Калі Бельск адымаецца ад сябе, яго знаходзіць лагоднае лета;
Калі малітва адымаецца ад сябе, выяўляецца Першае слова.
Загадзя ніхто не ведае малітвы, якая складалася б з аднаго слова, і тым не менш верш мэтанакіравана вядзе нас да яго — да Першага, і тое, што яно пішацца з вялікай літары, пішні раз сведчыць, што яно першае не па парадкавасці, а па якасці і значэнні. Першае слова ўжо нават і не слова, а Пачатак, пра які згадваецца ў Евангеллі: усе словы з усіх пластоў арыентуюцца на яго і малітва спраўджваецца ў ім. Верш таксама нейкім чынам малітва — малітва, якая ў ім вымаўляецца і ў ім жа спраўджваецца. Калі яна спраўдзіцца дарэшты, яна перастане вымаўляцца, і верш імкнецца да гэтага. Верш імкнецца да краю і да мяжы, дзе ён спраўдзіцца так, што перастане быць: патаемная мэта ўсялякай творчасці ў гэтым. Што да старой музыкі — то гэта музыка, якую мы некалі чулі, а калі — не можам успомніць. Яна не суадпавядае храналагічнаму часу, які адлічвае гады і стагоддзі, але суадпавядае нечаму таму ў нас саміх, што яшчэ і не стала намі. Але яна паклікала лета і ўвайшла ў лета. Лета лагоднае — усё, што збіраў час, яно мае, і час у ім поўны і споўнены. Для таго, хто ў ім ёсць, няма страты, а ўсё, што ёсць,— сваё.
Што да забытай царквы, то яна забытая не таму, што ўсё больш паглыбляецца ў няпамяць, а, наадварот, таму, што ўсё больш вынікае з няпамяці; яна адтуляецца адтуль, дзе няма прысутнасці, туды, дзе прысутнасць ёсць,— і такім чынам пазнаецца, прызнаецца і набывае сваё азначэнне. Забытае з самага пачатку глыбей і далей за тое, што выяўляецца, яно забытае не з цягам часу, а ў самім пачатку, і адно Першае слова малітвы здольна ўспомніць яго дарэшты.
Забытая царква выяўляецца таму, што ўжо бачыць гэтае слова, і старая музыка гучыць таму, што ўжо чуе гэтае слова.
(Выступленне на Міжнародным кангрэсе ў абарону дэмакратыі і культуры Беларускага ПЭН-цэнтра)
Гадзіннікі паэтаў могуць паказваць розны час, і тым не менш, нягледзячы на відавочную рознасць, гэта дакладны час,— і таму кожны з паэтаў мае ўнутранае права меркаваць, што ён ведае, што такое сучаснасць і што ён суадпавядае ёй. Больш за тое, гадзіннікі паэтаў, каб на самой справе быць дакладнымі, і павінны паказваць розны час. Толькі ў такім разе той агульны, храналагічны, лінейны час, у якім яны жывуць, мае магчымасць трансфармавацца ў з'яву, што называецца сучаснасцю. Трэба згадзіцца, што сама з'ява сучаснасці не настолькі адназначная, каб яе можна было інтэрпрэтаваць у адных і тых жа вобразах і паняццях; апроч відавочнага, альбо наяўнага плана, яна змяшчае ў сабе нешта не выяўленае і не відавочнае, што ні з чым не можа атаясаміцца. Ні з чым і ні з кім, і кожны раз, калі рэчаіснасць хоча выказацца, яна шукае таго, хто мае дачыненне да нявыяўленага і невідавочнага,— яна шукае паэта. Без творчага, паэтычнага акта рэчаіснасць не асягае сваёй завяршальнай стадыі, стадыі здзяйснення, а сучаснасць застаецца адно толькі магчымасцю быць сабой. Сучаснасць — гэта не напісаны верш. I хоць акрэслена тэма, і словы, якія ў ім прагучаць, агульнавядомы, сам верш, аднак, дагэтуль нідзе ніколі і ніякім чынам не гучаў. Не існаваў. Ён яшчэ мусіць знайсціся і ўтварыцца, а рэчаіснасць прайсці — і быць здольнай прайсці — творчую трансмутацыю, каб падключыцца да кантынууму, чые законы не супадаюць з законамі лінейнага часу.
I тут выяўляецца дзіўная і нават надзвычайная роля паэта: як ён скажа — так і атрымаецца, як ён зробіць — так і будзе, і няма на зямлі вышэйшай інстанцыі, якая перааспрэчыла б яго. Здавалася б, так не павінна быць, ніхто не даваў паэту такога права, дый, урэшце, ёсць жа цэлая іерархія рэгламентаваных вартасцяў народны і асабісты дабрабыт, асвечаныя продкамі традыцыі, грамадская думка і грамадскае становішча. I хоць паэт зусім не абавязаны змагацца ці не згаджацца з існуючым парадкам рэчаў, ён усё роўна ў дачыненні да гэтага парадку аказваецца самазванцам, і да таго ж з нерэгламентаванай уладай. Такім чынам, грамадская роля паэта па самой сваёй прыродзе, з самага пачатку, набывае палітычнае адценне.
Асаблівую вастрыню пытанне суадносіны ўлады, якую мае паэт, і ўлады, якую маюць вападары дзяржавы, набывае ў таталітарным грамадстве. I якія б варыянты пры гэтым ні ўзнікалі, мэта ў таталітарнага рэжыму — зрабіць паэта сваім, падпарадкаваць яго ўладу сваёй...
Іншая сітуацыя для паэта ўзнікае ў посттаталітарны перыяд, паміж дзвюма рэчаіснасцямі,— калі адна з іх адышла, а другая не паспела прыйсці. Ён апынаецца на водмелі, і тая паэтыка паводзін, якая стасавалася да стыхіі вады, тут не прыдатна, аднак не прыдатна і паэтыка паводзін на сушы. Паэт, такім чынам, апынаецца як бы без рэчаіснасці, але якраз у гэтай сітуацыі агольваецца нейкі механізм яго жыццядзейнасці, і як ніколі раней (ці пазней) ён адчувае цяпер, што ні мора, ні суша, ні адна, ні другая рэчаіснасць не з'яўляюцца яго рэчаіснасцю, што яго рэчаіснасць т р э ц я я , і што яна наогул не асягаецца на плане адносін чалавека да маёмасці і маёмасці да людзей.
Читать дальше