Маўчаў дзед, не адказваў нічога. Але, відаць, згаджаўся з сынам. І, відаць, галоўная прычына гэтай згоды была ў царскіх арлах, што павыбівалі жандары на Міколкавым целе.
Так пазнаёміўся Міколка з царом.
Так пазнаў яго.
Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна: то ракаў ён ловіць, то з дзедам на паляванне ходзіць, то ласуецца «зайцавым хлебам», то ўрэшце з «імператарскім вялічаствам» знаёміцца, самога Мікалая Другога хоча за руку паціснуць. Але гэта толькі так здаецца.
Мала было вясёлага ў Міколкавым жыцці. Усю зіму мерзлі ў халодным і цесным вагоне, марачы аб цёплых летніх днях. У дадатак да холаду даймаў і голад, асабліва калі пачалася вайна. А тут і бяда насцігла Міколкаву сям'ю. Неяк аднае ночы ўвалілася ў вагон цэлая група жандараў. Пабудзілі ўсіх. Шукалі нечага, нават дзеда паднялі з падлогі і ператрэслі мяшок з саломай, на якім спаў дзед.
Дзед стаяў пануры, злосны, з жандарамі лаяўся:
- Што вы шукаеце тут, чаго не палажылі?
Адзін з іх, той самы, якога пабіў некалі дзед на станцыі, штурхануў яго ў грудзі:
- Адыдзі, стары пёс!
Дзед не мог сцярпець такой знявагі і адразу захадзіўся ля свае скрынкі, усё мармычучы сабе пад нос:
- Я табе пакажу, хто пёс... Я стары царскі служака, я царскія ўзнагароды маю... я...
- Кінь, стары, свае штукі... Ведаю, хочаш ты свае медалі паказаць ім... - спыніў дзеда бацька. - Непатрэбны ім твае царскія бляшанкі... у іх вунь у саміх поўныя грудзі бляшанак гэтых. Адна толькі розніца, што ты сваёй крывёй медалі набыў, а яны набываюць медалі нашай крывёй... Глядзі вось за ўнукам добра, дзед, гадуй яго.
Нічога не знайшлі жандары, але бацьку забралі, не спыталі Міколку. А за што? Ці бацька ўкраў што, ці забіў каго? Здаецца ж, нічога такога з бацькам не здарылася. А вось узялі і ў турму пасадзілі, як апошняга злодзея.
А на другі дзень раніцай з'явіўся той самы станцыённы жандар і, раскрыўшы дзверы, закамандаваў:
- Ану, выкідвайцеся з вагона, каб і паху вашага тут не было!
Маці спачатку нічога не зразумела, запытала толькі:
- Як гэта выкідвайцеся?
- А так! - сказаў абыякава жандар і, ухапіўшы вісеўшае на сцяне дзедава паліто, выкінуў яго з вагона.
- А як жа жыць? - спытала яшчэ раз маці, нічога не разумеючы з таго, што гаварыў жандар. Той нічога не адказваў, а толькі выкідваў па чарзе невялікія набыткі Міколкавай сям'і. Дзед узяўся быў за адломленую ножку тапчана, каб кінуцца на жандара, але Міколка заўважыў, як адсцёгвае жандар кабуру рэвальвера, і кінуўся к дзеду, павіс у яго на руцэ, крычучы на ўвесь вагон:
- Не трэба, дзеду, не трэба... Гэты сабака і забіць можа цябе...
- Вон, шчанюк! - і жандар, схапіўшы Міколку за плечы, адштурхнуў яго за дзверы.
Маці сядзела ў вагоне, безуважная да ўсяго. Толькі слёзы каціліся адна за адной ды словы адны і тыя чуліся з яе вуснаў:
- Як жа нам далей жыць? Што ж гэта за бяда такая...
- А гэта ўжо не мая справа... Мне-то што! - пасмейваўся жандар і не кідаў сваёй работы.
Да вагона пазбіраліся людзі: жанчыны з вагоннага пасёлка, некаторыя рабочыя з дэпо. Спачатку гаварылі ціха паміж сабой, сумна ківалі галовамі, спачувалі Міколкавай сям'і. Потым пачалі гаварыць гучней і гучней, і хутка каля вагона чуліся ўжо крыкі, пагрозы, гучная лаянка, некаторыя спрабавалі ўгаворваць жандара:
- Што ты робіш, чалавеча, на зіму людзей выганяючы на холад? Сягоння іх, а заўтра нас выганяць будзеш?
- Адыдзі, а то ўраз і цябе арыштую... - агрызаўся жандар, накладаючы пячатку на дзверы пустога вагона.
- Знайшлі ў кім совесць шукаць! Ці была яна калі ў сабакі... - гаварылі адны. А другія ўжо грозна наступалі на жандара. Яны былі гатовы ўзяць яго, разарваць на кавалкі, умяшаць у брудную прамазучаную зямлю.
Тады падняўся дзед, які сядзеў увесь час на разбітым тапчане і сумна пазіраў на народ. Дзед рашуча ступіў уперад, загаварыў:
- Кіньце, людцы, гэтага сабаку... Не ў ім жа справа... Не выганіць ён мяне сягоння, дык заўтра іх дваццаць знойдзецца, усё роўна выкураць. А вы толькі непрыемнасці можаце набыць сабе. Ёсць вышэй за іх людзі, яны разумеюць чалавечую справядлівасць. Калі сына забралі гэтыя сабакі, дык гэта ж непаразуменне. Тыя, што вышэй, тыя ўсё разбяруць, тыя ўбачаць, хто правы і хто вінаваты... А вы разыходзьцеся, людцы, па хатах.
Дзед верыў яшчэ ў нейкую вышэйшую справядлівасць, верыў крыху ў цара.
- Не можа быць, каб ён дапускаў такія непарадкі, калі чалавека за нівошта садзяць у турму.
Прадаўшы сёе-тое з манаткаў і надзеўшы свае медалі, ездзіў ён да вышэйшага жандарскага начальства хадайнічаць аб сыне. Але прыехаў вельмі пахмуры і расчараваны. Здзеў медалі свае, Міколку кінуў:
Читать дальше