- Эй, зноў сьпіш?
Ён ачомваецца, прыспана глядзіць на Ўрубджура.
- На, падмацуйся бёргам, а то заўтра без абеду будзем, - стары працягвае місу зь едзівам. Алег зь неахвотаю ўпіхвае ў рот гарачы камяк, камяк пячэ паднябеньне, і даводзіцца прагна ўцягваць паветра, сьцюдзячы гарачую ежу.
- Бёрг гэты зусім як нашыя калдуны, - зазначае камісар, лена варушачы сківіцамі. – Толькі ў нас замест цеста бульба.
- Бульба? - насьцярожліва перапытвае Ўрубджур. – Бульба – знаю! Бульба – гэта картошка! - і, бліснуўшы ў цемры раскосымі вачыма, стары задаволена сьмяецца.
Пры канцы жніўня над Чорным стэпам абуджаюцца сухавеі. Подыхі гарачага ветру гоняць пыльную замець; пыл засьціць далягляд, размытымі чорнымі слупамі падымаецца ў неба; пыл рыпіць на зубах, дзярэ ў перасохлым горле, і няма ад яго паратунку на гэтай бязьмежнай, адкрытай усім вятрам прасторы.
Выпіўшы рэшткі вады з бутэлькі, гуртапраў агледзеўся. Пукаты пагорак, на які ўчора паказваў Урубджур, надзейным арыенцірам паўставаў сярод стэпавай роўнядзі. «Яшчэ два кілямэтры, і трэба будзе забіраць управа», - падумаў гуртапраў і, падганяючы маладога маркача, які адбіўся ад статку, бразнуў шарготкамі. Шарготкі – налыганыя на вяроўчыну накрыўкі ад кампоту - наводзілі жах на віславухіх. Вось і цяпер, пачуўшы бразгат, маркач пужліва падскочыў, наставіў рогі, брыклівым алюрам рынуўся да гурту.
Пылюка тым часам узьнялася неверагодная. Захінаючыся ад пылу, гуртапраў схіліў голаў набок ды так і застыў у непаразуменьні: праваруч, у мроіве жоўтай смугі, пустыннай патарочай паўставаў гэткі ж пяшчысты, парослы белым палыном, пагорак. Кроў горача падкацілася да скроняў. «Учора ж там пагорка не было! Няўжо заблукаў?» – гуртапраў працёр далоньню зацярушаныя вочы. Спадзявацца цяпер можна было толькі на Правакатара.
Казёл па мянушцы Правакатар па-ранейшаму ішоў наперадзе статка, саманадзейна трасучы адвіслаў барадою.
- ідзі, ідзі, братка! - прашаптаў гуртапраў, пераводзячы дых пасьля шпаркага бегу, і, каб не хзамінаць чарадзе, ступіў колькі крокаў назад. Штосьці суха затрашчала пад нагамі... Шукаючы апірышча, ён узмахнуў рукамі і пад роспачны бразгат ахвяраваных Урубджурам шарготак паляцеў долу. Моташная болесьць працяла калена. «Куды гэта я?» – адно і пасьпеў падумаць гуртапраў, як нешта тупое і важкае абрынулася на голаў, на момант затуманіўшы сьвядомасьць. Галава шалёна круцілася, і нейкая цёплая варушкая маса ціснула да зямлі, не давала прадыху. З астатніх сіл ён скінуў зь сябе цяжар, і ў той самы момант яго званітавала.
Надрызна, з глухім прыдыханьнем бляяла авечка. Жывёліна балюча ступала між лапатак, тыцкалася пысай ў скрываўленую скронь, павяваючы ў твар кіславатым пахам аўчыны. Кружылася галава і нясьцерпна хацелася піць.
- Мамачка! - прастагнаў гуртапраў, калі расплюшчыў вочы і зірнуў на акравак барвовага неба. Сьвет патанаў у чырвоным тумане – туман ліпнуў да твару, пухкаю ватай закладваў вушы, і барвовыя хмары над галавою гатовыя былі абрынуцца крывавым дажджом.
Кроў засьціла вочы. Ён паспрабаваў падняцца, але адзінае, што здолеў, гэта прыўзьняць голаў і абаперціся плечуком на сьценку ямы. Паволі церусіў пясок. Тонкія цуркі, нібыта струменьчыкі пясочных гадзіньнікаў, сьцякалі на дно ямы, і нечаканая думка, пакінуўшы боль у калене і моташнае галавакружэньне, працяла затлумлены розум: чый час яны лічаць?
- Мамачка! - шапнулі сасьмяглыя вусны.
- Ммэ-э! - азвалася пад бокам авечка.
Здаровай нагой ён адсунуў авечку ўбок і адчуў раптам, як штосьці агідна-пачварнае паўзло па грудзіне. Ён часта заміргаў, прымружыўся і, убачыўшы перад носам вялізную пяшчаную гадзюку, ізноў, ужо з дрыготкаю ў голасе, выдыхнуў:
- мамачка!
Валасы падняліся на галаве, разьбітая нага нэрвова тузанулася, а вужака, выпусьціўшы з рота падвойны язык, спаўзла па зьнямелай руцэ на дно яміны. Забыўшы на боль, ён сьцягнуў з нагі акарэлы Ўрубджураў бот, упіхнуў руку ў халяву, штосілы ўдарыў па разамлелай ад сьпёкі гадзюцы. Гадзюка злавесна сыкнула, а ён, ужо ніччога ня бачачы навокал, апантана лупіў і лупіў па агідных кольцах, што віліся ля ног.
Скрозь аднастайны шум у вушах порарываецца густы Базевічаў барытон.
- Вы дарэмна фанабэрыцеся, Сарокін. Цяпер, калі Георгі Максімільянавіч пайшоў на пэнсію, фанабэрыя гэтая можа вам нашкодзіць.
Жахам павявае ад ільсьняна-вільготных сьцен, ад зялёнага абруса на стале, ад патаемнай усьмешкі бялявага маладзёна, што сядзіць пры канцы стала, штосьці рупліва занатоўваючы ў сшытку. Ачуцца, пазбыцца насланьня, вырвацца з абдоймаў гэтых ільсьняна-жахлівых сьцен. Цела ягонае працінаюць дрыжыкі. Каб неяк утаймаваць дрыготку, даводзіцца запіхваць далоні пад напятыя сьцёгны. Алесь сядзіць поруч, таксама дрыжыць, і толькі Гек захоўвае спакой, выгодна раскінуўшыся ў мяккім крэсьле.
Читать дальше