Усю ноч пасля прыёму пытанне гэтае – з чаго пачынаць? – не давала прэзідэнту спакою. Выйсце ж падказаў назаўтра зноў-такі Арсень, параіўшы звярнуцца да дакумента больш як дваццаціпяцігадовае даўніны – прынятага колісь моўнага Закона, згодна з якім мова аб’яўлялася ў краіне адзінай дзяржаўнай:
— Што вынаходзіць ровар? Вярнуцца да таго Закона, і ўсе вам клопаты. І нос, казаў той, у тытуню.
— Закон, кажаце? – прамовіў у задуменні прэзідэнт і гукнуў памочніка, каб распарадзіцца расшукаць у нетрах архіўных папер асобнік Закона.
Рэшту дня прэзідэнт літаральна жыў прамінулаю прамовай. Чвэрці гадзіны не мінала без камплімента каго-небудзь з падначаленых, віншаванні сыпаліся, як крупы з дзіравай торбы. Нават тыя, хто не прысутнічаў на прыёме, а толькі чуў пра яго з чужых словаў, лічылі за абавязак выказаць прэзідэнту сваё захапленне. Ды, нягледзячы на відавочны, несумненны поспех, цалкам завалодаць сабою стану эйфарыі прэзідэнт, чалавек валявы і дастаткова рацыянальны, не даў. Паклікаў за паўгадзіны да адыходу дадому ў кабінет Арсеня, і перш чым той паспеў скончыць чарговую порцыю пахвальбы, заклапочана сказаў:
— Гэта добра ўсё, але што далей?
— Што, прабачце? – не зразумеў перакладчык. – Калі вы наконт мовы, то я ж казаў вам ужо – падыміце Закон.
— Я не пра тое. Вось вы ўсе хваліце мяне, а я, паверце, нічога не адчуваю, апроч... апроч дэфіцыту напаўнення ў моўнай галіне, вось што... Дык, можа, параіце мне яшчэ што-небудзь для чытання? Можа, кніжку там якую ці проста артыкул... Пэўна, гэта было б... патрыятычна.
— Я думаю, вам след пазнаёміцца яшчэ з якім-небудзь з раздзелаў мовы, — сказаў па хвіліне роздуму перакладчык. – Напрыклад, што-небудзь з дыялекталогіі. Гэта цікавы раздзел, і ў адукацыйным плане ён стане добрым дадаткам да матэрыялаў па фразеалогіі. А галоўнае – дапаможа вам, так бы мовіць, паглядзець на мову з іншага боку, больш шырока. Запісаць вам аўтараў і назвы кніжак? А хочаце, прынясу, у мяне дома шмат ёсць такога.
— Прынясіце, канечне, — падхапіў ён і дадаў, панізіўшы голас: — Але толькі без гэтага, ведаеце... залішняга ажыятажу.
Што казаў – ведаў. Ці ж не парадокс: трэці год як змяніў статус апазіцыйна дзеяча на пасаду кіраўніка дзяржавы, а ў вачах шмат каго нават тут, у асяродку Адміністрацыі і кіраўніцтва справаў, дзе, здавалася б, павінны быць спрэс аднадумцы, па-ранейшаму ў вачах сяго-таго заставаўся апазіцыянерам.
Арсень прынёс абяцаную кніжку праз дзень пасля размовы. Прэзідэнт адразу ж збольшага прагартаў яе ды і міжволі пашкадаваў, што замовіў: тэкст «Дыялекталогіі» падаўся яму значна цяжэйшым за дапаможнік па фразеалогіі — з-за вялікай колькасці нязвыклых лінгвістычных тэрмінаў. Спачатку, там, дзе ішла гаворка пра наяўныя ў краіне дыялекты і межы іх бытавання, чытанне давалася лёгка. А вось пасля, калі пацягнуліся адно за адным грувасткія навуковыя азначэнні асаблівасцей дыялектнага маўлення, справа значна ўскладнілася. Канечне, ніхто яго чытаць не змушаў, і ён мог у любую хвіліну паставіць на моўнай самаадукацыі крыж. Але не такая была ў прэзідэнта натура, каб гэтак лёгка здацца.
Не, ён не здасца! Калі не здаўся падчас выбарчай гонкі, дзе і не гэткія перашкоды з боку супернікаў даводзілася адольваць, то ўжо тут, у такой простай справе, як мова, саступіць было б недаравальна. Прэзідэнт быў чалавекам гонару, і кожную справу, якую ні пачынаў, даводзіў да канца. Адзінае, што надта замінала яму і цяпер, па прыняцці рашэння працягваць самаадукацыю, быў недахоп часу. І яшчэ — немагчымасць засяродзіцца на змесце кніжкі з-за пастаянных наведнікаў. Не спрыяла паспяховаму навучанню і тое, што падначаленыя ўсё часцей суправаджалі падазронымі паглядамі ягоную руку, калі ён спехам хаваў пры іх набліжэнні кніжку ў шуфляду стала, ці проста клаў яе на падлогу, а то і соваў, не паспеўшы прыкрыць газетаю ці іншай кніжкай, – смех сказаць – пад мяккае месца. І ён вырашыў перанесці асноўны цяжар спасціжэння свету дыялектаў і дыялектызмаў дадому.
Жонка ўспрыняла ягонае неспадзеўнае захапленне мовай даволі абыякава. Не сказаць каб усцешылася, але надта, здаецца, і не засмуцілася: што ж, так дык так, хай будзе ў яго раман з мовай, на здароўе, абы не з маладзіцай ды абы выкананнем сваіх сужэнскіх абавязкаў не грэбаваў з прычыны, што сіл, маўляў, на што іншае пасля таго рамана не засталося. Кабета памяркоўная і ўраўнаважаная, яна ад самага пачатку іх шлюбу аддала ў стасунках з ім перавагу адстаронена-незласлівай насмешлівасці, таму нават калі б ён раптам (цьфу-цьфу, канечне!) прапанаваў ёй, да прыкладу, сеанс калектыўных любошчаў, несумненна знайшла б на тое годны адказ. Хаця, з другога боку, хто ведае: жанчына да каго ды чаго заўгодна здольная прыраўнаваць, вунь колькі прыкладаў навокал.
Читать дальше