Зелянуха зноў падае голас, штосьці кажа ім, высоўвае з салона кульбу.
— Не-не, — спыняе яго Бібік і, счакаўшы хвіліну, пакуль стары ўцягне кульбу назад, зачыняе дзверку аўто, загадвае кіроўцу «хуткай» ад’язджаць.
«Хуткая» скранаецца з месца, паварочваецца бокам да будынка, і Дарашэнка выразна бачыць праз шыбіну на лежаку накрытае прасцінаю цела. Мяркуючы па абутку, што вытыркаецца з-пад рога прасціны, — цела жаночае. Але разлядзець яго больш пэўна не даць рады, бо аўто дазнаўцаў ужо мчыць наперад, засланяе сабою і шыбіну, і руку ці то медыка, ці то санітара ў белым, што таропка нагінаецца над целам, каб прыкрыць ногі прасцінаю.
— А я дык і не сумнявалася, што гэтак скончыцца, — кажа раздатчыца Зінаіда і падцінае танюткія, быццам усохлыя з-за недахопу плоці, што ўся пайшла на фармаванне іншых частак неабдымнага, альбжымага[ 6 6 велізарнага, агромністага (ад польск. olbrzymi).
] – Алушына слоўка — цела, вусны. – З такога сяброўства калі што добрае атрымлівалася? У вочы – сю-сю, у вачах жа – спрэс нянавісць... Вось ён яе, гэты старэча, і ўходаў. Вось паглядзіце: ён забойца, швэнда буду, калі не пацвердзіцца маё прыпушчанне.
Зінаіда заўсёды ўсё ведае, таму і на гэты раз ёй даюць веры без залішніх ваганняў. Балазе, што і навіну пра смерць прыбіральшчыцы яна даведалася першая. І цяпер ахвотна дзеліцца ёю з кожным, хто таго ні пажадае. Хоць ужо, папраўдзе, нікога, хто б быў не ў курсе справы, у корпусе, відаць, няма.
— У пастарунак ні за што, так сабе не пацягнуць, — рэзюмуе наастатак раздатчыца, і гэта – апошняя кропля, пасля якой ні ў каго нават каліва сумневу наконт Зелянухавай вінаватасці ў смерці Мілы Сцяпанаўны не застаецца. Тым больш, што ўжо гадзіны тры мінула, як аўто дазнаўцаў і «хуткая» ад’ехалі ад будынка, а яго ўсё няма і няма. Значыць, штосьці такое ёсць: хто б гэтак доўга трымаў у пастарунку невінаватага, тым больш старога ды ў дадатак не надта здаровага чалавека?
«Штосьці ёсць», — думае Дарашэнка і брыдзе калідорам да свайго пакоя. Думае, што няблага было б як след адаспацца, але класціся яму зусім не хочацца, і ён выходзіць на балкон. І адразу натыкаецца паглядам на кропку святла ўдалечыні. Кропка няўхільна большае, і вось тое самае аўто, у якім Галыга з Бібікам павезлі надвячоркам Зелянуху, спыняецца ля ганка. Стары вылазіць з яго, памалу ступае па жвіры да ўвахода ў корпус.
— Дойдзеце самі, ці памагчы, дзядуля? – пытаецца праз прыспушчанае шкло кіроўца, і Зелянуха грэбліва – адчапіся, маўляў, што за глупствы – адмахваецца ад запытанта кульбаю.
— Ну, глядзіце самі, мне што. Мне загадалі зрабіць чын чынам – я і раблю. Каб потым не наракалі...
Аўто з’язджае з двара, і стары доўга-доўга глядзіць яму наўздагон. Глядзіць так утрапёна, так пільна і разам з тым так насцярожана, быццам баіцца, што яно, крый Бог, вернецца. І толькі калі чэзне сярод зарасніку кропка святла, ажывае, плюе сабе пад ногі, з выглядам паляўнічага, якому нясветна пашэнціла падчас сафары, сунецца да дзвярэй.
— І ахвота ж людзям мерзнуць на балконе, — кажа, і ягоны хрыплівы голас з’едлівым тэнарком працінае паветра. Працінае так неспадзеўна, што Дарашэнка нават не паспявае даўмецца, да каго той тэнарок скіраваны. А калі ўрэшце дапетрвае, што да яго, адказваць ужо няма каму.
Палова дванаццатай, а сонца яшчэ ні на хвіліну як след не вызірнула з-за хмараў, і неба, што сям-там свіціцца кволаю сінечаю на тле іх шматкоў, нагадвае сурвэтку з бруднымі плямамі ежы па абедзе. Быццам хто там, угары, сядзіць з мяшалкаю ды наўмысна, каб дадаць маркоты ўсяму, што на доле, збівае іх у бязладны гурт. Але і дажджу няма, ды гэта ці не горш, бо толькі дадае наваколлю вусцішу і няпэўнасці.
Дарашэнка сядзіць у альтанцы наўзбоч увахода ў корпус, згадвае ўчорашні візіт Алушы. Дакладней, жончыны словы пра Ігара, наконт ягонага супрацоўніцтва з органамі. Ягоны сын – стукач? Дажыліся! З другога боку, як непярэліўкі, – што зробіш, чалавек мяркуе, а Бог кіруе... Хлопец гэтулькі сілаў паклаў на кандыдацкую, а цяпер што – аддаць усё на волю лёсу? Быццам няведама, як часам лёс абыходзіцца з чалавекам... І зноў жа, ці не занадта вялікая плата за нейкую паперку? Нікуды тая дысертацыя не ўцякла б, ну, не абараніўся б зараз – абараніўся б пазней. Але ж, бывае, і на хвіліну спазненне вунь як той жа лёс перакруціць. Думаеш, на хвіліну спазніўся, а яно ўжо, глядзь, — незваротна сплыло, што мела быць. Зрэшты, што прыпушчаць, ліха ведае, як яно ўсё там насамрэч, хай сам вырашае, не дзіця... Як вырашыць, так і будзе, кожны сам сваю сцяжыну ў жыцці цярэбіць. Ды, можа, і праўду Алуша кажа: па-рознаму можна супрацоўнічаць...
Читать дальше