Лёднік сціскаў аловак, як скальпель, і свідраваў паглядам палатно. Паўза зацягвалася.
— Давай, Бутрым, — падбадзёрыў яго ціхім шэптам на вуха Вырвіч, — ты ж крэсліць добра ўмееш!
— Чарцяжы — гэта ж не партрэт! — нервовым шэптам адказаў Лёднік. — У што ты зноў мяне ўкруціў!
Чакаць не выпадала, і Чорны Доктар рашуча намаляваў два авалы. Ну, галовы ж у людзей авальныя, ці не так?
Авалы былі раўнюткія. І лініі, якія пазначалі шыі, дасканалыя — хоць лінейкай правярай. Рука ў спрактыкаванага доктара цвёрдая.
На тварах з’явіліся вочы. Ад чаго падалося, што з палатна пазіраюць дзве савы.
Доктар дасканала ведаў будову чалавечага арганізма і мог намаляваць схему кожнай костачкі і ўнутранага органа.
Вось толькі чалавека намаляваць не мог. Прынамсі, так, каб не спалохаць гледача.
Пранціш ледзь стрымаўся, каб не ўчапіцца сабе ў кудзеры, схапіў другі кавалак вугалю і паспрабаваў дапамагчы доктару ў творчай справе. Абрысы шый трохі пакрывіліся, на тварах з’явіліся насы.
Ну, у прынцыпе, гэта былі насы. Бо Лёднік дакладна ведаў, як яны ўчыненыя і дзе знаходзяцца.
— А чаму вы не выкарыстоўваеце тое сваё прыстасаванне для вымярэння прапорцый? — лена папытаўся князь. Не забыў, трэба ж...
Што ж, хоць неяк час пацягнуць! Лёднік схадзіў па сумку, дастаў шлем Альбукасіса... І хутка расейскі палкоўнік Гагарын сядзеў з важным выглядам з механізмам маўрытанскага хірурга Альбукасіса на галаве і не падазраваў, наколькі ён тэарэтычна блізка ад таго, каб ператварыцца ў бязмозглага раба.
Лёднік круціў колцы на шлеме, адыходзіў, падыходзіў да мадэлі, прыжмурваючы вочы, штосьці хутка і змрочна запісваў на аркушы паперы, нібыта ставіў самы сумны дыягназ. Падобна, ягоная цікавасць была сапраўднай, але не мастакоўскай, бо даносілася мармытанне на лаціне «Цікавы ўзор брахіцэфаліі... Паменшаныя лобныя долі...»
І тут грымнула навальніца: паненка, пакуль жаніх таго не бачыў, энергічна скіравалася да палатна. Пранціш кінуўся, каб захінуць пудзілы, што лупіліся з белай паверхні, але дарэмна. Панна Дамініка неверагоднымі намаганнямі стрымала шчыры рогат, раптам схапіла вугаль і хуткімі ўпэўненымі штрыхамі — раз-раз, як праля бялізну пранікам шаруе, накідала абрысы ўласнага аблічча, потым — Гагарынскага... Вусны ў намаляванага князя крывіліся гэтак жа капрызліва, як у жыцці. Зірнула насмешна на Вырвіча, прыўзняўшы бровы, абцерла пальцы проста аб цёмную сукенку (дзікунка!) і вярнулася на месца.
Лёднік, пабачыўшы перамененым свой будучы шэдэўр, агаломшана паглядзеў на Вырвіча — ці не ў таго прачнуўся талент? Пранціш, чые шчокі чамусьці палалі, ціха буркнуў пра паненчыну ласку...
— Думаю, на сёння хопіць! — звонка абвесціла Дамініка. — Фарбамі няхай дамалююць заўтра.
І сышла, упарта пацокваючы абцасікамі, нават не азірнулася. Відаць, моцна замуж хоча за князя, раз дапамагла маляваць партрэт, з прыкрасцю падумаў Вырвіч.
І самы час быў знікаць з маёнтка як мага хутка і непрыкметна.
Накід гера Айсмана гаспадар дому і госць ухвалілі, хаця й пакрытыкавалі ўдосталь. Мастакі з усім згаджаліся і абяцалі выправіць, улічыць, удасканаліць...
І апынуліся ў пакоі, больш падобным да турэмнай камеры — усе выгоды, ложкі з пярынамі, а акенца ў дзве далані пад самай столлю, ды яшчэ густа забранае кратамі, і дзверы звонку на жалезных засовах. І два жаўнеры ў калідоры на варце. Мусіць, пан Гараўскі моцна баяўся, што падазроныя майстры выслізнуць, як вугры, а тады й патэнцыйны зяць знікне з канцамі, бы шэры журавель у самотным небе.
Перад сном вязні паспелі разы тры пасварыцца. Вырвіч і сам разумеў, што, каб прадставіў Лёдніка хоць картографам якім ці гандляром тытунем, ужо, магчыма, былі б яны сярод сваіх, у войску ягамосці гетмана Шымана Касакоўскага. Якога Лёднік, дарэчы, чамусьці не любіў, сцвярджаючы, што амбітны пан, калі павернецца справа іначай, і мундзір расейскай арміі можа апрануць, і з тым жа запалам пераследаваць былых саюзнікаў.
Але толку падпіраць дах, калі сцены абрынуліся. Пераначуем — болей пачуем. Не з такіх жорнаў выбіраліся...
Лёднік тужліва круціў у пальцах медальён з трыма ўкладзенымі ў яго цёмнымі пасмачкамі — Саламеі, Аляксандра і Сафійкі.
— Калі ўжо мая адысея скончыцца...
Вырвіч вінавата ўздыхнуў: гэта ж праз яго Лёднік павінен быў пакінуць сваю Пенелопу ў Полацку.
— Затое ў мяне ёсць шанец напісаць паэму пра авантуры ліцвінскага Уліса!
Бутрым нават зацікавіўся:
— І якія ж аналогіі будуць з гамераўскім варыянтам? Троі, здаецца, мы пакуль не спалілі?
Читать дальше