Там, пад зямлёю, у сваёй краіне, яны каралі, яны карануюць дрэва кронай, яны багатыя будучай радасцю, але выцягнутыя на паверхню, ляжаць як пачварныя крывыя сутаргі — курчы.
Карані лёгка раняцца вонкавай — рассякальнаю — сілай, аднак, перакананыя, як каран, яны не могуць скарыцца ca смерцю i нерухомасцю, i нават калі дрэва гіне — з ix, з каранёў, усё роўна ўзыходзяць новыя крэўнічы — парасткі.
Палонка
Палонка не палон: яна праломка ў палоне, i лона ракі з палёгкаю дыхае праз палонку.
Сярод нерухомых загонаў зімы палонка жывая, палонка — натхнёная, палонка — ana лонавая («апалонка»), i толькі калі палонку пачынаюць палохаць сярдзітыя маразы, яна, як i ўсё наўкола, зацягваецца плёнкаю лёду.
У палонку акунаюцца конаўка i вядро.
Нібы да акна, да палонкі прывабліваюцца плоткі i акуні.
I на паклон да палонкі з пешняй i вудамі накіроўваюцца рыбакі — паломнікі.
Брук
Брук — дарожны друк, вухналі, загнаныя ў хаду дарогі, каб не расслізгваўся рух.
У ім часткі намагаюцца перайсці ў адзінства, у ім хвіліны намагаюцца сабрацца ў час.
Брук выпаў з рук, выпаў пад ногі. Яго нораў i круглы, i круты: брук барукаецца з бязладдзем, але бурчыць i на гладкапіс.
Па бруку грукае воз.
У возе морква, бручка i буракі.
Пастка
Пастка — частка прасторы, аднак такая частка, якая, месцячыся ў прасторы, змяняе структуру самой прасторы: у яе легка ўвайсці, але з яе цяжка выйсці, у яе проста ўпасці, але няпроста з яе выпасці.
Калі ўсе падаюцца спаць, пастка не спіць, яна ўстойлівая ў сваім пастаянстве, яна на пасту, яна посціць, i суткі мінаюць за суткамі, пакуль штось не стукнецца ў ёй, не ляснецца, не пасунецца — i яна не замкнецца.
Пастка ставіцца не ў пустцы, куды заходзяць адно толькі самотныя пілігрымы, i не на пляцы, дзе ўсе ходзяць статкам, а на сутыку пусткі i пляца, дзе песціцца сад спакусы i дзе распяразваюцца, скідаючы свае паскі, пачуцці. Але таму, хто спатыкаецца на гэтым сутыку, прызначае спатканне помета, i таго, хто каштуе спакусу, кусае пастка.
Пастка, аднак, зусім не зацікаўленая ў тым, каб некага захопліваць у сваю пашчу, каб некага скоўваць пакутай, яна перш за ўсё пастух, які пасвіць чалавека на яго жыццёвым шляху, не даючы яму заблудзіцца ў свеце i змарнаваць у нясталых стасунках са светам сваю каставасць, сваю выключнасць, сваю «сакратавасць» i «паскальнасць».
Той, хто, трапіўшы ў пастку, знаходзіць з яе запасное («спасное») выйсце, па сваім стане i статусе ўжо іншы, чым быў дагэтуль, i іншая па сваім стане i статусе пастка: не супастат, якога клянуць усе небаракі, а сама іпастась чалавечага існавання.
Але пра гэта даведваецца толькі вынік, толькі канец, толькі пастскрыптум.
Студня
Нібы старадаўні ідал-стод, студня займае святое месца: усе да яе прыходзяць, усюды яе шукаюць, аднак, у адрозненне ад стода, яе вышыня перакулена ў дол i перакулена ўглыб значэнне; яна тое вышэйшае, якое стала ніжэйшым, каб змагчы наталіць кожнага, хто хоча піць, i змагчы памыць кожнаму твар i рукі.
Адтульваючыся паверхні, студня далучае гэтую паверхню да сутнасці: туды пасудзіна апускаецца парожняя, адтуль падымаецца поўная,— i па тым, як студня сябе паводзіць (ці броснее, ці глушэе, ці высыхае), можна беспамылкова меркаваць, што робіцца на паверхні: яна — яе градуснік, яе суд.
Тут, на паверхні, праходзячы свае стадыі, разнастайваюцца дні, тыдні i месяцы, а там, унізе, у студні, пануе ўсё той жа дзень, усё той жа тыдзень i ўсё той жа месяц — першы, першасны: студзень.
Вярста i стадый прывязваюцца да студні, i ёю асцюжваецца стадыён.
Студня — універсітэт, студыя людскога жыцця, i ўсім людзям — сваім пажыццёвым студэнтам — яна дае самыя істотныя i неабходныя веды — ваду.
Студня такая неадметная, такая будзённая: амаль у кожным двары, амаль каля кожнай хаты, i нічога яна не мае на дне, што прыцягвала б увагу i што прываблівала б пагляды, але ў рудні яе душы, пад спудам, захоўваецца найсвяты цуд — зорнае неба.
Скрынка
Калі яе адчыняюць, яна скардзіцца, яна скрыпае.
У ёй захоўваецца скрытае — скарб: ім яна поўная, ім змястоўная, ім ацэньваецца яе вартасць.
Усе думаюць, што яна скнара, што яна «рынак», але сама скрынка ведае, што яна скрыпка, у якой няма струн.
Старая бярэзіна
ля акна —
світанак,
што доўжыцца цэлы дзень,
што доўжыцца цэлую вечнасць.
Читать дальше