— Не, бронь божа!
— Дзе ты бачыў, каб такі чалавек...— загулі ў адказ мужчыны.
— Ведалі, каго выбіралі,— падміргнуў Салаўю Мікодым Гошка.
— Значыць, што Міхал загадае, трэба сполніць. А то расшалопаюць немцы, што людзі старасту не слухаюць, і паставяць замест яго якога-небудзь шляхцюка ці эсэра.
— І то праўда,— выгукнуў стары Цярэшка,— барані бояіа, шэршань уссядзе, дык з-пад яго не вылужышся. Няхай лепш будзе свой чалавек.
— А цяпер, мужчыны, вам нешта хоча сказаць старшыня павятовага рэўкома таварыш Ра... таварыш Раеўскі. Тое, што ён скажа, запомніце, а што ён быў тут — забудзьцеся.
Хлопец у сацінавай кашулі стаў побач з Салаўём і таксама зняў шапку. Шырока расстаўленыя вочы пад густымі брывамі лагодна свяціліся, на галаве тырчалі коратка падстрыжаныя чорныя валасы.
— Таварышы рудабельцы! Той, хто думае, што немцы тут будуць вечна, памыляецца. Савецкая ўлада была вымушана заключыць у Брэсце мір з германцамі, каб спыніць вайну, сабрацца з сіламі і турнуць іх так, каб і смуроду не было. Раз іх пусцілі, дык трохі пацерпім і паглядзім, чаго яны вартыя. А забудуцца, што ў гасцях, дадзім ім так, што свае блішчастыя спічакі разам з галовамі пагубляюць.
Тут сабраліся бальшавікі-парцейцы і чырвоныя партызаны, дык ад вас ніякіх сакрэтаў няма. Акупанты акупантамі. Яны — як трэскі на вадзе, пабоўтаюцца, і рака іх выкіне, а савецкая ўлада жыве скрозь — у Маскве і ў Петраградзе, у Смаленску і ў Бабруйску, і тут, у Рудабелцы. Рэўком часова пайшоў у падполле, каб сабраць болей сілы, лепей узброіцца і ў любы час быць гатовым ударыць па ворагу. З воласці вы не павінны выпусціць ніводнага зярняці.
Не ўсе немцы аднолькавыя. Сярод салдат ёсць рабочыя і сяляне, ім абрыдла вайна, і яны хочуць скінуць кайзера Вільгельма. Яны не толькі спачуваюць, але і дапамагаюць нам. Пастарайцеся такіх перацягнуць на свой бок. Нямецкія камуністы перадалі нам сваю газету «Ротэ фанэ», што значыць «Чырвоны сцяг». Трэба яе непрыкметна распаўсюдзіць сярод салдат. І яшчэ адно я вам хачу параіць. Солі, газы, мыла купіць у вас няма дзе. А ў Бабруйску ўсё ж дастаць можна. Праз валаснога старасту папрасіце каменданта, каб дазволіў вам сарганізавацца ў кааперацыю. Ваш надзейны чалавек будзе ездзіць у Бабруйск і прывозіць усё, што трэба.
— А сярнічкі там ёсць? — запытаў Цярэшка.— І каб хоць трохі дзёгцю, а то перады, як сабачая скура, трашчаць.
— Будуць сярнічкі і дзёгаць, дзядзька Цярэшка,— супакоіў старога Ляўкоў. А Пракоп Малаковіч хадзіў сярод людзей і раздаваў кожнаму большыя і меншыя лісткі. На адных было напісана буйнымі літарамі: «Ко всем гражданам оккупированной Белоруссии». Меншыя былі засеяны дробнымі, вельмі ж пакручастымі літарамі. Няйначай,— нямецкімі. Гэтыя трэба было падсоўваць салдатам.
Тут жа Пракоп абвясціў: хто хоча запісацца ў бальшавіцкую партыю, няхай падае заяву яму.
— А як я не ўмею пісаць? — запытаў Цярэшка.
— Папрасі граматнага, а потым і самога навучым.
— Вучыць вучы, толькі на грэчку, Пракопка, не стаў,— не сунімаўся стары.
Партызаны смяяліся з Цярэшкавых кепікаў, усміхаліся і рэўкомаўцы.
— А як пісаць, таварыш Малаковіч? — запытаў Іван Кавалевіч.
— Яшчэ і ты, смаркач, у парцію лезеш,— ускочыў Цярэшка.— Трымайся лепш за шляхцянчыны кумпякі, дык можа Ермаліцкі табе галагуцкага пеўня ў пасаг дасць.
Іван пачырванеў і апусціў галаву. Некаторыя засмяяліся, бо прывыклі смяяцца, што б ні сказаў Цярэшка, другія засыкалі на старога, каб змоўк.
Салавей нахмурыў бровы, яго тугія загарэлыя шчокі пачырванелі, нібы дзед не Івана, а яго папракнуў шляхцянкаю.
— А ці ведаеце вы, дзядзька Жулега, што тая шляхцянка выраклася багацця, кінула засценак і бацькоў. Брат — бандыт, а яна горнецца да нас. Пішы, Іван, заяву. Абедзвюма рукамі галасую за цябе. А там і першае савецкае вяселле згуляем.
Пракоп, раздаў аркушы паперы ў касую лінейку, агрызак хімічнага алоўка.
Грамацеі, прымасціўшыся хто да пянька, хто, падклаўшы стосік лістовак, пачалі пісаць заявы ў Рудабельскую ячэйку РКП бальшавікоў ад сябе і «за няграматнага... па яго лічнай просьбе».
Праз паўгадзіны Пракоп Малаковіч сабраў дваццаць восем заяў, напісаных насліненым хімічным алоўкам, падпісаных дзе прозвішчамі, дзе крыжыкамі.
— Таварышы, лістоўкі пастарайцеся да раніцы расклеіць на прысадах і платах, газеты падкіньце нямецкім салдатам. Гэта першае заданне маладым бальшавікам,— сказаў Салавей.— А цяпер разыходзьцеся па адным, па двох. Пашукайце грыбоў, пашчыпайце чарніц, каб ніводзін сабака не ведаў, дзе вы былі і каго бачылі.
Читать дальше