«Не, гэта ўжо не эпідэмія, гэта – пандэмія», — падумаў ён і пачаў ліхаманкава сціраць са сцяны крамзаніну. Сціраў ды дакараў сябе за неабачлівасць: трэба ж было гэтак па-дурному даць глебу для шантажу! І нават думка, што калі б не было Жэнэ ды Арсеня, што-небудзь іншае (народ той яшчэ) нядобразычліўцы прыдумалі б, чамусьці не суцяшала.
Але самая вялікая неспадзянка чакала прэзідэнта дома.
Ад самага пачатку, ледзь толькі ён пераступіў цераз парог рэзідэнцыі, штосьці падалося яму ў доме не такім, як звычайна. Гнятлівая цішыня панавала ў паветры. Жонка, хоць і сустрэла яго, паводле завядзёнкі, пры ўваходзе, паводзіла сябе так, быццам яе смяртэльна пакрыўдзілі: у вочы глядзець пазбягала, на пытанні адказвала адно немым кіўком галавы. А калі і прамаўляла якое слова, дык рабіла гэта падкрэслена суха, быццам вытрымлівала патрабаванні афіцыйнага пратакола: так, спадар прэзідэнт, як скажаце, спадар прэзідэнт. Апошняе канчаткова збіла яго з тропу. Што да чаго, уранні, пасля пяшчотна-мілоснай, поўнай эратычных вытанчанасцяў ночы, гэтак цёпла, здаецца, развіталіся? Зноў жа, казала, збіраецца апоўдні з сяброўкай у spa-салон, а тут на табе — ні каліва макіяжу на твары. І вочы вунь запалыя, як пасля хваробы...
Адказ на гэткія дзівосы чакаў яго ў кабінеце. Кампутар быў падключаны да інтэрнэту, і на маніторы яго красаваўся фотаздымак-калаж, на якім яны з Арсенем – хлопец у позе прыгнутага ветрам долу сланечніка, ён – ззаду, у паставе персанажа з анекдота пра асобаў, з-за якіх ужо і за шайкаю ў лазні неўзабаве не нахінешся, чытаюць кніжку Жэнэ. Зверху на ўсю шырыню калажа зіхацеў, пераліваўся колерамі вясёлкі вялізны, памерам на дзве траціны экрана, надпіс на мове: «АПСІМАТ І ЯГО АМАНУЭНСІС[ 12 12 Паводле «Літаратурнага слоўніка», якім карыстаецца каралева ў «Няпростым чытачы» А. Бэнэта, апсімат – чалавек, які пачаў позна вучыцца, амануэнсіс – літаратурны памочнік.
]».
— Поўны ўлёт, лепш не прыдумаеш, — азвалася з калідора жонка і шпурнула на канапу томік француза. – Вось, радуйся, на працу мне сёння бандэроллю ананімна зычліўцы даслалі. Але гэта што, паглядзі яшчэ блогі: стракацяць абсмоктваннямі тваіх прыгодаў. Дачок бы пасаромеўся, валацуга... Дзеўкам праходу цяпер не будзе... А мне як такое трываць? Што я маме ды астатнім сваякам скажу? Вось… а яшчэ прэзідэнт!
— Ну, гэта... гэта... выдумляюць чорт ведае што, бамбарылы!— сказаў ён роспачліва. Ды як ні быў выбіты з каляіны непамыснотамі дня, даў рады паправіцца і сказаць так, як вучыў Арсень, з захаваннем аўтэнтычнасці выслоўя ў мове: — Выдумляюць чорта з лапцямі. І што гэта, дарэчы, за слова – улёт? Толькі прыдуркаватых арго нам у хаце не хапала!
— Быццам… быццам апсімат з амануэнсісам лепш! – зноў зайшлася абурэннем жонка. Па тым, як беспамылкова вымавіла яна злёту абодва словы, няцяжка было здагадацца: зачапіла кабеціну як мае быць і, хутчэй за ўсё, надоўга.
На паседжанне ў Кіеў прэзідэнт паляцеў з перакладчыкам, які працаваў у Адміністрацыі да Арсеня. Арсень жа застаўся за намесніка старшыні камісіі іспыту па мове. Меркавалася, што ён будзе старшынёй, але ў апошні момант прэзідэнт, збіты з панталыку валтузнёю вакол іх супрацы ў калідорах Адміністрацыі і ў сеціве, перадумаў і аддаў лейцы кіравання Эпізодчыку: няхай пашчыруе, у скрайнім выпадку, калі што якое, не будзе на каго, апроч як на сябе, наракаць. Канечне, лепш за ўсё было б даверыць старшынства Вользе Андрэеўне, але яна катэгарычна адмовілася: куды мне, маўляў, няхай свае вядуць рэй.
Увесь час, пакуль на паседжанні ішлі дэбаты, прэзідэнт адчуваў сябе быццам выкінутае з гнязда птушаня ды вяртаўся раз-пораз у думках да падзей папярэдніх дзён. Ці не перастараліся яны з Арсенем ды Вольгаю Андрэеўнай, ці не перагнулі палку з моўным пытаннем? Не дадавала гумору і нейкае неўспадзеў прыкметна пахаладзелае стаўленне да ягонае асобы ўдзельнікаў паседжання: лаяльны да ўсяго канцлер Нямеччыны, які гадамі церпіць у сваім кабінеце міністра-вычварэнца і ягонага памочніка-палюбоўніка і глядзіць скрозь пальцы на афіцыйныя гойсанні закаханай пары па свеце, раптам ні з таго ні з сяго пачаў прыкметна (двайны стандарт у дзеянні?) ад яго дыстанцавацца. А расіянін дык і наогул прылюдна дэманструе непрыхільнасць, пры сустрэчы адно перасмыкнуў вуснамі і руку падаў з сашчэпленымі пальцамі, быццам іх у яго знерухоміла палярушам. Рознае, канечне, аднаму і другому абыходзіць, а, бач, умомант схаўрусаваліся, во і дай тут рады вытрымаць лінію.
Читать дальше