Усе гэтыя дні хваробы прэзідэнт вывучаў Закон аб мовах. А ў панядзелак, дачытаўшы апошні яго артыкул ды перачытаўшы зноў усё спачатку, патэлефанаваў Арсеню і папрасіў таго размножыць тэкст у колькасці, адпаведнай ліку супрацоўнікаў Адміністрацыі, ды раскласці асобнікі па сканчэнні працоўнага дня ў іх на сталах. Перакладчык ахвотна згадзіўся, і ў аўторак уранні прэзідэнт, адданы звычцы з’яўляцца на працоўным месцы раней за ўсіх, з задавальненнем убачыў на сталах падначаленых раскладзеныя напярэдадні Арсенем аркушы дакумента.
Першыя прыкметы рэакцыі на іхні з Арсенем сюрпрыз з’явіліся гадзінам к дзесяці. Пра гэта ён здагадаўся, калі быццам незнарок, а насамрэч каб спраўдзіць тую рэакцыю, выйшаў у канцылярыю. Усюды панаваў неўласцівы калідорам будынка Адміністрацыі рух, на тварах супрацоўнікаў чыталася напружанасць уперамешку з перасцярогай. То справа, то злева раз-пораз ляпалі дзверы, і хто-небудзь выходзіў з кабінета з тэкстам Закона ў руках, праставаў да дзвярэй суседняга. Нават кіраўніца канцылярыі, флегматычная дама з заўсёдным адзіным клопатам як хутчэй выдаліць са сваёй жыццёвай прасторы чарговага наведніка, гэтым разам выглядала нязвыкла ўзрушанай.
А дванаццатай, як папярэдне дамаўляліся, прыйшоў Арсень.
— Вось, нарабілі мы з вамі пярэпалаху, малады чалавек, разварушылі мурашнік, – ледзь той пераступіў праз парог кабінета, сказаў прэзідэнт. – А што далей?
— Я думаю, самы час арганізаваць пры Адміністрацыі ды кабінеце міністраў курсы па вывучэнні мовы, — ахвотна, бы толькі такога пытання і чакаў, адказаў Арсень. – Запрасіць добрага спецыяліста, хай бы папрацаваў са штатам...
— А праўда, курсы, чаму б і не? – не без каліва здзіўлення, але не ад нечаканасці прапановы, а ад таго, што іх з Арсенем меркаванні гэтак дакладна супалі, сказаў прэзідэнт. – Але хто мог бы іх праводзіць? Можа, маеце каго-небудзь на прыкмеце?
— Ну, гэта, думаю, не праблема. Вось маю настаўніцу былую можна запрасіць, Вольгу Андрэеўну. Адукаваная жанчына і досвед выкладання прадмета належны мае. Ды вы яе ведаеце – яна дырэктаркай у ліцэі, дзе вы былі нядаўна, робіць...
— А, канечне, ведаю. Сімпатычная жанчына. Ну, то на яе кандыдатуры, мабыць, і спынімся. Але адкуль вам вядома, што я быў у ліцэі?
— З газет. І Вольга Андрэеўна хвалілася… Прэзідэнт наведаў ліцэй – не шараговая ж падзея… Дык патэлефанаваць ёй?
— Сам патэлефаную, — сказаў нечакана холадна прэзідэнт і, даючы знаць, што размова скончана, схіліўся над паперамі. Неспадзеўная памякчэласць паводзінаў, на якой ён усё часцей пачаў сябе лавіць у стасунках з падначаленымі пасля таго, як заняўся моўным пытаннем, крыху яго бянтэжыла і насцярожвала. Хоць, канечне, можа, Арсеня крыўдзіць гэткім во чынам дзеля захавання субардынацыі і не варта было б… Што да астатніх, то, безумоўна, якую б адданасць яны ні ўдавалі, трымацца воддаль не зашкодзіць.
Вольга Андрэеўна, асоба без належнага досведу таго, што ў краіне з зародкавым станам дэмакратыі што ў маргінальным асяроддзі, што ў калідорах улады ў любой справе галоўны стымул – пуга, успрыняла прапанову аб правядзенні курсаў па мове без энтузіязму. Як сама прызналася падчас тэлефоннай размовы – з-за элементарнай боязі:
— Ох, спадару прэзідэнт, сумняваюся... У такім месцы ды з такімі людзьмі працаваць – ці здолею я? Гэта ж вам не ліцэй...
І толькі калі ён паабяцаў падтрымку ў выглядзе ўласнае прысутнасці на занятках, жанчына дала згоду.
Аднак выканаць абяцанне прэзідэнту не ўдалося, бо на пачатку тыдня яму давялося тэрмінова ляцець на пахаванне былога прэзідэнта адной з краін постсавецкай прасторы. І ён даручыў усе клопаты па забеспячэнні належных умоваў для правядзення курсаў Арсеню. Той згадзіўся выканаць даручэнне ахвотна, ды так ахвотна, што, мусіць, ці не перабраў імпэту. Бо калі прэзідэнт вярнуўся з пахавання, яго сустрэла ў родных пенатах атмасфера ўсеагульнай не то разгубленасці, не то незадаволенасці.
Ён паклікаў Арсеня, каб распытаць, што здарылася.
— А што магло здарыцца? – паціснуў той плячыма. – Курсы як курсы, нічога звыш такога. Вось, да іспыту па мове пакрысе рыхтуемся, пытанні раздалі з Вольгай Андрэеўнай.
— Да іспыту? Ці не занадта гэта? – узвысіў голас прэзідэнт. – Так, ведаеце, і распужаць людзей нядоўга.
— А вы хочаце, каб як два дзесяцігоддзі таму было? Будуць сядзець, узброіўшыся асадкамі, са спадзевам, што вось зараз ты, настаўнік-цудадзей, іх за гадзіну ўсяму навучыш, а самі нават у слоўнік дома ні разу не зазірнуць — якое ж гэта навучанне? Мову так не вучаць!
Читать дальше