Т. Ч. Дарэчы, форму вашай паэзіі з яе дыялектычнымі супярэчнасцямі, антыноміямі, можна імітаваць, што я зараз і паспрабую зрабіць: набліжаючыся — аддаляючыся, жыву ў смерць... Наколькі я ведаю, ёсць спробы імітацыі, імкненне пісаць нешта прытчава-філасофскае «пад Разанава».
А. Р.Чым адрозніваецца імітацыя ад паэзіі? Паэтычны твор, па сутнасці, праходзіць увесь шлях развіцця — ад зерня да дрэва, ад клеткі да арганізму. У імітацыі няма шляху. Імітатар падключаецца і праходзіць толькі нейкі ўчастак шляху, робячы выгляд, што ішоў «усю дарогу».
Што ж датычыць сапраўды творчай вучобы, то самая лепшая школа, у якой настаўнікі — не настаўнікі і вучні — не вучні і ў якой шануюцца не «завучаныя», а праяўленыя рысы — непаўторнасць і асабовасць.
Т. Ч. Чаму, на вашу думку, сучаснай паэзіі становіцца цесна ў рамках традыцыйнай вобразнасці, паэтыкі?
А. Р.Эксплуатацыя агульнапрынятай формы адкрывае шлях да версіфікатарства. А паэзія — жывы арганізм: і яйка, замкнёнае ад свету, і птушка, скіраваная ў свет і якой цесна ў любой «шкарлупіне». Такім чынам, разняволенне верша — гэта, у прынцыпе, разняволенне духоўнага свету чалавека, гэта шлях чалавека з палону стэрэатыпаў.
Т. Ч. Сучасная паэзія, ваша ў прыватнасці, прыўносіць свае змены ў традыцыйнае разуменне паэзіі. Тут, напрыклад, амаль няма характэрных для медытацыйнай, філасофскай паэзіі момантаў сузірання, высноў, якія існуюць як бы па-за самім аўтарам — усё зрушлівае, супярэчлівае, дынамічнае, кожны вобраз нясе ў сабе антыпод, супрацьлегласць... Можа, змяняецца і сама «формула» паэзіі, якую вы называлі нязменнай?
А. Р.Ці не вяртаемся мы да пачатку размовы? Хай вам гэта не здасца кідкай фразай, але калі шчыра, калі ўсур'ёз,— я на самой справе не ведаю, што такое паэзія. Самае большае — здагадваюся. Наогул, акрэсліваць і спасцігаць феномен паэзіі можна двума шляхамі. Адзін — назавём яго, напрыклад, культуралагічны — ідзе ад вядомага і атаясамлівае з паэзіяй усё тое, што ўжо напісана, створана, што застаецца ў гісторыі літаратуры. Ён, гэты шлях і спосаб, глядзіць назад і мінулае лічыць усім часам. Але (і ў гэтым асаблівасць другога спосабу, другога шляху) хіба не з'яўляюцца ўсе вершы і кожны верш паасобку толькі больш альбо менш удалай спробай спасціжэння паэзіі?! Спробай яе ўвасаблення?! I ў залежнасці ад таго, наколькі гэтая спроба шчырая, дзейсная, ісцінная, насголькі ў ёй ёсць паэзія.
Паэзія — у спасціжэнні паэзіі...
Т. Ч. Тады пра крытыку, напэўна, выпадае сказаць, што яна спасціжэнне таго, што спасцігае літаратура ў цэлым, і паэзія ў прыватнасці. Што ж, роля больш сціплая, але не менш адказная, Дзякуй вам за размову.
“ШТО Я МУЖЫК, УСЕ ТУТ ЗНАЮЦЬ..."
Што я мужык, усе тут знаюць,
I, як ёсць гэты свет вялік,
З мяне смяюцца, пагарджаюць,—
Бо я мужык, дурны мужык.
Чытаць, пісаць я не умею,
Не ходзіць гладка мой язык,
Бо толькі вечна ару, сею,—
Бо я мужык, дурны мужык.
Бо з працы хлеб свой здабываю,
Бо зношу лаянку і крык
І свята рэдка калі знаю,—
Бо я мужык, дурны мужык.
Галеюць дзеці век без хлеба,
Падзёрты жончын чаравік,
Не маю грошы на патрэбу —
Бо я мужык, дурны мужык...
Заліты потам горкім вочы;
Ці я малы, ці я старык,—
Працую, як той вол рабочы,—
Бо я мужык, дурны мужык.
Як хвор ды бедзен сам бяруся
Лячыць сябе: я чараўнік!
Бо я без доктара лячуся,—
Бо я мужык, дурны мужык.
Што голы я, павінен згінуць,
Як той у лесе чашчавік,
І, як сабака, свет пакінуць,—
Бо я мужык, дурны мужык.
Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.
І кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык:
Што хоць мной кожны пагарджае,
Я буду жыць — бо я мужык!
Гэтым радком пачынаецца адзін з самых першых вершаў Янкі Купалы «Мужык», знаёмы ледзь не кожнаму са школьных гадоў. Аднак тое, што мы добра, амаль на памяць, ведаем, як звычайна, аказваецца паверхняй з'явы, яе моўнаю абалонкай і — яшчэ больш — перашкодай для разумення, Завучаны тэкст перастае бачыцца, ён падыходзіць да нас занадта блізка, як падыходзіць да нас занадта блізка, захопліваючы саму магчымасць бачыць і разумець, наша цела; каб яно змагло выступіць перад намі ва ўсёй відавочнасці, мусім яго адасабляць ад сябе — даручаць люстэркам ці фотаздымкам.
Читать дальше