Прызванне паэтаў — вырошчваць рэха.
Мастацтва, якое толькі гаворыць, спусташаецца, выраджаецца.
Гукапіс — у рэху, рытм — у рэху, твор арганізуецца рэхаючы.
Калі шукальнікі скарбаў даследуюць сховішча, яны раяцца з рэхам. Запытаюцца — паслухаюць. Часам запытаюцца гучна, часам ледзь-ледзь, намёкам.
Паэт таксама пытае і слухае.
Мова і ён у дыялогу.
*
Верш закручваецца, як стужка Мёбіўса: што ў ім унутранае, а што вонкавае, што форма, а што змест? Усякае размежаванне спрашчае, усякі падзел разбурае жывую вібрацыю сэнсу, якая ўзнікае дзякуючы гэтаму суаднясенню: верш набывае мову праз яе.
*
Паэзія траціцца, калі творыцца па аналогіі, па традыцыі, па майстэрстве — з матэрыі вядомай, і адраджаецца, калі — з невядомай: па адкрыцці, па невыказнасці, па немагчымасці.
Думка абмяжоўвае. Наколькі адкрывае, настолькі абмя-жоўвае. Чым больш адкрывае, тым больш абмяжоўвае.
Разумнае абмежавана, адкрыццё неразумнае.
*
Калі альпініст караскаецца на строму, ён намацвае і даследуе на шляху кожную выемку, кожны выступ. Але, пераадолеўшы іх дзякуючы ім жа, ён не абавязаны пра іх памятаць, наадварот — ён мусіць іх забываць, каб памятанне пра іх не замінала яму намацваць і даследаваць новыя выемкі і выступы, не замінала ўздымацца вышэй.
Веды таксама ў пераадоленні; яны — тыя ж выемкі і выступы: набытыя, яны пазбываюцца, знойдзеныя — застаюцца ў пройдзенасці.
*
У тэкстах існуе пазатэкст, у тэмах — пазатэма: нішто не месціцца ў сабе, але - у вылучэнні.
Ключы ад хаты ляжаць не ў самой хаце.
Вядро ставіцца каля студні.
Акупунктурныя кропкі тых ці іншых участкаў цела рассеяны па ўсім целе.
Без удзелу такіх «кропак» любыя тэксты і тэмы — з'ява перыферыйная.
*
Словы ў вершах шукаюць сваіх антаганістаў, сутыкаюцца і спрачаюцца з імі, каб перамагчы падзел, мяжу, раз'яднанне, каб стаць поўнымі і цзласнымі.
*
У розных мовах словы асвойваюцца па рознаму, свае — па-рознаму.
На адной мове — хлеб, і на другой — таксама... Але ўсё роўна гэта не тыя самыя, не аднолькавыя словы. Аднолькавымі яны становяцца, калі выпісваюцца з моўнага поля: па-за адной мовай — хлеб і па-за другой — таксама.
У албанскай мове, паводле мовазнаўчых высноў, на дзевяць дзесятых словы запазычаныя, на восем дзесятых — у армянскай мове, і недзе палавіна ангельскіх слоў — таксама запазычанні...
Але тым не менш гэтыя «іншаземцы» арганічна ўпісаліся ў мовы, якія іх прынялі.
Мова напаўняе словы, як позірк — зрэнку: напаўняе сабой.
У кожным слове жыве дух усёй мовы.
Смак «хлеба» і «хлеба» неаднолькавы.
*
Мастацтва не мае свайго абсягу, ён рассяроджаны ва ўсёй рэчаіснасці. Вобразы і тэмы аточваюць мастака, як вірусы. Звычайна яны не заўважаюцца, не бачацца, як бы адсутнічаюць. Для таго каб яны згусціліся, аб'явіліся, урэчаісніліся, мастак мусіць для іх зрабіцца безабаронным і ўспрымальным, мусіць «захварэць».
*
Як бы адмыслова ні складваліся дровы для вогнішча, праз гэта яны не запаляцца.
Умельства мае справу з дровамі, творчасць — з агнём.
Яна заўсёды выключэнне з правілаў, выключнасць і адбываецца праз парушэнне. Правілы, абавязковыя для ўмельства, на яе не распаўсюджваюцца: агонь сам ведае, як яму гарэць.
Але каб магло выказацца ш т о, мае быць праз што:у творчасці — умельства, у агню — дровы.
*
Не ўсё можна ўраўнаважыць, не ўсё можна ахапіць сярэдзінай. I ў творчасці, і ў самім чалавеку ёсць такія зоны, якія спасцігаюцца якраз краямі, крайнасцямі, адхіленнямі.
Сярэдзіннае меркаванне не сінтэзуе два дынамічныя краі, а сунімае: маятнік, ураўнаважаны на сярэдзіне, спыняецца.
Паскаль пісаў, што прынцыпы падтрымліваюць не самі сябе, а абапіраючыся на іншыя, наступныя.
Не праз ураўнаважанне, а праз выхад у новую сферу, у новую глыбіню, у новы прынцып, праз стварэнне новай няпростасці краі сапраўды пагаджаюцца, сапраўды сінтэзуюцца.
*
Мастацтву ўласціва нейкая няпростасць, іншамер-насць, якая не паддаецца канчатковаму засваенню і тлу-мачэнню. Дзякуючы ёй твор уваскрашаецца і перажыва-ецца нанова.
Крывое карэнне самае простае для таго, каб быць менавіта карэннем.
Пакручастая рэчка самая роўная для таго, каб быць менавіта рэчкай.
Іншамернасць — уласцівасць жывога.
*
Верш праяўляецца як водгук, ён моцны моцай водгуку. Паэт гаворыць адгукаючыся: ён мае ўласцівасць, здоль-насць, радарнасць чуць тое, што іншых прамінае, не кранаючы.
На зерне, якое ўпала ў яе, ралля адгукаецца рунню.
Читать дальше