Мітрапаліт Сергій памёр у глыбокім душэўным спакоі, зь ціхай і яснай усьмешкай.
* * *
Як мы бачым, усе тры сны маюць вiдавочны «паталягiчны» калярыт.
А цяпер пра нататкі Клакоцкага.
Сам Клакоцкi пакiнуў пэўныя фрагмэнтарныя тлумачэньнi, зь якiх можна зразумець, што сабраны матэрыял бачыўся яму як пэўны ўрок цi пэўнае пасланьне, а магчыма, нават падыход да разгадкi некаторых тайнаў, што так хвалявалi яго ўсё ягонае жыцьцё.
Пасьля ўважлівага прачытаньня я пераканаўся, што нататкі Клакоцкага апярэджвалі сваю эпоху і былі ў пэўным сэнсе адказам на шматлікія рэдукцыянісцкія ініцыятывы...
Паводле формы, тэксты Клакоцкага — гэта фрагмэнты спантанных роздумаў, часам нават асобныя сказы, якія відавочна былі інсьпіраваныя этнапаталёгіямі. Гэтыя нататкі згрупаваныя ў дзьве тэмы.
Першая з гэтых тэмаў — тэма паверхнi. Мы жывем на паверхнi самiх сябе, успрымаем паверхню рэчаў, падзеяў, i ў гэтым няма анiчога дзiўнага. Бо наступны крок думкi палягае на тым, што за паверхняй пачынаецца доўгачаканая глыбiня, варта праламiць паверхню й мы абавязкова знойдзем сябе ў нечым абсалютна iншым: фантастычным, прыемным альбо, наадварот, жахлiвым. Адным словам, мы знойдзем сябе ў unheimliche . З нататак Клакоцкага зразумела, што ён трымаўся больш пэсымiстычнага пагляду. Глыбiня, лiчыў Клакоцкi, зусiм не абавязковая. Трэба адразу сказаць, што Клакоцкi, насуперак прыхiльнасьцям сваёй эпохi, ня верыў анi ў глыбiнi, анi ва ўнiвэрсальнасьць, анi ў агульначалавечыя праўды. Ён настойваў, што любое падваеньне сьвету — на глыбiнi й паверхнi, праўды й няпраўды, сутнасьцi й вонкавасьцi — непатрэбная данiна манiхейскiм iлюзіям, i за адной паверхняй папросту пачынаецца другая, за другой трэцяя i гэтак далей: уся вычварнасьць гэтай думкi не адмяняе саму магчымасьць. Ёсьць толькi ўнiкальнасьць, i ўсялякая спасылка на ўнiвэрсальную праўду — гэта апэляцыя да паверхнi абжытай i знаёмай, альбо, як ён яшчэ пiсаў, — да знаёмага твару . Праўдзiвае пытаньне, якое Клакоцкi задаваў самому сабе ў сваiх нататках, — што ж нам рабiць з гэтымi бясконцымi паверхнямi i цi ёсьць нейкi сэнс альбо сыстэма ў iхным чаргаваньнi.
Другая тэма — уласна «этнапаталёгiі». Трэба адразу сказаць, што ў выбары слова няма анiякай пагарды, нават скепсісу, што да этнаграфiчных захапленьняў ягонай эпохi. Клакоцкi сам прымаў удзел у большасьцi «этнапаталягiчных» праектаў свайго часу, а пад канец жыцьця слоўца «этнапаталёгiя» сталася ў яго ўлюбёным тэрмiнам, якi ён ужываў зь вiдавочнай асалодай.
Зрэшты, мушу сказаць, што пад «этнапаталёгiямi» Клакоцкi разумеў пэўныя этнiчныя скрыўленьнi, узаемапранiкненьнi і ўзаемазамены — адным словам, пэўную крывiзну, «няправiльнасьць» мясцовай этнiчнай прасторы. У гэтай частцы сьвету (у тэкстах Клакоцкi называў яе заўсёды Паўночнай Сарматыяй, але ў прыватных гутарках — Вялiкiм Шпiталем) няма нiчога назаўсёды вызначанага: лёгшы спаць балтам, ты прачынаесься славянiнам, выйшаўшы з дому палякам, вяртаесься немцам, з усiх бакоў цябе спрабуюць пераканаць, кiм ты ёсьць i кiм ты быць ня мусiш. Натуральна, што большасьць людзей здаровага клёку ад гэтага гармiдару называе сябе «тутэйшымi». Клакоцкi, якi цягам свайго жыцьця аддаў данiну польскiм, лiтоўскiм i жмудзiнскiм захапленьням i якi ўрэшце спынiўся на беларушчыне, хацеў крыху зьмянiць пэрспэктыву: ён хацеў быць адразу ўсiмi. «Пяць маiх твараў, як пяць люстэркаў, глядзяць у сьвет i ня бачаць...»
Але што значыць быць усiмi ?! Альбо ўсім. Як мы памятаем, толькі Бог ёсьць усім . Ці ня значыць гэта, што Адам Клакоцкі хацеў стаць Богам?
Мушу сказаць, гіпотэза, што Адам Клакоцкі — гэта насамрэч адно зь імёнаў Бога, таксама абмяркоўвалася, хаця, па зразумелых прычынах, без асаблівага імпэту...
* * *
А цяпер пра галоўнае — пра загадку Архiву. Чаму менавіта сны былі выбраныя з патэнцыйна бязьмежнай размаітасьці фактаў чалавечае сьведамасьці? На адным з нумараваных аркушаў рукой Адама Клакоцкага выведзены сказ, надзвычай характэрны для тутэйшай мэнтальнасьці (я мяркую, ён належыць яму самому), якi ўсё ставiць на сваё мейсца: «Тое, чаго няма, кранае мяне сваёй далiкатнай адсутнасьцю».
Энцыкляпэдыя для героя: дзяцінства
Ён памятаў: яму сьнілася дзяцінства, такое знаёмае, прапахлае разваранай бульбай і нямоўкнай гаворкай радыё. Была цішыня цёплага летняга вечара, ён ішоў па незнаёмай вуліцы куды вялі ногі. Ён ішоў з «гарэлага балота», так звалася сьметня, куды звозілі мэталёвае ламачча з усяго гораду. Старэйшыя хлапчукі часьцяком наведваліся туды і прыносілі прыгожыя падшыпнікі, якія потым зваліся «цокамі». Сёньня ён пайшоў туды з старэйшымі, але заблукаў сярод сьметні і ўшчэнт запэцкаў кашулю. Затое набраў падшыпнікаў, вельмі прыгожых. Асабліва калі адмыць іх ад мазуту. Ён выцягнуў падшыпнікі з кішэні, паклаў на асфальт, паспрабаваў адмыць іх у невялікай калюжыне. Паспрабаваў таксама пачысьціць кашулю, але мазут толькі расплыўся вялікаю плямай. Ён спрабаваў зноў і зноў, але нічога не атрымоўвалася, мусіць, мазут застанецца назаўсёды. Гэта было вельмі блага — як ён пойдзе цяпер дадому?
Читать дальше