«Трэба спаць,» — стары санiтар сказаў гэта ў паветра, але, паколькi на калiдоры ён стаяў адзiн, «спаць» пэўна тычылася яго. Чалавек павольна падышоў да санiтара, паспрабаваў надаць голасу прыемнасьць, спытаў:
— Ці вам не здаецца, што мы і так усе даўно сьпім?
Санiтар маўклiва глядзеў на яго. Потым паўтарыў:
— Трэба спаць.
Чалавек павольна зайшоў у палату. Распрануўся, паклаў адзежу на стул, лёг у ложак. «Гiсторыя — гэта немарасьць, ад якой я спрабую прачнуцца». Цi заснуць? ... сярод якой я спрабую заснуць. Схавацца, перайсьцi ў iншае вымярэньне, уцякчы...
Чалавек заплюшчыў вочы. «Дыхаць павольна i глыбока, удыхаць гаючае малочнае паветра...» Тут ён прахапiўся, сеў на ложку. А што, калi i паветра тут... інсуліннае?
часам так хочацца ўсё перапiсаць як было насамрэч адкiнуўшы непатрэбныя самастылiзацыi забыўшыся на даўгiя й беспасьпяховыя спробы ўцiснуць жыцьцё ў тэкст i захаваць адно крыху безнадзейнасьцi самотнай безнадзейнасьцi калi глядзiш з закратаванага вакна чацьвертага паверху вар’ятнi й вакол столькi псыхаў што плакаць хочацца сапраўдных псыхаў гэта табе не выкладчыкi дыямата якiх вы лiчылi крыху ненармальнымi магчыма яны й былi такiмi ўсё жыцьцё жыць паводле дыялектычнай лёгiкi такое дарма не праходзiць
толькi навошта хлусiць лекарцы пра Янку Карамазава якi прыходзiць да цябе ўначы глядзець як яна акуратна запаўняе шпiтальны фармуляр сьмяяцца ўяўляючы пэрсанажа Тодара Мiхайлавiча ў ролi пэрсанажа гiсторыi хваробы ўдалы гiпэртэкст цяпер Янка якi сам бачыў ува сьне неапазнаны тэалягiчны аб’ект можа ў сваю чаргу папросту прыйсьцi як да старой знаёмай да Алены Іванаўны й запытацца цi ўсё ёй тут у шпіталі дазволена i цi каштуе ейны сярэднестатыстычны заробак сьлязiнкi невядомага псыха цi часта яна думае пра Бога i што менавiта
але цяпер ты сам у гэтым гiпэртэксьце на правох лiтары невядома якога альфабэту магчыма ў гэтым i ёсьць штосьцi цынiчна вясёлае й вельмi мадэрнiсцкае але ўрэшце
адно чуць як Сяргей стогне ў суседняй палаце ад канёвай дозы iнсулiну й цiха выплёўваць пiгулкi (потым ты заплачаш разам з Джэкам Нiкалсанам прыгадваючы ягоны цалкам адсутны твар вось мы й палёталi дружа сапраўды one flew east one flew west one flew over the cuckoo’s nest пачынаючы люта ненавiдзець сыстэму (ты думаў яе перахiтрыць а патрапiў у самае пекла й толькi застаецца як распавядаць лекарцы пра Фройда гледзячы на яе прыгожыя сьцёгны ды перадаваць праз практыкантак цыдулкi ў горад (iдыёт твае мадэрнiсцкiя тэксты нiчым не адрозьнiвалiся ад трызьненьняў гэтых вар’ятаў што сядзелi побач хаця й былi творамi мастацтва (?!) i што мусiлi рабiць няшчасныя практыканткi перавязаныя па вушы клятваю Гiпакрата як не занесьцi гэтыя цыдулкi да Алены Iванаўны i потым доўга праглядаць падручнiк псыхiятрыi шукаючы адпаведны дыягназ
назад поўны назад i ты гаворыш асьцярожна карэктна падбiраючы словы так гэта была няпраўда няўдалы жарт (ты ўжо дастаткова разумны каб не казаць пра свае мэта-фiзычныя матывацыi й мадэрнiсцкi досьвед якi ты шукаў i Алена Іванаўна з шэрымi мэталёвымi вачыма ласкава не адыходзячы ад агульнапрынятага (мiж намi псыхамi) тэмбру голаса пытаецца як вы думаеце нармальнаму чалавеку могуць прыйсьцi ў галаву гэткiя жарты i ты халадзееш разумеючы што гэта й ёсьць сапраўднае гермэнэўтычнае кола ў якое ня трэба шукаць уваходаў i выхадаў папросту таму што ты ўжо знаходзiсься ў гэтым коле i цябе ўжо зь яго ня выпусьцяць
i потым перапалоханая Герда й Вiктарас М. Шосты Патрыярх якi ўжо прыняў свае дозы iнсулiну ў няроўнай барацьбе з сыстэмай i братва выцягвае цывiльнае адзеньне (да панядзелка толькi да панядзелка) i вы ловiце таксоўку якое шчасьце гэтыя страшныя зiмовыя краявiды i паперка з усiмi подпiсамi й пячаткамi сапраўдны блянк нiчога ня скажаш хiба стыль крыху кафкiянскi што ты сапраўды ляжаў у вар’ятнi што яны думалi ты поўны шызафрэнiк яшчэ б сябра Ванечкі Карамазава але выпiсаны ў якасьцi цалкам здаровага
i потым выраз твару Кузьмiча старога садыста-адстаўнiка гэбiсцкага дыспэтчара гiстфакаўскага цiхага монстра якi прыходзiў на ранку ў трывожныя сны да ўсiх маленькiх (да трэцяга курсу) дзяўчынак вы зноў спазьнiлiся на лекцыю зайдзiце да мяне калi ты прынёс гэтую паперку ў дэканат так за гэты выраз можна многа аддаць нават джойса паўнда i ўсiх тваiх кiтайцаў разам у чым сэнс прыходу Шостага Патрыярха ў далёкую менскую вар’ятню?
«Прагрэс мкне наперад, а я паціху іду ўбок...»
А. Клакоцкi
У Архiве Клакоцкага ёсьць невялiкi фонд, у якiм сабраныя «этнапаталёгii». Фонд гэты нiколi не карыстаўся асаблiвай папулярнасьцю дасьледнiкаў, дый супрацоўнiкi Архiву ня ставiлiся асаблiва сур’ёзна да збору сьведчаньняў, якi складаецца з трох тэчак ды стосу неразабраных папераў. Падчас пераездаў «этнапаталёгii» звычайна грузiлiся апошнiмi альбо нават увогуле забывалiся ў якiмсьцi закутку; тое, што яны дажылi да нашага часу, — чыстая выпадковасьць.
Читать дальше