— А што ўзамен? — Бяскоўскі зухавата круціў у руках малаток, як гусар — кінжал.
— Я магу дапамагаць вам лячыць пацыентаў. Толькі не калечыць! Лекі рыхтаваць... — глуха прамовіў Лёднік. Дэ Вард зрабіў выгляд, што задумаўся.
— Дарагі месье Барталам’ю! Людзі, якім пашанцавала займець розум, талент і смеласць, самі выбіраюць, ці яны ваўкарэзы, што пасвяць статак, ці баранчыкі, якіх гаспадар можа стрыгчы ці зарэзаць. Вы сталі на бок баранчыкаў і выбралі сабе лёс раба. Альбо вы адзін з нас — альбо адзін з іх!
Дэ Вард паказаў рукой, знізанай пярсцёнкамі, на Гарганцюа.
— Я — не адзін з вас, — цвёрда прамовіў Лёднік. — Я моцна памыліўся, лічачы, што вы шчыра апякуецеся навукай. I рабіць аперацыі на мозгу больш не буду. Але даводзіць мяне да стану гэтага небаракі, — кіўнуў ён у бок нерухомага волата, — вам няма ніякай карысці.
Дэ Вард варухнуў густымі бровамі.
— Сапраўды, нішчыць такі розум і ўменні, як у вас, марнатраўства. Разумных рабоў варта добра карміць і прыстасоўваць да справы.
Барон прайшоўся вакол Лёдніка, аглядаючы, як купец — тавар.
— Расказвалі мне, як некалькі год таму нейкі містэр Айсман, хударлявы, чарнавалосы ды спрытны, выйграў турнір у Лонданскім байцоўскім клубе і на выручаныя грошы выкупіў таемную лабараторыю доктара Дзі... А яе мог знайсці толькі майстар, які адладзіць створаны доктарам Дзі механічны аўтамат у выглядзе лялькі. Пасля містара Айсмана расшуквалі за забойства ягонай каханкі лэдзі Кларэнс, а ён бясследна знік. А шкада, нам якраз дужа патрэбны добры механік, адладзіць старажытны механізм. Але, магчыма, Айсман і Лёднік — не такія ўжо розныя людзі...
Вось гад, здзекуецца — ведае дакладна, што Лёднік і быў тым Айсманам, і сапраўды адрамантаваў ляльку па імені Пандора, атрыманую ў спадчыну ад вялікага гетмана Міхала Казіміра Рыбанькі... Вось толькі лэдзі Кларэнс забілі зусім іншыя людзі... I ці не тыя, ад каго ў паскудніка дэ Варда гэтыя звесткі? I ці не прысутнічае Пранціш у якасці міжвольнага памагатага пры тым, як зашчоўкваецца хітра і доўга ладжаная пастка на адмысловага, але надта натурыстага майстра, лекара ды знаўцы навук таемных Баўтрамея Лёдніка? Барон не хаваў задавальнення:
— Што ж, месье Лёднік, не хочаце заставацца на баку гаспадароў — калі ласка, у рабы! Напішаце жонцы ліст, што адпраўляецеся заўтра на Яву... Шэвалье дэ Перэс, пацвердзіце пасля гэта.
Чарнявы шчуплы пан у вялізным парыку — галава як дзьмухавец — коратка пакланіўся. Пранціш успомніў, што нейкі доктар Перэс сапраўды мусіў раніцай адплываць у экспедыцыю.
— Вы знікнеце для ўсяго свету. Страціце імя і аблічча. Мы будзем называць вас... Як?
— Ды ён да Скарамуша падобны! — выгукнуў пагардліва шчакасты пан у раскошна вышытым камзоле — здаецца, банкір з Манпелье?
Вырвіч, каб у другіх абставінах, хіхікнуў бы — сапраўды, персанаж мясцовага тэатра масак Скарамуш, худзючы, насаты, чарнявы, задзірысты ваяка, на якога сыпаліся бясконцыя кухталі ды палачныя ўдары, страшэнна нагадваў полацкага Фаўста.
— Ну вось, месье Лёднік, як Скарамуш, вы назаўсёды застанецеся ў гэтым доме. А ваша сям’я, разам з нахабным маладым чалавекам, будзе мірна вас чакаць, потым забудзецца на збеглага мужа і бацьку... Затое шаноўны доктар захавае свае прынцыпы.
Лёднік упарта сціснуў вусны. Пранціш памятаў, як калісьці, калі доктар адмовіўся ад магіі, алхіміі і астралогіі, ягоны крэдытор пан Агалінскі цэлы год не мог ніякімі бізунамі і кухталямі змусіць неслухмянага раба складаць гараскопы.
— Я згодны. Толькі адпусціце хлапца і не чапайце маю сям’ю.
— Тады вы павінны самі вырашыць свой лёс. Здзелка мусіць быць сумленнай!
Па знаку барона звераваты слуга ў чорным балахоне з нашытымі залатымі змеямі з галовамі пеўняў паднёс Баўтрамею просты драўляны куфэрак.
— Ну, смялей, Скарамуш! — весяліўся барон, людзі ў зале ажно выцягнулі шыі, назіраючы драматычнае відовішча, як у тэатры.
Лёднік адкінуў накрыўку і на імгненне застыў. У куфэрку ляжаў разамкнуты жалезны ашыйнік.
— Можа, усё-ткі лепей — вялікія грошы, слава, тытул баранета, цікавыя навуковыя доследы, шыкоўныя ўборы для гожай жонкі і бліскучая адукацыя для дзетак? — мякка папытаўся дэ Вард. Пранціш замыкаў, як мог, заварушыўся, хоць сам не ведаў, што ў такой сітуацыі падказаць. У цёмных вачах Лёдніка мільгануў жах — Вырвіч ведаў, наколькі доктар, пабыўшы ўжо рабом, цаніў волю, — але рукі ягоныя не дрыжэлі, калі ён узяў з куфэрка ашыйнік і зашчоўкнуў яго на сваёй шыі.
Читать дальше