Усе панура слухалі сумныя навіны партызанскага разведчыка. Ён доўга жыў у кулацкіх засценках. Пераходзіў з хутара на хутар, шыў боты, падбіваў падноскі, спаў у закутках за печчу, моўчкі сёрбаў зацірку на сваім варштаце. Што б ні гаварылі, ён прыкідваўся глухім.
«Што? Га? — перапытваў.— Гаварыце мацней, нічога не чую». І яму крычалі ў самае вуха. Тады ён ківаў галавою, часам усміхаўся, нібы ад радасці, што пачуў, зноў набіраў губамі бярозавыя шпількі і жалезныя цвічкі і маўчаў. Шляхцянкі пакеплівалі з яго. Скажа каторая: «Іван, ідзі есці»,— а ён і не зварухнецца, ляскае сабе малатком, шмаруе варам дратву і вухам не вядзе. «От глухі цецярук»,— кпілі з яго.
А Іван лавіў кожнае слова, кожны гук, прыслухоўваўся і прыглядаўся, што рабілася на двары, у сенцах і ў клеці. Ноччу хроп і мармытаў «у сне», але чуў, пра што шэпчуцца гаспадары ў каморы, па ціхім стуку ў шыбіну пазнаваў начных гасцей.
Яны прыязджалі па авёс, забіралі абрэзы, тупалі і гаманілі ў сенцах, пілі самагонку. Гаспадар, ківаючы на запечча, супакойваў іх: «Не бойцеся. Глухі, як пень. От дашые боты і — з богам...»
З тыдзень абшываў Іван Андрэя Ермаліцкага. І не сам хадзіў набівацца — людзі нараілі гаспадару добрага шаўца, што зграбна шые і дзешава бярэ. Наказаў Андрэй, каб прыходзіў на ягоны хутар. Іван і пайшоў.
Дома былі толькі старыя. Анэта ўсё вохкала і пазірала ў акно, ці не ідзе дачка, хрысцілася на абразы і шморгала мокрым носам. Андрэй болей маўчаў, цэлымі днямі корпаўся ў аборы і свірне, некуды знікаў і з'яўляўся толькі к ночы.
Неяк пасля першых пеўняў у хату з двума бандзюкамі пастукаўся Казік. Увайшоў, азірнуўся, як ганчак, угледзеў капылы і начынне на зэдліку і адразу да бацькі:
— Што за чалавек?
Шавец, сынок. З Глуска шавец. Старой валёнкі падшыў, мне саюзкі новыя ставіць. Рахманы чалавек і глухі, як пень. Не бойся, Казічак.
— Мы сваё адбаяліся. Няхай цяпер нас баяцца. Круцяцца, гады, бы падсмаленыя. У нас онь якая сіла! А яшчэ чалавек дваццаць прыбудзе, па Рудабелцы грымнем, паслухаем, як гэтыя салаўі завыюць. Ходку ўжо ўходалі ў Ляскавічах.
— Ляснулі, ляснулі,— раўнуў граміла ў суконным фрэнчы сваёй работы...
Іван Мазалеўскі не прапускаў ніводнай падрабязнасці, ніводнага слова, расказваў усё па парадку.
— А Казік — у афіцэрскім мундзіры і пагоны пачапіў. Пра сястру пытаўся. Кажа: «Злаўлю сучку, сам бізуном спаласую, каб не лётала, а гэтага парабчука на першай асіне павешу сушыцца».
— Дзе ж яны хаваюцца? — запытаў Салавей.
— Як тыя каршуны: дзе начуюць, там не днююць. Болей загальскіх хутароў трымаюцца. У атамана дзеўка ў Падлузе е. Каля яе трэцца.
Салавей І ўсе рэўкомаўцы насцярожана слухалі, нават курыць перасталі. У Лявона Адзінца патухла цыгарка, прыклееная да ніжняй губы, і тырчала з рота, як гарохавы стручок.
— Анікей мы ім не даруем, і вабчэ з гэтай хеўраю шаршнкжоў трэба канчаць.— Жаўлакі набухлі і захадзілі на абветраных скулах Салаўя, губы выцягнуліся ў тонкую нітачку.— Гэта ж цэлы ўзвод Мусніцкага ў нашым тыле. Учора забілі Анікея, а заўтра любога з нас могуць прыстукнуць.— Салавей паглядзеў на Ляўкова.— Бяры, Максім, хлёсткіх хлопцаў і абкладай хутары. Пакуль пераловіце шляхцюкоў, мы з Анупрэем і Пракопам будзем упраўляцца тут.
— Максімка, вазьмі мяне. Я гэтага Ермальчука як аблупленага ведаю,— напрасіўся Цярэшка.
— Бяры, Максім, Дзед будзе самы хлёсткі хлопец у тваім атрадзе,— пажартаваў Малаковіч.
—. А што? І не зломак,— заказырыўся стары,— абстрыгу бараду, дык яшчэ ого-го!
— Дальбог, праўда. Ён бегае, што падмецены, і за маладзіцамі яшчэ ўлягае, бы малады жарабок,— не то напраўду, не то жартам сказаў Максім Ус.
Хлопцы засмяяліся. Цярэшка не ведаў, смяяцца яму ці пакрыўдзіцца на Максімавы жарцікі. Ён ссунуў на патыліцы шапку і заліхвацкі расправіў увагнутыя старыя плечы.
— Бяру цябе, дзед, начальнікам разведкі,— згадзіўся Ляўкоў.
— Не, Архіпавіч, без стрэльбы не пайду. Няхай той вынюхвае, у каго нос доўгі, а я біцца буду. Эх і ўрэжу ж гэтаму абскубанаму ахвіцэрыку. А начальніка з мяне не выйдзе.
4...
Надвячоркам Гэля ўбегла ў Іванаў двор. Азіраючыся, абмыла ў лужыне чаравікі. Яна крадком ішла па гразкім полі, агародамі і загуменнямі, каб яе не ўбачылі тут; баялася, што бацька дазнаецца і сілком пагоніць дадому.
Іванаў двор малы і гразкі, здратаваны авечымі капытамі, закіданы гноем і трэскамі. Старая хата завалілася на адзін бок, саламяная страха зарасла зялёным мохам. Гэля падышла да шырокіх дзвярэй, павярнула закрутку. У цёмных сенцах ніяк не магла намацаць клямку. Дзверы адчыніліся з сярэдзіны.
Читать дальше