Думалася разам з тым і пра тое, як параўнальна мала я бываў у пісьменніцкіх паездках, у Дамах творчасці, дзякуючы чаму і няшмат у мяне знаёмых і сяброў сярод цікавых людзей літаратуры і мастацтва. Хоць, з другога боку, тады было б, можа, менш сувязі з простым, іржаным, надзейным, на чым трымаемся.
*
Пры выпадковай сустрэчы N., ціха ды ўсмешліва захоплены сваім замежным другам, паведаміў мне, што гэтаму бойкаму другу — да яго юбілею — «іхні ўрад даў ліцэнзію па адстрэл аднаго мядзведзя».
Бедны мядзведзь!..
*
Добра чытаць кнігі, над якімі добра думаецца. Не толькі пра тое, што чытаеш, але і пра сваё.
У Чорнага, у дзённіку, пра гэта сказана так:
«Кожная тая кніга добрая, калі яна ўзбівае чалавека на сталыя і важныя думкі».
*
Учора перад сном, у цемры слухаў з прыцішанага транзістара вершы Ісакоўскага і песні на яго словы, і добра было ад такога «общения» з сапраўднай паэзіяй, з тым, каго і я трохі ведаў.
Чакаў «Враги сожгли родную хату». На жаль, не перадалі.
*
Добрая мова ў паэме Зуёнка «Маўчанне травы». Словы, абароты новыя для мяне, нязвычна прыемныя.
Нашымі намаганнямі, з розных куткоў у адно, мы і зрабілі б багатую літаратурную мову.
*
У сваім добрым заключным слове Танк-юбіляр сказаў, што за шмат гадоў літаратурнай працы ён зразумеў найлепш адно: застаецца не тое, што напісана прыгожа, а што праўдзіва.
А каб адно з другім? Як у Чэхава, у Талстога, у іншых такіх? Гаварыў жа ён, Леў Мікалаевіч, адзін з найбольшых праўдалюбаў, што «не даром она — забота о форме»!
*
Шаўчэнкава «Наймичка» вельмі падабалася Льву Талстому. «За распрацоўку вечнай тэмы — самаадданасць мацярынскай любові».
Узяў з «украінскай паліцы» трохтомнік Тараса Рыгоравіча. Не ведаю, як сказаць: упершыню прачытаў ці перачытаў даўно чытанае, як зусім новае прачытаў гэтую паэму. І прыгадалася, чытаючы, не што-небудзь іншае ў Льва Мікалаевіча, а чамусьці «Карпей Васільеў». І тут, і там падобна проста і глыбока.
*
Сярод кніг, якія Міша прыдбаў перад вайной, за паўтара савецкага года, быў і Шаўчэнка. Адтуль памятаю чароўнае «Поставлю хату і кімнату, садок-райочок пасажу» і дзёрзкае «з баграниць онучі драти»... Яшчэ раней, пры Польшчы, мяне захапіла гэта:
Рабочим головам, рукам
На сій окраденій землі.
Свою ты силу ниспошли.
Мені ж, мій боже, на землі
Подай любов, сердечний рай
І більш нічого не давай!
Успрымалася гэта як найвышэйшае крэда, бо ў паняцце «любоў» укладвалася найглыбейшае — чалавечнасць.
Пра «Садок вишневий коло хати» Навічэнка піша: «С малолетства знает его на Украине каждая читающая душа, не не все помнят, что эту трогательную идиллию... написал Шевченко в тюрьме...» І я не ведаў. Няўжо не ведаў? А так жа прыемна ўведаць, так па-новаму — ад новай падсветкі — свеціцца гэты верш...
А што да «читающей души» (добра, нязвычна сказана) — ёсць засцярога. У нашых вёсках гэтую песню спявалі і «нечитающие души», непісьменныя, прычым захоплена, так дакранаючыся шчырым сэрцам да вялікай паэзіі.
*
«Чеховская обезоруживающая простота».
Гэта ўчора як быццам само выскачыла, калі мы гаварылі з N. пра веліч любімых — Талстога, Дастаеўскага і, цераз «великолепного» Буніна, дайшлі да непараўнанага Чэхава. «Обезоруживающая» — таму, што прастата гэтая так шчасліва нас панявольвае.
*
Трэба ўмець радавацца чужому поспеху. Думаючы пра поспех роднай літаратуры. Трэба не ўмець, а ўвесь час вучыцца гэтай радасці, змагаючыся з зайздрасцю старэйшага. І тады толькі возьмеш хоць тое, што можаш узяць з самога сябе, і аддасі яго другім.
*
Прачнуўшыся пасля шасці, успомніў пазаўчарашні Коласаў вечар у Маскве (па тэлевізары), выступленні Марцінкявічуса і Быкава, асабліва добрае ў Юсцінаса, і цяжка стала на душы, што і гэтыя хлопцы ўжо таксама на схіле...
А ўчора быў позні вечар са сцішнавата прыгожай поўняй, з белапенным гоманам хваль, з думкамі ўсё пра тое ж,— што ўсё гэта, можа, напярэдадні найгоршага, ужо не толькі для блізкіх, для паасобных, а для нас усіх... [ 43 43 Гэты і васемнаццаць наступных запісаў зроблены ў Юрмале.
]
*
Гэта ўсё-такі надзейнае, гэта застаецца,— словы, абзацы, старонкі. Добра зробленыя, умацаваныя разумным сэрцам, якое іх само перажыло, адчула. Каб адчувалі, перажывалі і іншыя.
*
Радзішчаў («Путешествие...», раздзел «Пешки»):
«Первый раз обратил свое сердце к тому, что досоле па нем скользило».
*
У Карамзіна, якога чытаю пасля Радзішчава, згадваецца Штаргард.
Читать дальше