голасам падцягвае:
- Ве-е-ч-ная памяць! Ве-е-чны пакой!
І ўсе за ім:
- Ве-е-ч-ная памяць...
А тут зірнуў на дзеда і ледзь не самлеў. Ужо блізка немцы, а дзед нясе крыж і на сябе не глядзіць. Вісяць на поясе ў дзеда дзве бомбы, забыўся той па старой памяці на іх, не схаваў. І як запяе тут Міколка ды на новы лад:
- Ве-е-чная па-а-мяць... Дзеду, дзеду, бо-о-мбы хавай, што на поясе вісяць...
І ўсе падхапілі басам:
- Што на поясе вісяць... што на поясе вісяць...
Пачуў дзед, схамянуўся, хуценька бомбы схаваў за пазуху і, як ні лыс, Міколку падміргнуў. І да таго тут зрабілася весела Міколку, што ледзь у скокі не пусціўся з пратэсіяй. Нават «вечную памяць» на манер кадрылі запеў. Зірнуў на яго Сёмка сурова, шапнуў - загадаў:
- Цягні, цягні, ды каб жаласліва было...
А немцы ўжо блізка. Цяжка храплі ўзмыленыя коні, гулка білі ў зямлю цяжкімі капытамі. Прыцішыўся нямецкі атрад, калі параўняўся з хаўтурнай працэсіяй. Нават пад казырок узялі немцы труне з нябожчыкам. Не азіраліся партызаны, старанна выцягвалі «вечную памяць». Плакалі ды галасілі бабкі. Нямецкі атрад паволі праехаў каля «працэсіі» і, падагнаўшы коней, памчаў далей галопам па вуліцы. Аж у самы канец праляцелі. Адтуль назад, на сярэдзіну сяла. Немцы былі яўна расчараваны. Яны, відаць, рабілі налёт, хацелі некага злавіць. Але ніякіх партызан на сяле не знайшлі, і следу тут не відаць было ад партызанскага атрада.
Труна з нябожчыкам усё шпарчэй набліжалася да могілак, якія былі за сялом.
- Хутчэй, хутчэй! - камандаваў Сёмка-матрос.
Читать дальше