І Мележ успомніўся. Ён папрасіў вады, а пакуль тая нянька ці сястра прынесла — вада ўжо была не патрэбна.
*
Учора ноччу не дапісаў да таго allein і пра Якуба,— яшчэ адно празаічна, страшна рэальнае [ 37 37 Якуб Міско памёр 23 кастрычніка 1981 года.
].
Пагаварыць пра яго паперы: што з іх не павінна застацца, толькі ў сям'і. І ў выдавецтве прапанаваць сваю дапамогу.
Усе нашы дачы, машыны...
...І самому так мужна падрыхтавацца да адыходу. Пакінуўшы толькі патрэбнае.
*
Учора не дапісаў:
Вечнае недаўменне: няўжо гэта толькі так — пажыў, памёр, і ўсё?..
А сёння хочацца дадаць:
Ідэалізм не змог растлумачыць гэта, і матэрыялізм таксама не растлумачвае. Нібыта ясна, аднак — далёка не ўсё!..
*
Успомніў бедную хаціну на Гомельшчыне, у нашым падарожжы семдзесят першага года [ 38 38 Маецца на ўвазе збор матэрыялу для кнігі «Я з вогненнай вёскі...».
].
Старэнькая маці і старая, гарбатая дачка. Дачка ўпрыгожыла хату: абклеіла газетамі, а па газетах намалявала квачом мноства вялікіх, зіркатых кветак, як па-дзіцячы «прыдуманых». Не памятаю ўжо, хто ў іх сям'і закатаваны фашыстамі, у якім неверагодным горы яны, маці з дачкой, ратаваліся, як засталіся. Проста мне раптам і жыва ўявілася, як на парозе гэтай хаціны нехта — а можа, і сам я — зарыдаў. Ад крыўды за такое чалавечае жыццё...
*
Пазаўчора здаў Якубаў рукапіс. Толькі ім жыў гэтыя паўтара месяца.
Здам у архіў усё, што ў мяне з яго спадчыны. І буду лічыць, што для яго зрабіў усё магчымае? Не. Аднак не ведаю яшчэ, ці напішу штосьці большае за прадмову, ці толькі буду згадваць яго, як ужо згадваў, пішучы пра іншых,— скажам, пра Адамовіча,— або ў запісах.
...Выйшаў і пяты том. І, дзякуй богу, ёсць адчуванне, што яшчэ не ўсё, што трэба наладжвацца на новае.
1982
Чытаю ўспаміны пра Зошчанку. І яго нібы адкрываючы, і некаторых з тых, што пішуць пра яго, здзіўляючыся, колькі ў нас літаратараў — было і ёсць — малавядомых, а занятых вялікай справай сумленна і талкова.
Упершыню чытаў яго па-польску, школьнікам, апавяданне, якое цяпер пазнаў у двухтомніку,— «Собачий нюх».
Трэба яго пачытаць як найбольш, з ваенным «Октябрем» уключна.
Успомнілася, што Дзіма расказваў у сорак шостым годзе, вярнуўшыся з Куршчыны. Нехта хаміў у вагоне камусьці безабароннаму, другі нехта сказаў, што «такого в газете пропесочить бы», а той, што хаміў: «Пиши, пиши! Один уже дописался!..» І ўсім было зразумела, што гота — пра Зошчанку...
*
Учора ўвечары, вяртаючыся з Ленай Шырмянкай з Дома мастацтва, дзе мы невялікім гуртам адзначалі дзевяностагоддзе Рыгора Раманавіча, успаміналі Якуба.
— Я малая была яшчэ, пад сталом сядзела, калі бацька, вярнуўшыся з гімназіі, расказваў маме, як гэта Астроўскі з паліцыяй разганяў гімназістаў. «Як ён так мог! Ён іх, дзяцей! Ён растаптаў Міско!..» А дзён праз два я ўбачыла на вуліцы Якуба, убегла дадому, крычу ад радасці: «Міско жывы! Міско не растаптаны!»
Памаўчалі. А потым яна — зноў пра Якуба:
— Калі чалавеку самому дрэнна, дык ён робіцца такі добры. Так ён апошнімі днямі гаварыў са мною...
*
Уранні сеў вычытваць пасля машынкі «Гномаў» [ 39 39 Аповесць-казка М. Канапніцкай «Пра гномаў і сіротку Марысю». Перадрук — для перавыдання.
] Прыемна чытаецца тое, што калісьці (так ужо даўно!) з прыемнасцю перакладалася.
«Вершы пераклалі Анатоль Вялюгін і Сяргей Дзяргай». Успомніў мілага, слаўнага Сярожу, і тое, як мы з Бярозкіным ездзілі наведаць яго дома, невылечна хворага. І паўлітра ўзялі вульгарнага, але ж і хораша пасядзелі вечар за чаркай і нейкай там халасцяцкай закуссю.
Няма ўжо іх...
*
Танклявы, вусаценькі, лысаваты. А выйшаў да раяля, сціпла стаў, заспяваў «Прощай, радость, жизнь моя...» — ператварыўся са сваім сакавітым, мяккім, адухоўленым барытонам. Пасля яшчэ і раманс Чайкоўскага. Закончыўшы яго, пакланіўся хлопец хораша і, пад ляскат апладысментаў, пайшоў на месца, сеў побач са сваёй, таксама маладой і сціплай, сяброўкай.
І мне прыемна стала, што яны абое, калі я пасля выступаў, засмяяліся весела там, дзе трэба было.
*
Прыкра гэта і небяспечна — інтэрв'ю. Ты гаворыш^ а ён ці яна запісвае абы-абы, расшыфроўвае потым не з магнітафона, а з блакнота, затым і сам ці сама, і іншыя, хто над імі, правяць... І ў выніку тое, што табе ўкладвае ў вусны той ён ці яна, месцамі просіцца назад.
*
Ужо не першы раз гляджу-слухаю па тэлевізары маладую спявачку, што ўваходзіць у моду. Млявым галаском самазакаханай пястункі яна выводзіць:
Читать дальше