— Хэндэ хох?!
— Хяндога, — па складах растлумачыў Міхась. — Такое прозвішча ў яго. — I толькі цяпер успомніў, што на Беларусі ў некаторых мясцінах словам «хандога» завуць таго, хто любіць чысціню і ахайнасць.
Бліжэйшыя вартавыя з абодвух ланцугоў ачаплення насцярожанымі позіркамі праводзілі Хяндогу, які нерашуча ішоў па дне кювета. Сённяшняе наведванне сялянак, што прывезлі палонным перадачу, парушыла спакойны абед вартавых, якія цяпер вымушаны паглядваць туды, дзе няведама што збіраецца вытвараць канваір з жалезным крыжам на грудзях.
Пры з’яўленні Хяндогі Міхась з Леанідам трохі супакоіліся. Разам яны перабралі і параскладалі на траве буханкі, якіх налічылі васемнаццаць: шэсць круглых і дванаццаць фармавых.
— На вока розніцу ў іх вазе не вызначыш, — па-дзелавому разважыў Хяндога. — Будзем лічыць, што яны ўсе аднолькавыя. Атрымліваецца адна буханка на шасцярых. Дзесяць фармавых адкладзём, а астатнія разрэжам так, каб дадаць да кожнай адкладзенай яшчэ па дзве трэці буханкі.
Ад дзвюх фармавых і ад кожнай круглай на вока ён акуратна адвавуліў па дзве трэці, дадаў іх да васьмі някранутых, а да дзвюх астатніх адкладзеных дабавіў па чатыры з адрэзаных кавалкаў. Рэшту абрэзкаў склаў разам і з’едліва прамовіў:
— Яшчэ і лагерным прыдуркам засталося!
— Булачкі таксама ім?—здзівіўся Міхась.
— Не варта, — пашкадаваў Леанід.
— Усё роўна іх не падзеліш на ўсіх, — супакоіў Хяндога. — Дый вартавыя могуць уступіцца за сваіх памагатых. Немцы любяць парадак. Хай нашых ведаюць!
— А пра траіх нацмэнаў, што працуюць на грузавіку, не забыліся? — схамянуўся Міхась.
— Не пакрыўдзілі, — апраўдваўся Хяндога. — Толькі іхнія тры пайкі возьмем разам з порцыямі нашай дзесяткі.
Настаў рашаючы момант. Хлопцы чакалі, што будзе рабіць Хяндога. А той аддаў Леаніду цясак, паволі абвёў вачамі падзелены хлеб, як быццам пераправяраючы, ці не памыліліся яны, а потым сказаў:
— Папрасіце канваіра, каб дазволіў дзесятнікам падыходзіць сюды па адным. Яны забяруць хлеб на свае дзесяткі. А вы напаследак возьмеце порцыі нашай дзесяткі i скажаце яму, што абрэзкі мы пакідаем лагерным прыдуркам,— i ён спакойна пайшоў па дне кювета да палонных.
Леанід узабраўся на край абочыны і, працягваючы ка-нваіру цясак, папрасіў немца дазволіць дзесяцярым палонным падысці па адным i забраць падзелены хлеб.
Хяндога, мусіць, папярэдзіў дзесятнікаў, каб тыя былі напагатове, бо, як толькі вартавы падаў рукою знак, што ён дазваляе палонным па чарзе падыходзіць сюды па адным, яны, спяшаючыся, адразу ж пачалі чаўночную аперацыю: адзін падыходзіў, забіраў хлеб і накіроўваўся назад, а адтуль насустрач яму ўжо ішоў наступны.
— Як арганізавана ўсё атрымалася!—здзівіўся канваір, як толькі апошні дзесятнік з хлебам адышоў па дне кювета да палонных.-Прызнацца, я не чакаў такога парадку!
«Калі б не Хяндога, дык яшчэ невядома, чым бы ўсё скончылася, — з палёгкаю ўздыхнуў Міхась, забіраючы хлеб на сваю дзесятку. — Хяндога выручыў нас. Ускладзены на нас абавязак мы самі не давялі б да канца. Буханкі на пайкі раздзялілі б, але не прыдумалі б, як без панікі і штурханіны раздаць іх усім палонным. А Хяндога нават не стаў разразаць усіх буханак, але затое як спрытна ён рашыў складаную задачу. Аказваецца, што значыць кемлівасць, разлік i вытрымка! Кажуць, адна галава добра, а дзве яшчэ лепей. Але калі няма адной разумнай ды разважлівай, дык мала толку i з дзесяці пустых, хоць гарачых».
Адыходзячы, хлопцы сказалі вартавому, што пакідаюць тут пайкі перакладчыка і наглядчыкаў. Іхняе рашэнне, відаць, уразіла канваіра, бо ён спачатку грэбліва зморшчыў твар. Але потым пасля некаторага роздуму ўсё-такі паклікаў перакладчыка Ваньку забраць хлеб, выдзелены для лагерных прыдуркаў. А сам схамянуўся, накінуў на плячо рэмень вінтоўкі, якую прывычна адціснуў уніз кісцю, і локцем сагпутай рукі і ўразвалку, як нічога не было, пайшоў у ланцуг ачаплення. Ці таму, што мінула ладная частка абедзеннага перапынку, ці таму, што вартавы не хацеў перашкаджаць хлопцам дадзельваць хлеб, але канваір не папрасіў ні Міхася, ні Леаніда распальваць яму цяпельца. На гэты раз ён за-піваў астылай каваю непадагрэтыя лусты бутэрброда, i яго задавальняла адно тое, што ў абедзенны перапынак гэтыя галодныя людзі будуць таксама есці хлеб, а не вышчыкваць у кювеце траву. Яму нечага было саромецца таго, што ён адзін змог зрабіць для ix нязначную, малюсенькую паслугу. Хаця, калі б немец заглянуў, што адбываецца зараз на дне кювета, ён папярхнуўся б ад даўкага камяка слёз.
Читать дальше