На ўдары крэсіва крэмень адгукаецца іскрамі.
Калі Блоку пераставала чуцца музыка свету, ён не мог пісаць вершаў.
Слова ў паэзіі як бы нанова набываецца, як бы нанова вяртаецца — яно апладняецца водгукам.
*
У мове ўтрымліваецца намаганне; дзякуючы яму яна пастаянна «моўная», пастаянна «менавітая»: яна сама, паводле сябе самой, дае імёны ўсім рэчам і з'явам.
Мове нельга спрыяць звонку — як папіхаецца воз, калі каню цяжка, як корміцца з рук сабака: намаганне мусіць адбывацца спаўна. Няспоўненае — яно паслабляецца, неадбытае — марнуецца.
Мова бытуе намагаючыся.
*
Чалавек, творачы, ужо больш, чым сам, ужо далей, чым тут. Ён, як антэна, змястоўны не сабой, а пазасабовасцю. I чым менш у ім самога сябе, яго самаснасці, тым больш ён чуйны, тым больш востры, тым больш ён усё, увесь Сусвет.
У вастрыі матэрыя не збядняецца, а ўзбагачаецца — усёйнасцю, усюднасцю. Творчасць і ёсць гэтае вастрыё, гэтае выйсце па-за: у ёй чалавек знаходзіць сваё імя і жыхарства.
Антэна, дастатковая сабой,— сапсаваная.
На вастрыях чурлёнісаўскіх пірамід ззяюць сонцы.
*
Словы, якія аб'ядноўваюцца ўтэкст, умеюць апынацца там, дзе ім неабходна, умеюць знаходзіць свае «пазіцыі», умеюць сябраваць і варагаваць.
Гэта як хімічная альбо, хутчэй, алхімічная рэакцыя, калі з разнастайных рэчываў і працэсаў утвараецца нейкае новае рэчыва. Якое? Алхімік мае на мэце найбольшае — золата, філасофскі камень, эліксір неўміручасці альбо нават тое, пра што загадзя і сказаць не выпадае: нейкую незвычайнасць. Усё папярэдняе, таннейшае яго не прываблівае.
«Алхімія слова» — назваў Ян Парандоўскі сваю кнігу пра творчасць.
Яна — тое, што не дазваляе задавальняцца папярэднасцю, другаснасцю, «хімічыць» па трафарэтных рэцэптах, дзе ўсё абмежавана — і задача, і сродкі.
*
Гавораць: літаратура пабагацела на яшчэ адзін раман пра сучаснасць, на яшчэ адну «дарожную» нізку вершаў... Але падобным чынам багацеюць толькі фікцыі і кучы друзу, у якія што ні дадасі — усё больш.
I, магчыма, ёсць сэнс гаварыць, што ў пэўным часе літаратура пабяднела на яшчэ адзін раман пра сучаснасць, на яшчэ адну «дарожную» нізку вершаў.
*
Праз матэрыю досвітку свет бачыцца досвіткавым, праз матэрыю дня — дзённым і начным — праз матэрыю ночы. I ўсякі раз ён па-свойму праўдзівы, па-свойму змястоўны, па-свойму непаўторны.
Намагаючыся «прасвятліць» начное, не набліжаем яго, а наадварот — аддаляем і страчваем.
Няхай «знаўцы» пагасяць газоўкі сваёй дасведчанасці: магчыма, тады яны змогуць заўважыць тое, што пры іхнім набліжэнні непазбежна знікае,— паэзію.
*
Дзве герметычнасці: адна ад таго, што гаворыцца «інакшае па-інакшаму», другая — што гаворыцца «тое самае па-таясамаму». Абсягі адной ідуць у пазасветы, абсягі другой ляжаць на паверхні, абмежаваныя сваёй абмежаванасцю.
У адну цяжка ўвайсці, з другой цяжка выйсці; адна не хоча ўпускаць, другая не хоча выпускаць; адна вядзе, другая спыняе.
Але абедзве патрабуюць: адна - намагання, другая — ненамагання.
*
Кожная наступная прыступка ў лесвіцы — яе завяршэнне і яе працяг. Структура верша як структура лесвіцы: самая верхняя прыступка прадбачыць яшчэ вышэйшую...
Верш плённы прысвячэннем у нешта — у інакшае светаадчуванне, інакшую светабудову; без гэтага «нешта» ён не здольны адхінуцца ад долу.
Да паэзіі не стасуюцца «чытачоўскія» адносіны: чытан-не, калі яно не ёсць прысвячэнне,— бязмэтны занятак.
Лесвіца ставіцца, каб дасягнуць таго, што па-за ёй.
*
Мовы мяжуюць не як плоскасці, а ўзаемапранікаючыся сваімі пазамі і выступамі, як растапыраныя пальцы рук. Яны дапаўняюцца і тлумачацца адна адной.
*
Як жывая істота сваім біяполем, мастацтва апяразвае сябе канцэпцыяй сябе, транскрыпцыяй, што такое яно, тлумачэннем, у кірункуда чаго яно адбываецца.
Усялякая канцэпцыя плённая датуль, пакуль яна здатная рухацца і змяняцца. Зацвярдзелая — яна замінае жывому, становіцца перажыткам. Акалі абіраецца вежай для назірання, то пачынае выкрываць і самое мастацтва: яно, маўляў, заўсёды не туды... Затое «ніякасць» і «таясам-насць» пярэчанняў у яе не выклікаюць: яны заўсёды туды...
*
Традыцыя — сувязь, доўгае «замыканне»: для яе абавязковыя два цэнтры адліку, два асяродкі творчасці. Яна не існуе, а ўсталёўваецца, не даецца, а дасягаецца: «ніякасны» прыёмнік не можа ўсталяваць якаснай сувязі.
Гаворым пра сваю традыцыйнасць... Але каб стаць дастаткова традыцыйнымі, неабходна стаць дастаткова творчымі.
Читать дальше