— Можна ў сталоўцы папрасіць, — адказвае ён.
— Ну, піце сабе свой кохі, а я паехала, — маркотна кажа Нэля і ідзе да дзвярэй.
Яна адыходзіць, і Дарашэнка з Алушаю застаюцца ўдваіх. Быццам у чаканні, хто першы загамоніць, моўчкі сядзяць, забыўшыся пра намер папіць кавы, насупраць адно аднаго хвілін пяць, аж пакуль не абзываецца з калідора, абвяшчаючы поўднік, раздатчыца Зінаіда. Тады адначасна падымаюцца з месцаў, радыя неспадзеўнаму ўмяшальніцтву старонняга, падаюцца ў калідор.
«Вось, усяго тыдзень мінуў, як не бачыліся, а нібыта чужыя адно аднаму», – жахаецца Дарашэнка, сутаргава падшукваючы ў думках тэму для далейшае размовы. Алуша, аднак, апераджае яго.
— У Ігара, ведаеш, нібыта наладжваецца з абаронаю, — кажа і бярэ яго пад руку. – Пры Нэлі не хацела табе казаць, дык цяпер скажу... Чын адзін са службаў, з тых, што на размову яго выклікалі летась перад паездкаю на сімпозіум у Швецыю, абяцае паспрыяць. Не за так, канечне, сам разумееш, давядзецца хлопцу адпрацоўваць. Але ж хоць нейкая надзея...
— Адпрацоўваць? – агаломшана перапытвае ён. – Як гэта? Хочаш сказаць — будзе стукачом?
— Ды супакойся, нічога страшнага. Усялякую ж справу па-рознаму можна рабіць...
Ён хоча запярэчыць, але не паспявае. Раздатчыца Зінаіда заўважае яго са сталоўкі праз расчыненыя дзверы, нецярпліва вабіць да сябе. Яна вялікая прыхільніца тэлесерыялаў, а праз чвэрць гадзіны акурат пачынаецца чарговая серыя, і ёй карціць як хутчэй скончыць працу.
— Толькі жанчыне дадзена гэтак адчуваць, толькі жанчыне, — кажа Алуша і са шкадаваннем глядзіць на экран, дзе курчацца ў перадсмяротным любоўным экстазе змарнелыя целы персанажаў яе ўлюбёнага, бачанага-перабачанага «Начнога парцье». – Каханне, што па-над усім, — хіба мужчына, які б ні быў ён тонкі ды далікатны, такое зразумее? Наогул, мужчына такі фільм наўрад і зрабіў бы. Калі б нават і вельмі захацеў. Малайчына гэтая Кавані[ 5 5 Кавані, Ліліяна – італ. рэжысёр.
]. Праўда, Нэля?
— Ну, вядома, — з выглядам чалавека, які не дасць рады ўцяміць, з чаго гэтулькі эмоцый, адказвае Нэля. Яна толькі што ўвалілася ў пакой пасля ўтомнага шляху з М. і зараз прагна прыгублівае раз-пораз з гарляка бутэлькі прыхоплены ў прыдарожнай забягалаўцы напой. – На тое яны і мужчыны, каб уносіць у жыццё каліва чэрствасці ды грубасці. Хоць, з іншага боку, вось Макс гэты з фільма, да прыкладу, — хіба не ўзор абыходлівасці ў дачыненні да каханкі?
— Садыст, нягоднік, забойца! – прамаўляе Алуша, і ў голасе яе выразна чуецца захапленне. – Але ж затое які рызыкант!
— І віжам умее даць рады, — вяртаючыся да ранішняй гамонкі пра набалелае, кажа Нэля.
Апроч непярэлівак са страйкавым камітэтам у Кірыкаў яшчэ, аказваецца, непрыемнасці, звязаныя са здачай у арэнду памяшкання нейкай апазіцыйнай грамадскай структуры. Арэнда выгодная што адным, што другім, але хтосьці парупіўся данесці пра яе куды след, і цяпер тую дамову аб арэндзе, каб не паляцеў ў тартарары адладжаны, паспяховы кірыкаўскі бізнес, трэба тэрмінова скасоўваць.
— І здольныя ж людзі на вось такія бессаромныя ўчынкі. Я маю на ўвазе тых, што даносяць. І гэта пасля ўсяго распаведзенага ды напісанага пра тое апошнім часам. Поп Гапон ды Паўлік Марозаў у параўнанні з імі – святыя. І сумленне іх не мучыць, і спяць сабе яны спакойна... Як такое назваць? Поўная дэвальвацыя каштоўнасцей...
— Не дэвальвацыя, а змена парадыгмы, так цяпер гэта мянуецца, — адзываецца Алуша. — Якую можна выкарыстаць дзеля апраўдання якога заўгодна паскудства. А як чаго заўгодна, ды яшчэ без належнага падмурку прынцыповасці ў людскіх галовах, – то, лічы, і любой амаральшчыны. Ты згодны, Саша?
— І галоўнае, — апераджае Дарашэнку Нэля, — куды ні паткніся, каб высветліць, адкуль вушы растуць, – нідзе ніякіх канцоў. І калі яно гэткае скончыцца і ці скончыцца калі ўвогуле? Ну, пастраляць толькі гадаў...
— Во-во, пастраляць! То яй... геніталіі паадрываць, то ўжо во – пастраляць... А яшчэ каталічка, як не сорамна! Не ведаеш хіба: апантаны помстаю дзве магілы капае – таму, каму помсціць, і сабе, — кажа Алуша і дадае праз хвіліну: — Адзіны спадзеў застаецца – на маладых, можа, яны што зменяць...
Аднак усцешнасць яе высновы падвяргаецца рэзкаму крытычнаму нападу Нэлі:
— Ат, усе яны адным возам па піва едуць! Ці ты не бачыла ні разу па тэлевізары, з якім понтам маладыя часам сваімі стукацкімі замашкамі выхваляюцца? Такая парадыгма атрымліваецца...
— Што дзіўнага, адвеку ў нас так: утраіх сярод трох хвояў заблукаем і не заўважым адзін аднаго... А як што якое, непярэліўкі якія — абставіны ў нас вінаватыя, парадыгма. Зручна: на іншых панаракаў, а сам і чысты нібыта застаўся.
Читать дальше