... У пляшчы яшчэ заставалася гарэлка, калі бразнула шыба і нехта знадворку ашалела закрычаў:
- Студэнтаў б’юць!
Гек ускочыў з-за стала, скінуў на падлогу недапітую бутэльку, цяжка затупаў па масьнічынах.
- Гек, пачакай! - крыкнуў ён сябру і рынуўся сьледам. Зьляцеўшы з ганку, ён прыпыніўся, наструніў слых, і да сьвядомасьці ягонай даляцеў незнаёмы голас:
- Гарбату будзеце?
Ён прыслухоўваецца да цьмяных зыкаў: перастуку вагонных колаў, бразгату шклянак, да прагнага, з уздыхамі, пасёрбваньня. Ну так... гэта Алесь п’е на кухні гарбату.
- Дык, можа, яшчэ што засталося? Кніжкі якія, падручнікі? - чуецца з кухні прыспаны Алесеў голас.
- Аво-ой! Мужчыны ў вайну ўсё на папяроскі пусьцілі. Толькі гэтая ксёнжка і засталася, - бабуля Куліна грыміць засланкай. – як ужо тую школу арганізавалі, Васіль у Вільню паехаў, па падручнікі. Чалавек той і даў яму ксёнжку.
- А што, Васіль жывы яшчэ?
У хаце становіцца ціха, толькі і чутно, як тахкаюць ходзікі ды гудзе агонь у коміне.
- У трыццаць трэцім падаўся ў Саветы. Так і згінуў недзе.
Шэры паўзмрок пануе ў хаце, і ў гэтым паўзмроку неверагодна прыгожымі здаюцца малінавыя адбіткі агню, што бягуць па белай фіранцы. Рыпіць тапчан. Гек падымае ўскудлачаную галаву і, жаласьліва войкнуўшы, панурваецца тварам у падушку.
- Хто гэта мяне біў учора? - здушана пытаецца Гек, не адрываючы твару ад падушкі.
- Вы што там, «На дне» рэпеціруеце? - гукае з кухні Алесь. – Ідзіце, сьвятаяньніку сёрбніце. Дапамагае.
- Мне можа дапамагчы толькі піва, - гек гучна крэкае. – Учора, як у краму ішлі, верш склаўся, а сёньня ані слова ня памятаю... Во гарэліца!
- Маладыя хлопцы... і навошта піць! - устаўляе слова бабка Куліна. – Будзе вам, як нашым мужчынам. Тыя ўжо зусім пашалелі...
- А ты хіцёр, Александзёр! - крычыць Гек, перабіваючы бабчынае буркаценьне. – Пакуль мы баранілі гонар інстытуту, ты адседжваўся каля печкі.
- Што зробіш, абдзяліў Бог здароўем, - Алесь выплывае з паўзмроку, трымаючы ў руцэ нейкую шарую кніжку. – Гляньце6 што знайшоў... «Граматыка» Тарашкевіча. З ахвяравальным подпісам аўтара.
Гек паварочваецца да сьвятла, мружыць вочы: - «Кіраўніку Бярозаўскай ТБШ Васілю...»
- Васіль – брат акуліны Іванаўны. Загінуў у трыццатых.
- Але-э! Былі людзі, душу народную ратавалі, - Гек сьцярожка гартае старонкі. - Толькі ж дарма ратавалі... Абмямяў народ душу на куфаль піва.
- Навошта ж так катэгарычна. Я, напрыклад, піва ня п’ю, - Алесь сёрбае адвар сьвятаяньніку. – Скажы лепш – чым ты...
- Чым я розьнюся ад тых мэханізатараў, зь якімі ўчора біўся?
- Вось-вось.
- А я што... – Гек падымае з падлогі свае зашараваныя джынсы, - я – прадукт свайго часу.
- Ну, то ўставайце, прадукты. А восьмай трэба быць ля клюбу.
Дзьверы купэ з грукатам расчыняюцца, і абуджаны камісар прыўзьнімае голаў.
- Сьпіш, гвардзеец?! - гукае чырванатвары таўстун, міргае яму сьлязьлівым вокам і, плюхнуўшыся на лаву, пытае: - Што пішуць?
На доле бразгаюць шклянкай, натхнёна паведамляюць:
- Сьмелы артыкул!
Камісар зірнуў долу.
На ніжняй паліцы сядзеў лысаваты, падобны да актора Ралана Быкава пасажыр, барвова-ўзмакрэлы нос якога неадрыўна блукаў па радках вальнадумнага артыкула. Працёршы вочы, камісар прачытаў назву: «Куды падзеліся мужчынскія баваўнянапапяровыя шкарпэткі?»
- Разьвялося пісак! - прабурчэў таўстун і, нібыта дэманструючы лысаму свае бліскучыя, перашытыя са старых халяваў боты, закінуў нагу за нагу.
- А чым вы, уласна кажучы, незадаволены? - запытаўся лысы, разгарнуўшы ўшыркі газэту.
Уладальнік хромавых ботаў ляснуў далоньню па стале, і шклянка зь недапітаю гарбатай спалохана дзынкнула.
- Старую гвардыю з арміі звольнілі, смаркачоў панабіралі, а потым схапіліся за галовы: «Аяяй, што нарабілі!». – Маналёг гэты быў відавочна не па тэме7
- А вас што, таксама закранула гэтае, так бы мовіць, скарачэньне штатаў?
Заўчасна зволены ў запас працяў лысую галаву падазроным позіркам.
- Аб тым, што вам трэба ведаць, вам паведамяць! І ня трэба задаваць лішніх пытаньняў.
- Такім, як вы, сапрыўды не пазайздросьціш, - не застаўся ў даўгу суразмоўнік, - рабіць жа нічога ня ўмееце. Адно і можаце, што глотку дзерці...
На сківіцах былога вайскоўца зварухнуліся жаўлакі, вушы ягоныя драпежна натапырыліся, а сьлязьлівыя, дарэшты звар’яцелыя вочы наліліся крываваю барвай. Ад такога відовішча лысы змарнеў, сьцяўся, пужліва прыкрыўся газэтай.
- Хто... хто даў вам права плявузгаць на нашую армію? - тонам, якому пазайздросьціў бы і пракурор Вышынскі, запытаў былы вайскоўца і, суцішыўшы голас да невыразнага сіпу, дадаў: - я ж магу вамі і пацікавіцца...
Читать дальше