Але заставацца было нельга. Дамініка і так нацярпелася, калі ім давялося ўсё-ткі прысутнічаць на банкеце і цалавацца пад цікаўнымі ды юрлівымі позіркамі чужых людзей. Нішто сабе першы пацалунак — вусны дзяўчыны дрыжаць ад страху і агіды... Вырвіч толькі спадзяваўся, што агіды не да яго.
На развітанне Бутрым моцна абняў і ўсунуў у руку цыдулку — ліст да сямейных. Пацалаваў руку нявесты...
Ад’ехалі, калі ўжо добра вечарэла. У карэце, падоранай князем, як вялікія паны. Калісьці Вырвіч марыў мець уласную карэту з гербам ды лёкаямі. У прыцемку экіпажа Пранціш бачыў толькі бляск вачэй і чуў перарывістае дыханне спадарожніцы... Ёй зноў страшна. Ягонай адважнай разумніцы... Хаця — ці ягонай, калі сэрца яе яму не належыць?
— Не бойцеся, Дамініка... Я не збіраюся скарыстоўваць вашу бяду... ніякім чынам.
Здаецца, правільныя словы выбраў? Таму што нявеста, захутаная ў падоранае дзядзечкам футра, нібыта з палёгкай выдыхнула, але зараз жа прамовіла ўдавана абыякава, але з дамешкам мімавольнай крыўды:
— Што ж, я рада, што ў пана не ўзнікаюць у адносінах да мяне ніякія куртуазныя намеры.
— Ну чаму ж вы лічыце, што я не магу ацаніць вашай прыгажосці і вартасцяў? — Пранціш стараўся гаварыць ветліва-паважна, каб не напалохаць зноў. — Проста ў нас з вамі, Дамініка, амурная гісторыя развіваецца неяк няправільна, з таго, чым іншыя заканчваюць. Калі вы захочаце, мы можам дамагчыся, каб наш шлюб прызналі нядзейсным. А можам паспрабаваць прайсці нашу гісторыю спачатку.
— Як гэта? — словы гучалі так разгублена, што Пранціш замілаваўся.
— А так... Пачнём са знаёмства.
Кароткі ўздых у цемры, недаверлівае хмыканне...
— Ну... Давайце пачнём. А то адчуваю сябе коткай у мяху, якую купілі на кірмашы, прынеслі ў хату, ды яшчэ не выпусцілі.
Здаецца, павесялела, зацікавілася.
— Хутчэй я — кот у мяху, які вам уручылі... Дазвольце прадставіцца — пан Пранціш Вырвіч з Падняводдзя, герб Гіпацэнтаўр. Застаўся старэйшым у родзе, які вядзецца ад Палямона. У Падняводдзі маю двор... Астатняе бацька спляжыў, пасек, папаліў і раздаў падчас высакароднага шляхецкага спаборніцтва з суседзямі, хто менш даражыцца багаццем. У дзяцінстве мяне будзілі стрэлам з пісталета ў столь. А яшчэ я навучыўся з бацькам араць поле — бо нам не было за што наняць сялянаў. Праўда, мы рабілі гэта толькі ў ботах і пры шаблі на баку, а значыць, урону шляхецкаму гонару не ўтваралася.
Пранціш гаварыў з іроніяй, даўно перарос юначыя перайманні за беднасць ды востры сорам ад мянушкі Гнаявік, якой яго шчыкалі ў Менскім езуіцкім калегіуме. І быў пэўны, што Дамініка з Гараўскіх, хаця й магла быць з’едлівай ды насмешнай, не будзе ім за беднасць пагарджаць. Гэтак жа, як быў упэўнены, што велягурыстасць ды вензеля, якімі ён прыкрашаў свае куртуазныя размовы з рознымі панечкамі, тут абсалютова недарэчы. З Дамінікай Гараўскай можна альбо шчыра, альбо ніяк. Любое пазёрства заўважыць ды высмее.
— А першы слуга ў мяне з’явіўся ў васямнаццаць гадоў, калі аднойчы па дарозе з Менска да Валожына каля мяне спынілася карэта, захляпаная гразёю... І важны пан, запытаўшы, колькі ў мяне з сабою грошай, прадаў мне за мой апошні медны шэлег свайго непакорлівага раба, доктара, зоркаведа і алхіміка...
— Няўжо пана Лёдніка?
— Яго самага...
А за доктара як трывожна... Але нічога, ён не з такіх сітуацый выбіраўся, ён жывучы, дый Раіна недарэмна карону святога Альфрэда ахвяравала...
Дамініка слухала расповеды спадарожніка пра ягоныя з Лёднікам прыгоды, як чароўную казку... Альбо раман. І Вырвіч, адчуваючы яе зацікаўленне, гаварыў, як Гамер, і раскручваўся світак прыгод. Незаўважна дайшло і да таго, што Вырвіч пачаў дэкламаваць уласныя паэтычныя сачыненні...
...Каралі, што чакаць навучыліся ў бронзавых снах,
Не раздзеляць з табою віно з дзьмухаўцоў і самоту.
Дождж змывае чырвоныя кроплі з абрусаў і плах,
Насалода і боль за труной ператворацца ў воцат...
І рука панны сама сабой апынулася ў руцэ яе нечаканага мужа.
Так жа смялей — калі ў цемры і невядомасці трымаешся за кагосьці надзейнага і вартага...
Полацак сустрэў сонейкам.
Шчырым такім, веснавым сонейкам, якое люстравалася ў водах Дзвіны, рассыпаючыся ў хвалях міглівым золатам... І спалі змрочным сном сутарэнні пад храмам Святой Сафіі, і маўчалі зняволеныя там кнігі, і дзіда Святога Маўрыкія ахоўвала горад...
А рукі ў Саламеі Лёднік дрыжэлі так, што не магла адразу разгарнуць цыдулку ад мужа. Паніч Аляксандр, як старэйшы мужчына ў сям’і пасля ад’езду бацькі, рашуча ўзяў пасланне і зачытаў.
Читать дальше