І я цяпер, праз пятнаццаць гадоў, засмяяўся, успомніўшы тое над добрым артыкулам Барадуліна пра Панчанку.
*
Услед за іншымі жанрамі расце і наша крытыка. Паасобныя прадстаўнікі яе ўсё смялей ды смялей дагаворваюцца да таго, што яна — жанр зусім сам па сабе. Праўда, яна — не прыдатак нейкі да іншых жанраў, несправядліва і нетактоўна так лічыць, аднак жа, пра што ж яны, крытыкі, самастойна пісалі б, каб не было — уявім — прозы, паэзіі, драматургіі?
Гэта — яшчэ раз пра маладосць нашай літаратуры.
*
Адна калектыўная гутарка пра маладую паэзію, гутарка, што называецца, па высокім узроўні, звялася да скаргаў на тое, што вершы цяпер — які кашмар! — друкуюцца не па асобных старонках, а ў падборку...
*
— Я буду памятаць цябе да канца!
— Як гэта мала...
— А што я магу больш?!
*
На карце загараецца яшчэ адзін агеньчык таленту. І як гэта важна, што ў яго ёсць сваё месца на Зямлі, адкуль ён і сігналіць.
Учора, прачытаўшы аповесці Івана Яўсеенкі, «Крик коростеля» і «Шапку Мономаха», знайшоў на карце яго куток на паўночным усходзе Чарнігаўшчыны, дзе рэчка Сноў і няма вёскі Займішча, і нейкае асаблівае адчуванне літаратурнай абжытасці яшчэ і гэтых мясцін зацеплілася ў душы. Хоць ён, Яўсеенка, і жыве цяпер у Варонежы.
Чытаючы, успомніў сустрэчу з Траяпольскім у Маскве, на Кутузаўскім праспекце, светлай красавіцкай раніцай. Як ён па-народнаму проста і самавіта расправіў вусы, каб пацалавацца са мной, як я спытаўся ў яго пра Яўсеенку, ужо знаёмага тады па апавяданнях, і як Гаўрыла Мікалаевіч назваў яго «хорошим парнем» ці, нават зусім па-бацькоўску, «хорошим мальчиком».
Як гэта важна, дарэчы,— добрае слова ў падтрымку, слова чалавека, які не проста старэйшы, а паважаны.
*
«Паэт у прозе» — няўжо гэта больш, чым проста добры пісьменнік?
*
Учора А. прымераў мае акуляры і сказаў: «Пасадзіў ты вочы!»
І праўда, яны ўжо часамі баляць ад чытання. А я ўсё чытаю. А кнігі ўсё новыя ды новыя, якія трэба, хочацца прачытаць і якія ўсе ўсё роўна не прачытаеш. Так сказаў бы і кажа той, хто не любіць чытаць, каму гэта не здаецца патрэбным.
Сёння, устаўшы, падумаў пра сябе: «Што ні падсунуць — ты яго і давай!..»
Пазаўчора пошта падсунула мне кнігу ўспамінаў пра Турсуна-Задэ,— прыслаў таджыкскі настаўнік, які мне зрэдку піша. Паколькі я трэці дзень не выходжу, а пазаўчора наогул ляжаў, узяўся за гэтую кнігу адразу.
Успомніліся дзве сустрэчы з Мірзо ў ягоным Таджыкістане,— у канцы сорак сёмага і вясной семдзесят другога.
Першы раз, калі яму было трыццаць пяць, мне трыццаць, а Толю Вялюгіну яшчэ менш, мы ў адным, добра правераным, «газіку» перавалілі цераз Гісары, дабраліся да Тэрмеза. Іскрай гарыць у памяці агеньчык чайханы на перавале, дзе мы ноччу грэліся шурпой. Бачу буйныя зоркі, якіх да тое ночы і іншых начэй не бачыў так блізка. Чую, здаецца, і сёння чароўныя песні, якія доўга хвалявалі мяне дома.
Палез быў учора ў блакнот з семдзесят другога года, каб праверыць, ці запісаў хоць трохі што пра другое наведанне Душапбэ, калі мы з Мірзо ў адной машыне ездзілі па аколіцах і многа гутарылі пра найбліжэйшае, і ён мне бачыўся лепш, чым па розных — моднае слова — форумах у Маскве.
Толькі што, пасля апошніх у кнізе ўспамінаў, знайшоў у шафе маленькі зборнічак з аўтографам, амаль гістарычным, трыццаціпяцігадовай даўнасці,— «Індыйская балада»,— і зноў перачытаў яе. Талент. Нават праз сіта перакладу. Узяў і нядаўні нумар «ЛіМа», прачытаў Мірзо ў перакладзе Барадуліна, рабоце якога хочацца верыць.
Прыгадалася наша з Мірзо і Сяргеем Баруздзіным выступленнем па таджыкскім тэлебачанні, калі мне зусім зразумелым здалося, што паметкі ў сваім блакноце (план выступлення?) гэты, так шчодра праслаўлены пясняр дружбы народаў, рабіў... не сучасным, «рускім» алфавітам, а арабскім. Праверыў у «Литературной энциклопедии»: у 1928 годзе яму, Мірзо, было семнаццаць; пасля было дванаццаць год лацінскага шрыфта, тады ажно трыццаць два гады «рускага», а ён, як для душы, заставаўся ў арабскім.
Ды справа не ў шрыфце,— ён чалавек Усходу, сын свайго народа.
Час адшалушвае часовае, у чалавеку застаецца асноўнае, перад абліччам вечнасці са шкадаваннем думаеш: чаму ж я не бачыў тое раней, што так выразна бачыцца цяпер?..
Аднак жа праўда і другое,— шмат, вельмі шмат было і ёсць таго, што перашкаджае бачыць у некаторых таленавітых іх сапраўдную, глыбінную сутнасць. Перашкаджае нудна-панылае праседжванне творчага жыцця ў прэзідыумах, перашкаджае і адштурхоўвае перазахвальванне, перакормліванне тых, што хораша пачыналі і значна больш ды лепш зрабілі б, каб не адышліся так далёка ад саміх сябе...
Читать дальше