Зрэшты, футбол ня толькі лагодзіў суседаву душу, але й даваў нейкую капейчыну. У далёкай маладосьці Хрушч займеў кваліфікацыю судзьдзі рэспубліканскай катэгорыі, і цяпер судзіў футбольныя матчы мясцовых каманд. За кожнае такое судзейства плацілі адзін рубель і, адбегаўшы тры гульні, можна было заробіць на пляшку гарэлкі. Калі сусед зьяўляўся на полі, нешматлікія гледачы гамузам сьвісталі, гукалі: “Хрушча на мыла!”— ды той не крыўдаваў, да таго ж сьвісталі і крычалі сябрукі, зь якімі ён пасьля гульні ладзіў бяседы.
У тыя дні, калі па тэлевізары не паказвалі футбольных матчаў і не было каго судзіць, Хрушч не знаходзіў сабе месца. Ён прагнуў кульнуць чарку, але грошай не было, і небарака блукаў па двары, спрабаваў гуляць з намі, падшывальцамі, у футбол, распавядаў дваровым цёткам розныя глупствы, і самым папулярным словам у ягоным лексыконе было слова “бутэлька”.
Такой парой Хрушч часьцяком заходзіў да нас каб патэлефанаваць нейкаму Дадону.
— Дадон? — гукаў сусед непракерханым голасам і мая маці, у якой увесь час балела галава, беспакойна варочалася на ложку. — Ты што, сьпіш? — абураўся ў тэлефонную слухаўку Хрушч, пасьля чаго лагодным голасам дадаваў: — І без бутэлькі?
— Во п’янтосы, — шаптала маці, а Хрушч, керхануўшы ў жменю, вясёлым голасам працягваў: — Дык што за сон — без бутэлькі?.. Вазьмі, як чалавек, бутэльку... Што? Няма бутэлькі? Ну, дык трэба прыдумаць...
І вось гэтаму самаму Хрушчу я і заехаў грамафоннай кружэлкай у лабешнік.
Кружэлкі мы пускалі з даху пяціпавярховіка. Былі яны важкія, на 78 абаротаў, вытворчасьці Ўсесаюзнага дому гуказапісу. Шпурнеш такую з вышыні — яна і ляціць мэтраў трыста, а то й болей: балазе, перад домам была вялікая пустка. Ну і, вядома, спаборнічалі — хто далей запусьціць.
Аднойчы мы ладзілі спаборніцтва з Валерам Белкіным. Валера, разагнаўшыся, шпурнуў кружэлку з запісам Клаўдзі Шульжэнка, і пры гэтым ледзь не зваліўся з даху. Я быў больш асьцярожны, а таму пусьціў свой лятак ня надта ўдала: набраўшы вышыню, кружэлка з запісам сымфанічнай аркестры пад кіраўніцтвам Самуіла Самасуда пайшла ўправа, а калі мы падбеглі да краю пляскатага даху, дык убачылі вусьцішную карціну: на ходніку ляжаў Хрушч, а вакол яго, па эліптычнай арбіце, наразаў колы шпурнуты мною лятак.
Мы сіганулі ў паддашкавы люк, зьбеглі долу і ў дзьвярох пад’езду пачулі працяглы жаночы воклік: — Хрушча забілі-і!
Непрыемны халадок убіўся ў грудзіну, ногі зрабіліся ватнымі і я адчуў у той момант дзіўнае пачуцьцё: пачуцьцё свабоднага палёту.
Потым мы блукалі зь сябрам па дзьвінскім беразе. Сябар, як мог, супакойваў мяне, казаў, што Хрушч — дзядзька дужы, кружэлкай яго не заб’еш, а я парывіста ўздыхаў і, ня ведаючы, як пазбыцца жахлівай чмуры, няўцямна мармытаў: — Зьбягу на Далёкі Ўсход... Там мяне ня знойдуць.
Адвячоркам на футбольным полі — яно месьцілася непадалёку, на разьлеглай абалоні, — глуха запокаў мячык і зялёны прасьцяг пазначылі чырвоныя ды белыя фігуркі.
— ЦЭЦ з аўтабазай гуляюць,— суцішна прамовіў сябар і таксама ўздыхнуў.
Гэтым разам матч судзіў нейкі таўстун у чорным швэдры, які бегаў па полі, сьмешна адкідваючы тлустыя ногі, і штохвілі дзьмуў у сьвістульку. Гледачам судзейства відавочна не падабалася, і кожны пошчак судзейскага “салаўя” патанаў у зычным сьвісьце і абураных воклічах заўзятараў.
— Што ён судзіць! — скалануў прасьцяг сіпаты голас і дыханьне маё перахапіла спазма пякучай радасьці: пасярэдзіне доўгай, зьбітай з аполкаў лавы, сядзеў наш сусед і голасна гарлаў: — Які афсайд?! Ён на сваёй палове быў!
Галава суседава была забінтаваная і павязка па-пірацку прыкрывала левае брыво.
— Хто гэта Хрушча пачаставаў? — даляцела неўзабаве да нашых вушэй і мы наструнілі слых.
— Па п’янцы ўгрэлі,— адказаў заўзятар, што сядзеў на траве з пляшкай “пладова-ягаднага” ў руках. — Судзіць не паставілі, дык вунь як усхадзіўся. Кожны дзень меў па два рваных... Цяпер во сядзі з пабітай галавой...
Я стаў сачыць за гульнёй і праз хвіліну адчуў, што на полі чагосьці не хапае. А яшчэ праз хвіліну за цэцаўскімі брамамі голасна чхнулі, мацюкнуліся й адчайдушна галёкнулі: — Хрушча на поле!
— Хрушча давай! — вырвалася адразу зь некалькіх глотак і таўстун, расхваляваўшыся, прызначыў штрафны ня ў той бок, куды трэба.
— Белых мячык, Андзюліс[ 1 1 Футбольны рэфэры. У 1965 годзе судзіў фінальны матч розыгрыша Кубка СССР паміж маскоўскім “Спартаком” і менскім “Дынама” і, на думку беларускіх заўзятараў, дазволіў спартакаўцу Хусаінаву забіць гол са становішча па-за гульнёй.
] ё...ы! — натужна вылаяўся сусед, заўзятары пачалі скандаваць: — Хру—шча! Хру—шча! — а нейкі падпіты дзядзька выдзер зь зямлі кутавы сьцяжок і пабег зь ім уздоўж лініі поля, патрабуючы замены судзьдзі. Гульцы спыніліся, пачалі аб чымсьці спрачацца, і таўстун даў сьвісток аб сканчэньні першага тайму.
Читать дальше