- На, унучак, хавай са сваімі гузікамі - бліскучыя цацкі будуць...
І, дастаўшы з кішэні паперу, чытаў яе Міколкавай мацеры. То быў прысуд над бацькам Міколкі. Па «загаду яго імператарскай вялікасці» быў засуджаны Міколкаў бацька на дзесяць год катаргі.
- «Яго імператарскай вялікасці»... - мармытаў паціху дзед. - Погань гэта, а не вялікасць... А я думаў...
Шмат аб чым перадумаў дзед. Жылі цяпер у невялічкім хлеўчуку, складзеным са старых шпал. Гэты хляўчук аддаў ім пад жыллё адзін стрэлачнік. Дзед хадзіў кудысьці на работу, ці то пілаваць, ці то складаць дровы. Маці хадзіла таксама на падзённую работу: то мыла чужую бялізну, то падлогі, то прыбірала двары ў багатых дамах. Часта пытаўся Міколка, за што ж пасадзілі бацьку. Але ніхто не мог адказаць яму дакладна і падрабязна. Ведаў толькі, што бацька яго палітычны злачынца, а ў чым гэтае злачынства, ніяк не мог ён толкам дабраць. Хіба ж злачынства ў тым, што ён кіраваў забастоўкай і хацеў, каб рабочым плацілі болей, каб ім лепш жылося? Якое ж у гэтым злачынства, хіба за гэта трэба людзей садзіць за краты?
Худое жыццё настала для Міколкі. Некаму было і «зайцавым хлебам» пачаставаць. Часта яшчэ, учуўшы знаёмы гудок паравоза, кідаўся спрасонку Міколка да маці:
- Стаў самавар, мама, бацька едзе!
Але ставіць самавар не было патрэбы, і маці ўгаворвала Міколку:
- Спі, сынок, спі... Бацькаў цягнік яшчэ далёка, далёка.
Дні цягнуліся за днямі, шэрыя, нудныя, халодныя. Толькі і было шчасця, калі прыходзілі некаторыя рабочыя, суцяшалі маці і дзеда:
- Не гаруйце, усё пройдзе, усё мінецца, будзе свята калі-небудзь і на нашай вуліцы... Не ўсё ж ім ды ім.
Суцяшалі гэтыя рабочыя, дапамогу аказвалі. То грашыма, то дроў прыстараюцца, то змайструюць печку чыгунную, каб не так даймаў холад. І тады рабіўся весялейшы дзед, жартаваў з Міколкам, падбадзёрваў яго:
- Не сумуй, унучак, дачакаемся і мы з табою лепшае долі...
Суцяшаў, суцяшаў дзед, але ад цяжкага жыцця захварэў, злёг. Неяк застудзіўся ён на рабоце, прастыў. Ледзь дахаты прыйшоў і злёг, з ложка не падымаўся.
І колькі ні даглядалі за ім маці і Міколка, аслаб зусім дзед, да сябе паклікаў:
- Відаць, трэба мне паміраць... Дык глядзі ж, Міколка, слухайся маці, расці. А ты гадуй хлопца, да працы прывучай... Не было ў нашым родзе людзей, якія б з чужога мазаля жывіліся, кожны здабываў хлеб сваім гарбом...
Заплакаў тут горка Міколка, баючыся расстацца з найлепшым таварышам сваім і з другам-прыяцелем.
Але не здаў пазіцыі дзед. Меў здаровую кроў ён. Сяк-так ад хваробы выкачаўся. Толькі надоўга выбыў са строю, і Міколкавы прыгоды надалей доўга абыходзіліся без удзелу дзеда Астапа.
А дні ішлі. І неўзабаве пасля дзедавай хваробы пачалі да Міколкавай сям'і даносіцца чуткі, адна другой дзіўней, адна другой цікавей. Чуткі ішлі па чыгунцы аж з самага Петраграда. Спачатку цьмяныя, невыразныя, нібы вялікі смутак пайшоў у народзе і рабочы люд супроць цара выступае. Хадзілі чуткі, што скора прыйдзе свабода і буржуям будзе канец. Буржуям і прыганятым іх. Чуткі рабіліся ўсё больш яснейшымі, і ўжо ў кожнай хаце гаварылі, што ў Петраградзе пачалася рэвалюцыя.
Неяк аднаго разу вечарам да Міколкавай сям'і зайшоў жандар. Быў ён чамусьці без шаблі і без свае чырвонае шапкі. І голас быў зусім не той. І выгляд зусім не начальніцкі. Зайшоў у хату і, пажадаўшы добрага дня, нечакана пачаў прасіць Міколкаву маці, каб яна забылася на ўсё старое, бо «ці мала чаго ў жыцці бывае, усякіх там непрыемнасцей...».
Узлавалася тут маці, выгнала яго:
- Ідзі, ідзі, сабачае мяса, не жвенькай тут мне, крывасмок...
Нічога не зразумела яна з жандаравай просьбы. Але назаўтра ўсё стала ясным. Калі прачнуўся Міколка, то пачуў у горадзе страляніну. На станцыі было надзвычай весела. Над будынкам вакзала калыхаўся аграмадны чырвоны сцяг. Усюды было поўна людзей, і ўсе былі радасныя, вясёлыя. Не відаць было ні жандара, які вечна тырчаў са сваёй чырвонай шапкай, пахавалася кудысьці начальства ды афіцэры, якіх раней багата было ў праходзіўшых праз станцыю эшалонах. І што зусім здзівіла Міколку - ён смела прайшоў у тую залу, куды раней ніколі не мог папасці нават разам з бацькам. Ніхто не затрымаў яго цяпер. У зале першага класа вісеў на сцяне аграмадны партрэт цара. Вось цяпер гэты партрэт рабочыя дэпо здзіралі са сцяны. Здзіралі з мясам. Ужо зляцелі на падлогу царскія ногі і мундзір, толькі галава пад каронай, учапіўшыся за цвікі, усё яшчэ вісела на сцяне. Вось гэтую галаву і сцягвалі багром рабочыя.
Читать дальше