У залу ўбег начальнік станцыі. Ён зірнуў на сцяну, ахнуў і замахаў рукамі:
- Што вы робіце з партрэтам, вы ўсю сцяну папсавалі!
За начальнікам нехта пагнаўся жартам, а другія ўжо зусім без жартаў параілі начальніку вымятацца:
- А не, дык павесім на царскае месца...
Хутка царская галава з кавалкам рамы і прыстаўшым да яе тынкам з грукатам паляцела ўніз, узняўшы цэлыя клубы пылу, ад якога ўсе пачалі дружна чыхаць.
- Адзіная хаця карысць з цара - насы прачысцім... - пасмейваліся рабочыя, калі стары прыбіральшчык станцыі змятаў у кучу цара, тынк і ўсякую гразь, каб вынесці яе на сметнік.
- Вось, браце, як цароў скідаюць! - кінуў нехта, смеючыся, Міколку.
За станцыяй яшчэ чуліся стрэлы. То не здаваліся на некаторых вуліцах жандары і гарадавыя. Але стрэлы былі радзей і радзей. Міколка кінуўся ў горад. Па галоўнай вуліцы вялі групу арыштаваных. Тут было некалькі афіцэраў, жандары, кучка гарадавых. Усе яны скоса пазіралі на народ, і злосныя агеньчыкі паблісквалі ў іх пахмурых вачах.
- А... фараоны, папаліся, гады! Не век жа вам чужую кроў смактаць! - чуліся паасобныя выклікі людзей з тратуараў, з вуліцы.
«Нешта нашага жандара не відаць... Яшчэ ўцячэ куды, гад...» - падумаў Міколка пра жандара са станцыі. Вось бы каго злавіць, вось бы каму даць: за бацьку, за дзеда Астапа, за стары вагон, у якім радзіўся Міколка і з якога выкінуў яго ненавісны гэты чалавек.
І толькі гэта падумаў Міколка, як бачыць ён: стаіць гэты жандар на базары ў кучцы людзей, гаворыць нешта. Толькі аблічча зусім другое і вусы абстрыг, шынель змяніў на паліто, ніякай пры ім шапкі жандарскай, ні шаблі. Стаіць і з людзьмі гаворыць. Цэлая група сялян тут сабралася. Аб цару гавораць, аб свабодзе.
- Нам гэта куды вальгатней цяпер будзе, зямлі прыбавяць... - кажуць некаторыя сяляне.
- Як жа, чакайце зямлі, калі ніякага парадку цяпер не будзе, ніякага закону... - устаўляе сваё слова жандар.
Слова за слова і ўжо цэлую прамову шпарыць жандар. І выходзіць па-ягонаму, што цяпер настала самая дрэнная часіна, што «змушчаюць» народ розныя свавольцы, фабрычныя ды жыды. Як-ніяк перашкаджаў ім цар апошнія сокі з мужыка выціскаць.
А цяпер хочуць гэтыя людзі свой парадак устанавіць.
Уздыхаюць сяляне, згаджаюцца, не згаджаюцца. Некаторыя спрачацца кінуліся.
- Што ні кажы, чалавеча, а перамена павінна быць вялікая... Вось каб ведаў ты, колькі нашага брата розныя ўраднікі, стражнікі ды жандары прыціскалі.
- Пра стражнікаў ды жандараў я не кажу... Вядома, гэта сабакі... Але пры чым тут цар, хіба ён ведаў, як народ жыве, усё ад яго скрывалі... - так гаворыць жандар і ў вус не дзьме, нібы ён самы найлепшы, самы працавіты чалавек на свеце.
І ўжо хацелася Міколку крыкнуць на ўвесь голас: «Лавіце яго, вось ён, жандар!» Але пабаяўся крыху. Яшчэ не павераць яму людзі, дык гэты гад, чаго добрага, і пабіць яго надумаецца. І тут заўважыў Міколка, як праз проразь паліто відаць жандарскія сінія штаны. І тады адразу з'явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага.
Падышоў ён да яго, узяўся за полы паліто ды пытаецца:
- Дзядзенька, прадаеш паліто?
Людзі ў смех, а жандар у лаянку:
- Ідзі прэч, падшывалец! - і выказвае яўныя намеры адысціся.
А Міколка ўзяўся за палу, расхіліў яе ды ўжо крычыць на ўвесь базар:
- Вось яны, штаны жандарскія! Лавіце яго!
Заўважылі людзі жандарскую адзежыну, заварушыліся адразу, жандара схапілі.
- Бач ты, гад, а яшчэ добрым чалавекам прыкідваецца! Бач ты яго, царскі абаронца знайшоўся... І форму змяніў, каб не пазналі.
Так злавіў Міколка апошняга жандара са сваёй станцыі і ўрачыста прывёў яго пад канвоем людзей у дэпо. Усе віталі Міколку, віншавалі з перамогай над ворагам:
- Маладзец, хлопец, па бацьку пайшоў! Лаві іх, супастатаў, усюды, дзе толькі ўбачыш!
Так пачалася свабода, рэвалюцыя, і такі ўдзел браў у ёй наш Міколка. А праз колькі дзён у Міколкавай сям'і было вялікае шчасце. Нечакана прыехаў бацька. Ён быў страшэнна худы, зжаўцелы, увесь аброс барадой. Але колькі было радасці ў яго, весялосці. Ён усіх абдымаў, цалаваўся з усімі рабочымі, якія цэлымі гурмамі прыйшлі да яго з дэпо. Рабочыя падкідвалі бацьку ўгору, качалі на руках, звалі да сябе ў госці.
- Цяпер, браткі, не да гасцявання! - жартаваў бацька. - Не доўга і прагасцявацца... Буржуі перапалоханы насмерць, хочуць на свабоду ланцуг накінуць...
Бацька так і зашыўся адразу ў работу. Жыць пераехалі назад, у родны вагон. Прыходзіў зноў той «буржуй», з дэпо, які калісьці знішчыў Міколкаву карцінную галерэю. Ён загадаў пафарбаваць вагон, падправіць дах, змяніць некалькі дошак у падлозе. Ён бегаў навокал бацькі, як на калёсіках, і ўсё пытаў:
Читать дальше