Жаночая аўдыторыя доўга шалела, мая суседка ад захапленьня нават сьціснула рукамі пахвіньне, а мы з сябрам суцішна мацюкнуліся і, абхаднымі дарогамі, рушылі на сцэну.
У дзьвярох, якія вялі на сцэну, сутыкнуліся з Абадзінскім. У сьпевака, як я заўважыў, быў круглявы твар і пукатае чэрава, якое прыкметна вымалёўвалася пад аксамітнай канцэртнай апранахай. Абадзінскі бег, відаць, пераапранацца, а ззаду за ім шыбаваў, прыпадаючы на правую нагу, ударнік зь ягонага аркестру. Паміж сьпеваком і ўдарнікам адбываўся наступны дыялёг:
Ударнік: — Валера, когда вернёшь червонец?
Валера: — Да что ты заладил... Вернёмся домой — отдам червонец, да ещё и чувиху приведу...
Мяне, маладога летуценьніка, такі прагматызм у дачыненьні да жанчын папросту ашаламіў; я застыў у нерухомасьці і хтосьці з работнікаў сцэны, які выносіў вялізны бубен, усьпёр той бубен мне на галаву.
А потым ён зьнік. Песьні ягоныя ўжо не круцілі на вечарах і танцпляцоўках, плякаты з размашыстым надпісам “Поёт Валерий Ободзинский” больш ужо не ляпілі на платах і рэклямных тумбах, і пра сьпевака пачалі забывацца. Апошні раз ён даў аб сабе знаць, запісаўшы, падчас дубляваньня амэрыканскага фільма “Золата Макены”, песьню пра грыфа. У адрозьненьне ад песьні пра зайцаў, якую сьпяваў Юры Нікулін, песьня пра грыфа нікога ня ўразіла, а таму і не займела сваёй “саракапяткі”.
Пасьля таго «кароль эстрады» зьнік канчаткова. Пра яго нават не згадвалі — толькі аднойчы, пры канцы сямідзесятых, прайшла чутка, што Абадзінскі канчаткова сьпіўся і, зрэдзьчасу, сьпявае ў адным з сочынскіх рэстаранаў.
Напярэдадні пахвалёнай Перастройкі я гасьцяваў у Піцеры, у стрыечнага брата, і пэўнага дня, разам з братам і братавым сябрам Лёвам Журавіным, выправіўся ў Царскасельскі парк. Там падхапілі трох хахлушак з Крывога Рогу («прыйіхалы на экскурсію») і павялі іх у рэстарацыю, што месьцілася на беразе Кацярынінскай сажалкі. Укінуўшы па чарцы, хлопцы гукнулі кельнэру, каб той завёў які музон і неўзабаве пад высокімі скляпеньнямі залунаў знаёмы голас: “Три-и ме-еся-а-ца-а лета-а, три-и ме-е-ся-аца-а осе-ень...”
Пры першых жа акордах братан скрывіўся, як ад зубнога болю, і здушана крыкнуў: — Да вырубите вы, ради бога...
Пасьля таго засьпяваў Малежык, і адна з хахлушак неакрэсьлена запытала:
— А дэ він тэпэр?
— Хто? — перапытаў брат.
— Ободзінські.
— Працуе, вартаўніком на складзе, — прамармытаў Лёва Журавін, нетаропка жуючы шашлык.
Усе паглядзелі на Журавіна.
— Вартуюць, яшчэ з адным алкашом, склад галянтарэйнай фабрыкі.
Я тым словам ня даў веры, а праз шмат гадоў, уключыўшы тэлевізар, убачыў на экране хваравіта тоўстага чалавека, які распавядаў, як ён, застаўшыся без капейкі, быў вымушаны пайсьці працаваць вартаўніком на фабрыку. “Я і там сьпяваў, — казаў мужчына, — вып’ем, хлопцы папросяць, я ім і засьпяваю пад гітару.”
Я глядзеў на экран і не даваў веры ўласным вачам. Няўжо гэты азызлы таўстун — той самы Валеры Абадзінскі, пад салодкія сьпевы якога прайшла мая маладосьць, чые кружэлкі закручвалі да ікоткі і на канцэртах якога здушана плакалі жанчыны? Неўзабаве таўстун узяў мікрафон, засьпяваў і па целе маім прабегліся нэрвовыя дрыжыкі. На тле навачаснай безгалосіцы аксамітны тэнар падаўся мне голасам зь нябёсаў.
Летась, выходзячы з рэдакцыі наваполацкай “Новай газэты”, у якой давялося змарнаваць сем гадоў жыцьця, пачуў “Усходнюю песьню”. Яна далятала аднекуль з парку, і я міжволі прыцішыў крок.
— Абадзінскі, — з гордасьцю ў голасе паведаміў я дзяўчыне, якая таксама працавала ў рэдакцыі і зь якой мы разам ішлі на абед.
— Памёр нядаўна, — з уздыхам прамовіла дзяўчына.
— Як памёр? — пралепятаў я і толькі тады ўцяміў недарэчнасьць свайго пытаньня.
— Памёр... па тэлевізары казалі.
На твары маім, відаць, адбілася нешта такое, што прымусіла дзяўчыну пасур’ёзьнець і ціхім голасам запытацца:
— Ён што, быў вашым сваяком?
— Ён быў часткай майго жыцьця, — адказаў я праз хвілю і дзяўчына пасьміхнулася, палічыўшы, відаць, што людзі майго веку схільныя да сэнтымэнтаў.
З ночы горад накрыла непраглядная смуга. Шэрая дарога зьлівалася з туманам, не было бачна нават пункціру разьметкі, што звычайна мякка клаўся пад колы, і здавалася, што аўтобус плыве ў густым паветры ўздоўж шырознай і пустэльнай Лайм-стрыт. Вочы зацята глядзелі наперад, спрабуючы ўгледзець прывідную мяжу, дзе туман ператвараецца ў брукаванку, рукі сьціскалі гарачы навобмацак руль, і здалося на міг, што насустрач аўтобусу, засьцячы цьмянае сьвятло, размытай аграмадзінай ляціць Лівэр-білдынг. За сьпінай, у салёне, спалохана закрычалі, нага машынальна націснула на понаж, і Гаральд прачнуўся. За сьценкаю, амаль на ўсю шпулю, грымеў радыёпрыймач.
Читать дальше