Паводле правiлаў Архiву, мы ня маем права беспасярэдне цытаваць дакуманты, ня кажучы ўжо пра іхную поўную навуковую публікацыю. Гэтае права мае толькi ўладальнiк дакумантаў альбо — у адсутнасьць уладальнiка цi ягоных нашчадкаў — чалавек, якi перадаў дакуманты ў Архiў. Але супрацоўнiкi даўна знайшлi выйсьце з гэтай сытуацыi. Нiшто не замiнае (а статут Архiва папросту не забараняе гэта) даваць ускоснае апiсаньне справы, асабліва калі пры гэтым зьмяніць прозьвішчы, даты і канву падзеяў, пакідаючы, як любіў казаць Клакоцкі, «аголеныя сутнасьці».
* * *
Першая справа ананiмная , напiсаная (цi перапiсаная) на бляклай паперы, парэзанай на вялiкiя аркушы нестандартнага фармату. У ёй распавядаецца пра шляхцiца ўчцiвага Стэфана Дастаеўскага, апекуна аднаго зь менскiх манастыроў, асобу ў вышэйшай ступенi паважаную ў тагачасным менскiм асяродзьдзi. Стэфан выконваў розныя даручэньнi вядомых i ўплывовых магнатаў, але нiколi не адмаўляўся прадстаўляць у гродзкiм судзе шараговага шляхцiца (у кнiгах Менскага гродзкага суду захавалiся некаторыя ягоныя справы). Недзе пад канец жыцьця Стэфан Дастаеўскi пачаў весьцi дыярыюш, апiсваючы цiкавыя падзеi й здарэньнi, сьведкам якiх ён быў. Напрыканцы нататак падаюцца некаторыя ўрыўкi з дыярыюша, якiя тычацца эпiзода, што й выклiкаў цiкавасьць Адама Клакоцкага.
Аднойчы Стэфан Дастаеўскi прысьнiў сон. У гэтым сьне ён бегаў п’яны з шабляй па менскiх валох, лаючыся й пагражаючы мяшчанам, мнiхам i розным выпадковым людзям. Сон быў надзвычай выразны, прачнуўшыся, Стэфан прыгадаў усё да апошняй драбнiцы. Але самае жахлiвае было ў адчуваньнi немагчымага шчасьця, якое спадарожнiчала гэтай прыгодзе. Такога шчасьця Стэфан нiколi ня памятаў анi ў дзяцiнстве, анi ў сталасьцi, хаця ён намагаўся весьцi дабрачыннае жыцьцё i цешыўся той павагай, што спадарожнiчала ягонай дабрачыннасьцi.
Пасьля гэтага здарэньня жыцьцё Стэфана Дастаеўскага рэзка зьмянiлася. Ён вярнуўся ў свой маёнтак у самым глухiм закутку Палесься, дзе праводзiў цэлыя днi на самоце, не запрашаючы да сябе нiкога. Яго бачылi ў самых розных мейсцах, ён хадзiў па лясох i балотах, выкрыкваючы рэзкiя, гартанныя словы на незнаёмай мове. Хадзілі чуткі, што ён пачаў вывучаць Кабалу. Таксама казалi, што ён пачаў прыходзіць у сны мясцовым жыхарам. Яго баяліся й пазьбягалі.
Адам Клакоцкi лiчыў, што гэта сапраўды так i што гэта ён пэрыядычна сьнiўся свайму далёкаму нашчадку, Ф. М. Достоевскому, якi памылкова прыняў яго за чорта. Менавiта пасьля такiх сноў Фёдор Михайлович пiсаў гнеўныя словы пра жидов и полячишек альбо прымаўся ўважлiва вывучаць свой радавод.
ІІ
Другi сон апiсвае незвычайнае здарэньне з рабi N. Аднойчы яму прысьнiўся ягоны ненароджаны сын у чорнай скураной куртцы, зь пiсталетам. Сын ягоны гучна сьмяяўся, лаяўся матам i друкаваў вершы пад псэўданiмам «Аристарх Леденящий». Рабi N. на наступны дзень разьвiтаўся са сваякамi, закапаў Тору ў цiхiм мейсцы сада i сышоў. Далейшая гісторыя разгортваецца досыць складана, часам нагадваючы люстэркі й лябірынты Тысячы й адной начы : апісваюцца ягоныя падарожжы, сустрэчы й размовы, даўгія дыскусіі з хасыдамі...
На сярэдзіне раптам паўстаюць тэалягічныя пытаньні... На жаль, менавіта гэты рукапіс моцна пацярпеў пры пераездах, і таму мы ня можам дакладна сказаць, чым скончылася гэтая гісторыя...
ІІІ
Апошнi сон датаваны пачаткам нашага стагодзьдзя. Мiтрапалiту Сергiю прысьнiлася «голая рыба». Як праiнтэрпрэтаваць гэты факт i чаму «голая рыба» патрапiла ў фонд этнапаталёгiяў, зразумець цяжка. Яна (рыба) паводзiла сябе так ласкава й так непрыстойна, што стары, паважаны мiтрапалiт, якi не без самазадаволенасьці (у якой каяўся) аглядаў сваё жыцьцё, ня вытрымаў i зьлёг з сардэчным прыступам. Не давяраючы нiкому, ён распавёў свой сон маладому паслушнiку, адзінаму чалавеку, да якога меў пэўны давер і вiдавочную сымпатыю. Паслушнiка гэты сон уразiў ня меней чым самога мiтрапалiта. Ён доўга спрабаваў зразумець, што значыць «голая рыба», перапытваў Сергiя, але той ня мог анiчога дадаць.
Трэба сказаць, што паслушнік сапраўды хацеў расшыфраваць сон, але яшчэ болей ён хацеў дапамагчы мітрапаліту, што пачаў згасаць літаральна на вачох. Паслушнік вывучаў розныя тэксты, ад звычайных соньнікаў да працаў Фройда, які тады толькі пачынаў набываць сваю папулярнасьць. Але ўрэшце спыніўся на Сьвятым Аўгустыне. Як мы памятаем, Аўгустын доўга спрабаваў зразумець, дзе мы можам знайсьці ў гэтым сьвеце знакі боскасьці. І пасьля розных развагаў, якія мы прыводзіць ня будзем, ён прыходзіць да высновы: знак боскасьці ў гэтым сьвеце — у паразе чалавечага розуму, у абсурдзе.
Читать дальше