— Мабыць, праўда твая... Вось маёй адной знаёмай мужык, пісьменнік, да прыкладу, таксама пра парадыгму любіць паразважаць. Толькі не пасіўна, як мы зараз, а з прыцэлам на будучыню. Кніжак ягоных людзі не чытаюць, дык вырашыў, ведаеце, па-новаму пісаць. Маўляў, няма чаго боты апісваць, трэба больш прынадныя сферы асвойваць. І во толькі што, хваліўся, аповед мадэрновы выдаў на-гара – пра эякуляцыю ў гумовік.
— Вар’ят, — рэзюмуе ўчынак героя аповеду Алуша і глядзіць на Дарашэнку. — Саша, што ты маўчыш?
— А што казаць. І так усё зразумела, — прамаўляе ён і паціскае плячыма.
— Усё, час ад’язджаць, а то да рання не дабярэмся дахаты, — кажа Нэля і дапівае напой.
Жанчыны ўвадначас падымаюцца і, перш чым Дарашэнка паспявае хоць бы дзеля прыліку запярэчыць, ідуць да дзвярэй.
— Ну, не сумуй надта, — Алуша счэквае, пакуль выйдзе з пакоя Нэля, цмокае яго ў шчаку. — Дарэчы, працу маю новую не жадаеш паглядзець? Знарок везла, каб табе паказаць.
Ён ідзе следам за жанчынамі да прыторкнутага скрай пляцоўкі аўто, паслухмяна лезе следам у салон.
— Вось, скончыла ўрэшце распачатае, — кажа Алуша і дастае з-за сядзення батык. – Нічога асаблівага быццам, а сілаў шмат запатрабавала.
— І дзе гэта ты бачыла зялёны мухамор? – ахае Нэля. – Ну, я разумею, гарошына там зялёная, ці травіна якая, ці яшчэ што, а то мухамор... Верх зялёны, іспод чырвоны, плямы блакітныя, аж вочы адбірае — ну і грыб! Дзівосы, а не грыб! Сюр-шыза дый годзе! Зусім на цябе не падобна, поўная змена парадыгмы. З чаго б гэта?
— А табе як, Саша? – запальваючы цыгарэту, пытаецца Алуша, і надзея на мужаву ўхвалу гучыць у яе голасе так непасрэдна і разам з тым так нечакана, што Дарашэнка не адразу дае рады знайсці належныя словы ў адказ.
Ён глядзіць на ўвасоблены ў ядвабе Алушын грыб і ловіць сябе на думцы, што яму хочацца адшчыкнуць ад яго кавалачак. І тае ж хвіліны другі, з адшчыкнутым ужо краем шляпкі, Люсін, паўстае перад ім, і думка, што нішто-нічагуткі на гэтым свеце не знікае бясследна, а значыць, не дарэмна, лагодзіць яго.
Яшчэ толькі пачатак жніўня, а дажджы ліюць такія, быццам ужо восень. З раніцы сонца выблісне на пару гадзін, наабяцае богведама якога шчадроцця, ды вось зноў аднекуль наплывуць хмары, зацягнуць ад краю да краю неба, і пачынаецца залева. Яна такая густая, што на двор не высунеш носа: імгненна змочыць да ніткі. Ды і з абуткам у хаце напруга. У Сашкі з маці адны боты на дваіх, іх па чарзе яны і абуваюць, выходзячы па патрэбе. След бы купіць яшчэ хаця б адны, але не выпадае: ёсць рэчы ў гаспадарцы пільнейшыя.
Маці сядзіць пры вакне, лапіць бацькавы нагавіцы, то падчэпіць корт голкаю, быццам выпрабоўвае тканіну на трываласць, то порстка-порстка запрацуе нажніцамі.
Тым часам залева пакрысе цішэе, і вось ужо зноў на дварэ светла і сонечна. А гэта значыць, што Сашкава з Люсяю выправа ў грыбы ўсё-такі адбудзецца.
Сашка скідвае з ног атопкі, улазіць ступнямі ў падсушаныя з вечара пры шчытку боты. Боты яму велікаватыя, і ён перад тым, як іх абуць, старанна – бацькава навука: як абуешся, так і паходзіш – абгортвае ногі анучамі.
— Акуратна там, глядзі, не ўзбіся дзе на патарчаку, — кажа маці і здымае з пальца напарстак. – Падзіравіш апошнія – будзем да зімы басанож хадзіць.
— Ужо ж пастараюся не ўзбіцца, — рады перспектыве набадзяцца, урэшце, удосталь па ачмурэлым ад несупынных дажджоў наваколлі, адказвае ён і глядзіць на ганак барака, дзе чакае ўжо ўхутаная ў падкарочаны на траціну непрамакальны вайсковы Зюзялькоў плашч Люся.
Вакно насупраць з рыпам расчыняецца, і Лёлін (яна тры дні таму прыехала пагасцяваць у Зюзялькоў) тонкі, але гучны, не раўнуючы як у цёткі Карусі, калі тая нервуецца ці злуе, голас урачыста абвяшчае:
— Мухаморы — найлепшыя грыбы! Паясі іх – і адразу па полі паляціш. Паляціш, ажно хвоі замільгацяць прад вачыма і неба бялей гурбаў снегу паўночнага здасца.
— Што яна трылузіць пра хвоі ды пра снег, гэтая дзеўка? Снег сярод лета, авохці! – кажа маці і паціскае плячыма. – От жа дзіўная. А гамоніць складна – павучыцца ў яе.
— Наваражыла Лёлька-варажбітка, — кажа Люся і кладзе мухамор паверх накрыўкі вярэні. Шляпка грыба такая вялікая, што дарэшты хавае пад сабою і накрыўку, і астатнія, ядомыя, грыбы.
Яны стаяць на горняй пляцоўцы паўразбуранага млына, перачэкваюць чарговы напад калючых пасаў дажджу. Холадна, і яны (ці, можа, Сашку так здаецца, што яны, а насамрэч – толькі ён?) ціснуцца адно да аднаго ў спадзеве хоць крыху сагрэцца. Яны ціснуцца целам да цела, і кожны іхні дотык адзываецца ў яго ў грудзях дробным, як ціўканне вераб’ят пападстрэшшу, лекаценнем. Ён штосілы мкнецца суняць лекаценне, і Люся быццам адчувае гэта: то пасунецца ўбок, то адступіць паўкроку назад, то наогул павернецца да яго бокам.
Читать дальше