Выдаўшы пяты том, так выйшаўшы з самім сабой на людзі, мне цяжка далей быць «актыўным, пладавітым», мне трэба знайсці ў сабе штосьці новае, і гэта так нялёгка. І наогул, і ў нашай складанасці, якая, здаецца, яшчэ больш ускладніцца...
Былі дзеці малыя, цяпер прыйшлі ўнукі, адны ва ўсёй несмяротнай красе дзяцінства, другія — ва ўсёй складанасці сталага воку. А мы ўжо ў старасці, як ты там не брыкайся.
Аднак не хочацца дажываць, хочацца жыць. І жывецца пакуль што...
Простая мудрасць: «трэба жыць, як набяжыць» — таксама не гульня словамі, а мудрасць, народжаная ў пакутах.
*
«Если бы я не уважал вас за талант, то вы бы давно полетели у меня в окошке» [ 47 47 А. Чэхаў, «Скрыпка Ротшыльда».
]
У тым, што талент як быццам аддзяляюць ад цябе, паважаюць за яго, а не за ўсё ў табе — сяды-тады мяне раздражняла, крыўдзіла.
*
Пра аднаго з праслаўленых і вельмі заклапочаных сваёй славай іхні крытык сказаў мне — для большай аб'ектыўнасці, што «шапку Манамаха ён насіць умее».
Можа, і так, але ж пісаць, не здымаючы гэтай шапкі,— не варта. А праз яго радкі яна даволі часта бачыцца.
*
Маё любімае ў Коласа — «Маці» («Непрыветна цераз вокны ночка пазірае»), аказваецца,— як быццам я ніколі не ведаў гэтага,— напісана ў турме, што прыдае і так цудоўнаму вершу яшчэ большую абаяльнасць і сілу.
У тым жа, турэмным раздзеле «Песняў жальбы» — верш «С турмы» (таку кнізе), тое «Пісьмо з астрога» («Напішы мне, калі ласка, пісямко дахаты»), што так жыва і так змястоўна нагадала мне школьнае маленства. Сябрукі, сяброўкі бачацца праз паўвека, як жывыя, да іх прымяркоўваюцца радкі, а ў вымаўленні кожнага ці кожнай, за радкамі ажываюць вобразы,— не ведаю, ці тады, ці сёння больш блізкія мне.
Л слова працаўнік, не вельмі каб прыемнае, і Колас ужываў: «вясковым працоўніцам». Знойдзена яно ці «прыдумана», ці проста перакладзена з рускага труженик? А колькі «прыдуманых» слоў у іншых, сталейшых літаратурах?
...У польскім выданні Коласа спыніўся па сама калыханцы, знайшоў яе ў арыгінале («Песня на сон у бяссонне») і прачытаў па-новаму, як штосьці больш значнае паэтычна, чым думалася, успрымалася раней.
Па-над рэчкай дрэмле дуб,
Задрамі і ты, Якуб!
Вобраз! І коласаўскі вельмі. А ў перакладзе ён, дарэчы, размыты;
Już dębinę sen omroczył, Zmruż i ty, Jakubie, oczy.
Дуб, што дрэмле пад рэчкай,— тут і краса, і сіла, якую не вельмі «omroczysz» [ 48 48 Omroczyć — азмрочыць, адурманіць, увесці ў забыццё.
]
У ціхім, любым коласаўскім настроі ўзяў з паліцы на стол увесь чатырнаццацітомнік, пераглядзеў фотаздымкі, трохі дзённік, што ў ім калісьці адзначаў на палях, сёе-тое з апошніх вершаў.
Коласаўскі пастрой пачаўся не ўчора. Пераглядаючы прэсу, што сабралася за месяц [ 49 49 Запісана ў Мінску, пасля вяртання з санаторыя.
], прыемна спыніўся на артыкуле Генадзя Каханоўскага ў «Голасе Радзімы».
Сябар Коласа па турме, асілак ды весялун Мацей Цярэшка з-пад Маладзечна, які «мог на плячах утрымаць васемнаццаць пудоў», а цару жадаў «добрай асіны і пятлі», выйшаў на волю раней за крамольнага настаўніка, а потым ужо настаўнік наведаў яго ў вёсцы якраз на «дзяды».
Гэта здалося мне тэмай апавядання. Ажно Караткевічу пазваніў.
*
Хто мог падумаць,— ці сам ён, ці яго блізкія,— што гэта звычайнае ў іхнім пасёлку прозвішча — Багрым — так падхопіць ветрам нашага адраджэння, так панясе гісторыя народа, што стварыў сваю літаратуру?
*
«Сталічная вышка», чым так стараюцца гіпнатызаваць нас некаторыя рэдактары і крытыкі.
А на вышцы ў тых некаторых і калені дрыжаць і галава кружыцца,— больш, чым у тых, што не на вышцы, а бліжэй да зямлі.
*
Дунін-Марцінкевіч. Трэба яшчэ лепш ведаць яго. А першае, што памятаю з юнацтва:
Паночку Яночку! дай табе божа
За год даждаці святога спаса,
Каб, як лес, расло ўсякае збожжа,—
Дык будуць пірогі і густая каша...
Больш мне ў тым вершы як быццам і не трэба было, каб адчуць смак чагосьці блізкага,— і да роднага слова, і да роднай зямлі, і да родных людзей, і да працы з яе глыбокім сэнсам, і да сумленнай стомы з салодкім чаканнем заслужанага адпачынку.
*
Узяў толькі мой твар, а іншае ўсё прыдумаў. І нейкае пейзажна-філасофскае акно, і нейчы стол з машынкай, і нейкую белую куртачку мне, як у кухара. Славутае, моднае: ён так мяне бачыць? Добра, што хоць не ўніз галавою! Такі вялізны партрэт, у такой агромністай, светлай зале... І хочацца сказаць: «Таварышы, дальбог жа я тут ні пры чым!»
Читать дальше