Падышоў з-за спіны Лёднік, схапіў былога гаспадара за плячо, шапнуў на вуха:
— Спадзяюся, ты ўсведамляеш, што робіш. Гэта сур’ёзна.
Куды ўжо сур’ёзней... Сцены закінутай капліцы, пабудаванай, яшчэ калі гаспадары маёнтка былі праваслаўнымі, злавесна цёмныя, у разводах. Вунь як старыя абразы са сценаў паглядаюць — дакорліва і ўрачыста, проста ў душу... Праўда, малявалі іх майстры мясцовыя, і за натуршчыкаў служылі мясцовыя ж мяшчукі ды сяляне.. Таму й пазіраў гэтак абнадзейваюча на землякоў святы Баўтрамей, рудавалосы, рудабароды, румяны...
Свечкі мігцяць, нагадваючы пра эфемернасць зямнога жыцця. Дзе ж там той святар?
— Галоўнае — вывесці Дамініку адсюль... — прашаптаў Баўтрамею Вырвіч. — Я прыму любое яе рашэнне — далей...
— Ёлуп! — Лёднік пацямнеў ад гневу. — Менавіта ты зараз павінен браць на сябе ўсе рашэнні. А ты падумаў, што гэты самадур Багінскі можа запатрабаваць, каб пацверджанне шлюбу дэ факта адбылося пры сведках? Тады не аб’явіш шлюб фіктыўным...
Такое сапраўды было ў звычаі. Адзін з Радзівілаў, яшчэ сватаючыся да дачкі менскага ваяводы Завішы, запатрабаваў проста на заручынах даць яму «прыемную зведаць пасцель» з нарачонай. І дазволілі, што паробіш, як пан Завіша сваю дачку ні шкадаваў, ні аберагаў... І прасціну з доказамі цнатлівасці нявесты гасцям паказалі.
— Не хвалюйцеся, пан Лёднік, — ціха прагаварыла панна Гараўская. — Я веру ў Госпада і ягоную волю. Я так малілася, каб за Г агарына не выходзіць, вось жа Гасподзь і пачуў... А далей Ён таксама ўправіць.
— Амін... — прамовіў Баўтрамей і перахрысціўся.
А вось і святар... Даволі малады і, па ўсім відаць, баявіты — звык ваяваць за свой прыход, каб ва ўніяцтва не змушалі пераходзіць, не зачынілі. Святару не вельмі падабалася, што яго прывезлі здзейсніць абрад шлюбавання ў вельмі падазронай кампаніі. Але ўжо тое добра, што храм, які пуставаў пасля таго, як гаспадар стаў каталіком, ажыў, і тут узносіцца маленне да Госпада...
Лёднік трымаў вянец над Вырвічам, над паннай Дамінікай — нейкая мясцовая дзяўчына, светленькая, сарамлівая, добра, што не княская фаварытка. Словы абраду гучалі ў маленькім храме нечакана гулка.
А потым да маладых са здзеклівай усмешкай на прыгожым сытым твары падышоў князь Багінскі, які, падобна, усё яшчэ лічыў, што змог хітра пакараць падманшчыкаў, змусіўшы ўсур’ёз ажаніцца.
— Ну што, віншую маладажонаў!
А былая панна Гараўская, ад сёння — пані Дамініка Вырвіч, адказала гучна і насмешна:
— Дзякую, дзядзечка!
Багінскі лыпнуў вачыма, не ведаючы, ці правільна расчуў, а калі правільна, як прыняць недарэчны жарт нявесты? А Дамініка працягвала гэтак жа ветліва-насмешна:
— Вы, вельмішаноўны дзядзечка, не ведалі, што мая маці — Антаніна Багінская, ваша старэйшая сястра, якая насуперак волі сям’і выйшла замуж за пана Валенты Гараўскага?
Твар князя пайшоў плямамі, як ад марозу.
— Не можа быць... Ну так, я чуў пра скандал у нашым родзе... Антаніну памятаю слаба — можа, некалькі разоў і бачыў, яшчэ ў дзяцінстве, яна нарадзілася ад першага шлюбу бацькі... А потым збегла з нейкім бедным шляхціцам, ды яшчэ праваслаўным, і сама веру змяніла. У сям’ і пра яе не гаварылі ніколі. Ну, так, здаецца, Гараўскі прозвішча...
Князь правёў рукой па твары, нібыта каб стрэсці морак.
— А чаму... ты... адразу мне не сказала?
Нядаўняя Гараўская ганарліва стаяла побач з агаломшаным мужам.
— А мы, вашамосць, ніколі і нічога ад Багінскіх не прасілі і прасіць не будзем! Яны нават калі мая пані-маці памерла, слова спачування не прыслалі. Так што, дзядзечка, і ад вас мне нічога не трэба, — голас нявесты ўтрымліваў такую дозу атруты, што доктар Лёднік лепей бы не намяшаў. Але азваўся і ён:
— Затое віншую, вашамосць князь Багінскі, вы па ўласнае волі і нават з зайздроснай настойлівасцю парадніліся з панам Пранцішам Вырвічам, які цяпер ёсць законным мужам вашай роднай пляменніцы!
І праўда... Вырвіч з цяжкасцю збіраў думкі, якія мітусіліся, як мурашы ў раскіданым мурашніку. Ён усё-ткі парадніўся з Багінскімі! Калісьці марыў дабіцца сястры князя, Паланэі, але мара так і засталася марай... І ажаніўся з яе... пляменніцай, выходзіць! Та-ак, цяпер ясна, у каго ў панны Дамінікі такі ўладны характар. Усе сёстры князя Міхала Казіміра былі амазонкамі.
Багінскі схапіўся за галаву, ажно ад парыка паляцела воблака пудры. Павярнуўся да свайго канфідэнта.
— Ватман, каб цябе халера! Чаму не папярэдзіў?
Разгубленае аблічча белавалосага волата сузіраць было надзвычай прыемна.
Читать дальше