Адказ перакладчыка падаўся прэзідэнту слушным, але пэўнасці не дадаў. Да таго ж у прэсе ды ў інтэрнэце з’явіліся допісы-меркаванні пра курсы ў Адміністрацыі і кабінеце міністраў, і цяпер адбою не было ад тэлефанаванняў, добрая палова з якіх грунтавалася на парадах, як і што след рабіць далей. Траціна з іх уяўляла істэрычны енк. Прычым даймалі і апаненты, і аднадумцы, асабліва з ліку пенсіянераў, што, знябыўшыся, відаць, адсутнасцю сталага занятку, ліхаманкава шукалі хоць які для ліквідацыі духоўнага вакууму. Не засталася ўбаку ад справы, канечне, і моладзь. Дня не мінала, каб хтосьці не распачаў у сеціве дыскусіі на моўную тэму. Купкі маладзёнаў настойліва асаджалі будынак з патрабаваннем прыспешыць справу ці, наадварот, наогул яе скасаваць. Плошча перад будынкам Адміністрацыі на вачах ператваралася ў пляцоўку для перформансаў. Ад усяго гэтага галава ў прэзідэнта ішла кругам, і ён вырашыў пагаманіць з Вольгай Андрэеўнай.
Яны сустрэліся ў канферэнц-зале. Вольга Андрэеўна толькі што скончыла дадатковыя заняткі з групай рэферэнтаў і сакратароў амбасадаў і цяпер сядзела ў самоце ля стала, гартала нейкую кніжку.
— Ну, як вам навучанне нашага штата? – спытаў прэзідэнт. – Задаволеныя працай? Не шкадуеце, што згадзіліся на яе?
— Дзякуй, усё добра, — адказала жанчына і запытальна зірнула на яго. – Але... што далей? Я маю на ўвазе практычны бок справы. Вы ж, пэўна, маеце нейкі план? Не можа быць, каб не мелі. Не дзеля пустога ж інтарэсу ўся гэтая мітрэнга з курсамі...
— А вось наконт гэтага я якраз, дарэчы, хацеў з вамі параіцца, — сказаў ён. – Што вы маглі б прапанаваць? Парайце, калі ласка...
— Я? Не ведаю... Раіць прэзідэнту – так гэта нязвыкла... Разумею, як вам цяжка, ды што я магу параіць? – Вольга Андрэеўна памаўчала колькі хвілін. — Хіба што вось гэта, можа, – асабіста для вас, пачытаць. – Яна паказала вачыма на кніжку, якую толькі што гартала. — Вы яе бачылі, дарэчы, – у нас у ліцэі пасля вечарыны, яшчэ падымалі з долу ды з майго чытацкага густу пакпілі: вось што, маўляў, настаўніцтва чытае… Хацела сёння вярнуць у бібліятэку, але магу вам пазычыць на колькі дзён… Магчыма, гэтая кніжка паможа вам прыняць нейкае рашэнне. Можа быць...
Яна пасунула кніжку на сярэдзіну стала. Па лёгкасці жэста, з якой яна гэта зрабіла, няцяжка было здагадацца, што ніякага таемнага змыслу за яе прапановаю не хавалася.
— Алан Бэнэт? «Няпросты чытач»? Як жа, памятаю… Штосьці пра каралеву, здаецца… Так? І што — тут ёсць адказ на нашае пытанне? – спытаў ён здзіўлена і адначасна крыху недаверліва.
— Што вы, адказ – занадта гучна. Але вось накірунак думкі, здаецца, дакладна ёсць. Сапраўды. Ды вы пачытайце і самі ўсё зразумееце.
— Ну, калі вы раіце, тады, канечне, варта пачытаць. – Прэзідэнту карцела яшчэ спытаць, пра што кніжка, але ён стрымаўся: ужо ж як-небудзь сам дасць рады даўмецца, што там да чаго.
Твор Бэнэта напачатку падаўся прэзідэнту сумнаватым. Папраўдзе, ён нават падумаў, што наўрад зможа яго асіліць. Асабліва раздражняла яго манера пісьма англічаніна – занадта павольная, марудлівая, быццам не аўтар кіраваў творчым працэсам, а, наадварот, словы дыктавалі яму сваю волю. Але спакваля ўсё стала на свае месцы, і інтрыга, звязаная з пераўтварэннем галоўнага персанажа — каралевы Елізаветы спачатку ў простую чытачку, а затым – праз чытанне – у захопленую творчым свербам асобу літаральна яго паланіла. Не кажучы ўжо пра пасаж у заключных радках твора, дзе каралева празрыста намякае пра свой намер адмовіцца ад кароны на карысць творчасці з-за несумяшчальнасці творчага і ўладнага пачаткаў. Фінал аповеду з апісаннем размоваў за колькі хвілін да добраахвотнага адрачэння каралевы ад кароны так уразіў прэзідэнта нязмушанай лагічнасцю фабулы, што яму нават прыйшла ў голаў думка спраўдзіць пададзены пісьменнікам факт у энцыклапедыі. І толькі ўзгадаўшы нядаўняе віншавальнае пасланне каралевы з нагоды чарговай гадавіны ягонай уласнай інаўгурацыі, ён зразумеў: сцэна адрачэння – чыста гіпатэтычная, плод фантазіі аўтара і нічога больш.
Адзінае, што здалося прэзідэнту ў аповедзе англічаніна не да месца – згадкі пра людзей, імёнаў якіх ён ніколі раней не чуў і радкі пра якіх, як яму здавалася, не неслі ў творы аніякай нагрузкі. Вось нейкі літаратар Жэнэ, да прыкладу, аб прозвішча якога ягонае вока зачапілася, памятаецца, яшчэ ў ліцэі, — якое ён мае дачыненне да сюжэту? Пры чым ягоная асоба да лёсавызначальнага рашэння каралевы? А, пэўна ж, мае, калі ажно некалькі разоў, пачынаючы ад першых радкоў рамана, згадваецца.
Читать дальше