У камені спіць імя абсалюту — аум, альбо, паводле іншай транскрыпцыі, амін.
Быццам нямы прарок, камень звяртаецца да таго, хто праходзіць міма, да чалавека, з адным i тым жа спрадвечным — сфінксавым — запытаннем: камо градзешы (куды ідзеш) ?
Калі чалавек спыняецца — ён камянее, а камень, у сваю чаргу, пераймае чалавечую іпастась: на ім пішуцца імя i лічбы.
Камень — камель часу: усё іншае ў параўнанні з ім зменлівае i нетрывалае. I кожны раз, калі жыццё распачынаецца нанова, яно распачынаецца не ab ovo (з яйка), а з каменя.
Серп
Сярпом спорваюць свірэпу, скрыпень, асот, аднак гэта не асноўная яго справа — усёй сваёю няпростасцю ён прыстасаваны, каб «спрагацца» з рэспектным, з божым — са збажыною: жытам, пшаніцай, просам.
Яго даймае сверб дзейнасці: ён i дярплівы, i руплівы, i не прыстане, пакуль не складзе ўсе сцябліны на дол, пакуль не спярэсціць снапамі ўсяе дзялянкі.
Яго кавалі мужчынскія рукі, а сябруе ён з рукамі жаночымі, нібы серафім, акрыляючы ix.
Серп страсны, серп востры, i таму «шчаперы», у якія ён захоплівае сцябліны, не ўтрымліваюць гэтых сцяблін, расцінаючыся яго вастрынёй i страснасцю: ён бярэ ўсё сабе, a пакідае ўсё перавяслу.
Каласы кажуць, што серп — смерць, што ён супраць ix, а зярняты — што серп справядлівы i што ён спрыяе ім зрабіцца аладкамі i праснакамі.
Тою ўладай, якая даецца яму на час жніва, серп усталёўвае на полі свой лад, сваю рэспубліку, у якой ён не res (рэч) i не servus (раб), а супер — спераду ўсіх, i прынцэпс — першы між роўных.
I хоць гэта рэспубліка існуе тольKi адзін прыпар, толькі адну пару, яна называецца па-ягонаму: жнівень, серпень.
Скача па сцежцы
перад дзіцяцем
нязграбны вялізны грак:
не хочацца лётаць?
Што ўбачыў
я ў горадзе іхнім за дзень —
распытваюць гаспадары,
быццам самі
яны ўжо не могуць убачыць
таго, што ў ім ёсць.
Сярод красамоўных кветак
знямелы сівы палын:
ён адзін
чуе i разумее,
што кажа лес.
Світае.
Першай убачыла гэта зорка,
што пагасіла сваё святло.
Стаю ў вялізнай чарзе.
Перш, чым з апошняга
стану першым,
пабуду ўсёю чаргой.
Летні раптоўны дождж.
Я прытуліўся
да ніцай вярбіны —
i мноства лістоў на мяне глядзела,
нібы здзіваваныя вочы.
Нехта назваў уголас
маё імя.
Хвіліна —
i зноў яно стала
тым, чым было заўсёды:
голасам цішыні.
Такія розныя людзі,
дарогі,
лёсы,
а вось жа сышліся разам:
чакальня на аўтавакзале.
Паслаў у прастору думку,
апамятаўшыся — другую...
Што робіцца зараз там,
у абсягах вашых,
думка-галубка
i думка-крумкач?!.
Смага
Смага — «мага»: яна можа тое, чаго не могуць звычайныя станы, i там, дзе яны прызнаюць сваё паражэнне i згаджаюцца, што магіла магутнейшая за ўсіх i за ўсё, смага змагаецца i пасягае на перамогу.
У смагі няма ні масы, ні вагі, аднак яна прымушае «самазадаволеную» матэрыю хацець, мучыцца, намагацца, змяняцца і, перавыхоўваючы стыхіі, якія ў прыродзе варагуюць паміж сабой, прымушае агонь любіць ваду, а Магелана — тварыць немагчымае і, як да магніта, цягнуцца да неадкрытых мацерыкоў.
Яна перайначвае многае ў адзінае, імгненна — у працяглае, гаму — у магму, альфу — у амегу, пякельнае — у пекнае, смалу — у смарагды, а плоць — у дух.
Магістр магічных навук, смага прысвячае таго, хто згодны ў яе вучыцца, у асновы касмагоніі i дае пакаштаваць веды самым праўдзівым i першаісным чынам — на смак.
Карані
Карані пакараныя: гэткая іхняя карма — рыць дол, урывацца ў цемру, быць катаржнікамі.
Але ніхто ніколі не чуў ад ix ні скаргі, ні наракання — яны крэўныя з самым вышэйшым, з сонечным пачаткам PA, i памятаюць вышэйшую праўду — праўду самаахвярнасці.
Карані кіруюцца да радовішчаў жыцця — да крыніц і, здабываючы з адмоўнага КА дадатнае PA, a ca сваёй кары — карысць, кормяць ёю дрэва.
Для ix няма ні свайго ранку, ні свайго вечара: ранак для ix — калі дрэва цвіце, вечар — калі яно акрываецца асенняю скрухай.
Читать дальше