Гэта першы іх за шэсць год пасля смерці цёткі Любы сумесны пад’ём на пляцоўку і першае Люсіна пераадоленне справакаванае тою даўняю трагедыяй фобіі. Люся панічна баіцца вышыні, але сёння яна сама пажадала падняцца на пляцоўку, і, мабыць, толькі Бог ды анёлы-ахоўнікі ведаюць, што дзеецца зараз у яе галаве.
Яна нахіляецца над выступам муру, доўга, быццам жадае як болей увабраць у сябе з убачанага на доле, глядзіць на каменне ўнізе. Глядзіць і бязгучна, бы прамаўляе малітву, варушыць вуснамі. Затым безуважна выпроствае руку да вярэні, адшчыквае малюсенькі, як змясціць на краі пазногця, кавалачак мухамора, падносіць яго да рота. І, перш чым Сашка паспявае спытаць, ці не збіраецца яна яго з’есці, злізвае языком з пальца.
Яна глытае, і роспачлівасць ягонага пагляду адбіваецца ў яе прыцемненых няведамым змыслам зрэнках.
— Што ты робіш?—крычыць ён і адчувае, як блытаецца ад жаху ў вузкай прасторы між нёбам і зубамі ягоны скалянелы, спалярушаны ўбачаным язык.—Што?
— Што з табой? — прамаўляее яна, і голас яе гучыць спакойна і крыху расчаравана.—Гэта ж усяго толькі грыб. Грыб!
— Гэта атрута! Ці ты не разумееш? Плюнь!
— Ну, не! – пярэчыць яна і, быццам баючыся, што ён зараз пачне гвалтам змушаць яе да ванітаў, падаецца ад краю ў глыб пляцоўкі. – Нічога не здарыцца, ні-чо-га. Не будзь нервозай!
Яна прамаўляе апошняе так рашуча, што яму нічога не застаецца, як змоўкнуць.
Яны стаяць спінамі адно да аднаго, і цень непаразумення ўпершыню раздзяляе іх. Упершыню ягоная мяккасць закаханага пятнаццацігадовага падлетка разбіваецца на аскепкі аб яе каменна-спарудлівы спакой.
Яны маўчаць, і нясцерпнае жаданне, каб як найхутчэй гэтае дурное маўчанне ўрэшце скончылася, вярэдзіць яго.
Ён думае, як зрабіць крок насустрач, і тут адчувае дотык Люсінай далоні да свайго пляча. І хоць дотык такі лёгкі, што ён ледзьве яго адчувае, радасць ягоная – вось і замірэнне! — такая вялікая, што пераважае ўсе сумневы.
— Навошта ты гэта зрабіла?
— Захацела і зрабіла, — кажа Люся, і ўсведамленне недасяжнасці яе думак-мрояў, хоць яна і не выдае ўжо такой страхавітай, як напачатку, зноў ахоплівае яго.
— І хто ж гэта кладзе атрутныя разам з ядомымі, — кажа баба Настазя і асцярожна здымае мухамор з вярэні. – Ды яшчэ такі аграмадны грыб, гэткім паўмястэчка можна атруціць.
— Паўмястэчка як паўмястэчка, а сяго-таго не шкодзіла б, — адзываецца Люся, і твар яе зноў, як паўгадзіны таму на млыне, робіцца ўтрапёна-зласлівым.
Яна падыходзіць да вакна, за якім зноў дождж сячэ па лістоце кустоўя, што ўжо нават і не ўздрыгвае ў марным памкненні працівіцца стыхіі, глядзіць на зацягнуты пленкаю шэрані — неўзабаве ноч – хвойнік удалечыні. Яна ўзіраецца ў дрэвы, што то цьмянеюць, то, наадварот, святлеюць на тле небасхілу, і здаецца, што нічога болей важнага за тыя хваіны на памежжы святла і ценяў зараз для яе не існуе. Яна свідруе вачыма знябожаныя непагаддзю дрэвы, і адстаронена-няўлоўная таемнасць яе пагляду і намёку на жаданне шчырасці з кім бы то ні было не дакляруе.
Машына меддапамогі падрульвае да будынка, прыпыняецца побач з уваходам у корпус. Другая, міліцэйская, абганяе яе, утыкаецца перадам у сходы ганка. Двое мужчын у цывільным вылазяць з салона, дружна, бы па камандзе, запальваюць па цыгарэціне. Зелянуха мкнецца вылезці з аўто следам за імі, але яму падаюць знак, каб заставаўся на месцы, і ён пакорліва ўцягвае зноў у салон разам з кульбаю высунутую напалову вонкі нагу. Маладзейшы з мужчын кідае ў сметніцу ледзь раскураную цыгарэту, ідзе ў корпус. Другі, старэйшы, што вельмі з твару ды паставы кагосьці Дарашэнку нагадвае, застаецца пры аўто.
Дарашэнка стаіць на балконе наўзбоч ганка, і ўсё, што дзеецца ля аўто і «хуткай», яму добра бачна. Ён сіліцца ўгледзець у салоне паставу Мілы Сцяпанаўны, але зрабіць гэта цераз танаванае шкло немажліва, і яму нічога іншага не застаецца, як чакаць. Але і чакаць доўга не выпадае, бо маладзейшы з хаўруснікаў заўважае яго са сходаў паміж паверхамі, адчыняе фортку, гучна, быццам баіцца, што на доле яго не пачуюць, кажа старэйшаму:
— Тут на балконе чалавек, таварыш Бібік, можа, з ім паразмаўляць? Можа, ён што бачыў...
Старэйшы ўздымае голаў, глядзіць у задуменні хвіліну-другую на Дарашэнку.
— З балкона? Адсюль да ракі вярсты тры, калі не болей, — адказвае сіплаватым голасам і адмоўна круціць галавой. – Ды і не стаяў жа ён там, на балконе, цэлы дзень. Ну, ты даеш, Галыга!
Галыга падымаецца ў калідор, ідзе да пакоя абслугі і праз колькі хвілін зноў збягае на дол – з халатам Мілы Сцяпанаўны ў руцэ. Мужчыны па чарзе абмацваюць халат, нічога не знайшоўшы, кідаюць яго ў салон.
Читать дальше