- Узяў бы я яго ды з пузам у бочку, у бочку з мазутай ці з фарбай... Ведаў бы тады ён.
А што ён ведаў, Міколка і сам добра не разумеў.
Але ў хуткім часе Міколка сапраўды адпомсціў «буржую». І хоць помста была і нядужа вялікай, але давялося ўсё ж «буржую» перажыць некалькі непрыемных хвілін. Было гэта тады, калі «буржуй» скончыў будаваць свой дом. Дом быў яшчэ не агароджаны, стаялі толькі некалькі сарайчыкаў з рознымі матэрыяламі, і, як падгледзеў Міколка з групай сваіх дружбакоў, былі там і бочкі з фарбай. З прычыны завяршэння будаўніцтва дома гаспадар наладзіў урачысты баль, склікаў шмат гасцей. Тут быў і начальнік дэпо, і некаторае дарожнае начальства, усе вялікія шышкі на чыгунцы. Госці весяліліся ў невялікім садку, выпівалі, закусвалі. Тут жа круціўся ля стала і вялікі пушысты кот, любімец «буржуя». Міколкава кампанія доўга завіхалася ля садка, пакуль ім не ўдалося заманіць ката да сябе і злавіць яго.
А злавіўшы, усе забраліся ў адзін сарай і наладзілі кату хрышчэнне ў бочцы з вадкай зялёнай фарбай, якой фарбуюць звычайна пасажырскія вагоны. Акунуўшы ката разы са два ў бочцы так, што з яго цякла з усіх бакоў фарба, Міколкава кампанія задала лататы і, схаваўшыся за садком, назірала, што будзе рабіць кот. Той адразу ж кінуўся да гасцей і, не доўга думаючы, скочыў на калені да свайго гаспадара і пачаў атрасацца ад мокрае фарбы. «Буржуй» не заўважыў спачатку нічога, усё гаварыў нешта з гасцямі. Але потым да Міколкавай кампаніі данёсся выбух рогату: то смяяліся госці над катовымі ўчынкамі. Увесь летні касцюм гаспадара быў канчаткова сапсуты.
Тады Міколкава кампанія крыкнула на ўвесь голас: «Крадзеная, крадзеная!» і ў адзін міг кінулася наўцёкі. Што было далей з «буржуем», Міколка не ведаў. Але быў вельмі задаволены - хоць чым-небудзь ды адпомсціў ненавіснаму чалавеку.
- Будзе ведаць, як фарбы шкадаваць нашым людзям...
Акрамя непрыемнасцей праз Бога, меў іх Міколка і праз цара. Чуў ён пра яго і дома і ў школе. У школе нават спецыяльнай малітве вучылі, дзе гаварылася аб тым, каб дапамог Бог яго імператарскай вялікасці, каб захаваў яго жыццё і даў перамогу над супастатамі.
«Вось гэта дык асоба, калі ўсе моляцца аб ёй», - думаў Міколка. Дома ён распытваў дзеда, хто такі цар.
- Ого! Цар - гэта, браце мой, цар, а не абы-што... - адказваў дзед. - Ён табе сядзе вячэру спраўляць, а навокал тысячу слуг... Не менш! Адзін каўбасу падае, другі - гарэлку, трэці - селядца, чацвёрты, браце мой, салоныя агуркі прэ.
- А пяты? - пытае Міколка.
- Пяты? Ну і пяты мае якую-небудзь справу, скажам, блінцы падае, дранікі або капусту тушаную... - прыпамінаў дзед стравы, каб даць абавязак для кожнага слугі.
- А ці есць цар прэжаны гарох? - пытаўся Міколка пра свой найлепшы прысмак.
Дзед доўга чухаў патыліцу, не ведаючы, як адказаць. Але потым, каб падтрымаць свой аўтарытэт, рашуча казаў:
- А што ж ты думаеш! Магчыма, есць... Ён, браце, усё можа... Захоча гароху - з'есць гароху, захоча смятаны - яму падаюць смятану... Яшчэ толькі ў думках у яго пра смятану, а тут ужо слуга перад ім з гладышом смятаны, хоць адбаўляй... Але, як мне здаецца, цару і без гароху добра жывецца... Гарох жа не панская яда.
Тады ўжо Міколка кідаўся ў спрэчкі з дзедам:
- Не можа быць, каб гароху не еў! Няма нічога на свеце смачнейшага, як гарох. А цар, відаць, не дурны.
- Вядома, не дурны... Ён, браце, і хітры, усё ведае, хто дзе жыве і што думае. Вось і пра нас з табой ён ведае. Сядзіць дзе-небудзь у Пецярбургу на троне, на карту зірне, бачыць - станцыя наша... І адразу ў думках у яго: «Ага! А ў мяне там стары герой турэцкай вайны Астап жыве з унукам Міколкам, а паказаць іх мне перад мае царскія вочы!» І што ты думаеш! Ён усё можа. Захоча пакараць, адразу і скажа: «Ану, падайце мне сюды Міколку, я яго жыцця рашу за непаслушэнства!» І чык-чырык - няма галавы ў Міколкі... А захоча памілаваць, скажа: «А што табе, Міколка, даць - залатыя палацы ці цуда-камень самацвет?»
- Мне палацы залатыя непатрэбны... - уздыхае Міколка. - От бы далі нам, дзеду, невялічкую хату, каб табе на падлозе не спаць ды зімой нам усім не прастуджвацца...
- Бачыш, куды ты хапіў! Невялічкую хату - гэта, браце, для цара цяжэй, чым залатыя палацы... Не любіць цар такой драбязой займацца.
Міколка ўздыхаў, не згаджаўся з такімі парадкамі.
Так гаварылі часта паміж сабой дзед з унукам. Міколка і ў бацькі пытаўся пра цара і пра гарох прэжаны.
Бацька пасмейваўся, на дзеда міргаў:
- Ты яго, Міколка, слухай, ён табе казак нагаворыць, усё роўна як пра турэцкую вайну. Цар народ кулямі частуе, вось пра які гарох ён дбае...
Читать дальше