Я не змог стаць вышэй асабістай крыўды і хоць параіць, каб не слухала мацеры, не выходзіла замуж за паліцая. Я стаяў і маўчаў.
— Хто ж тады да мяне пры-ыйдзе? — упрошвала яна.— Сашкі Грушэўскага няма, Косці Рыгоравага — таксама. З нашай кампаніі засталіся толькі ты ды Валодзька... Паба-ачыш, будзе добра. І наша цётка Галена з Беластока прыедуць з мужам... Я нікога вельмі не запрашаю, бо мама не даюць доўга гасцяваць — толькі адзін вечар...
Выходзіць, усе мае мары былі пустым фантазёрствам: я для яе нібы любы другі хлопец?!
Дзіва! Ужo, здаецца, я зразумеў, што мы зусім розныя людзі, а душа ўсё не хацела мірыцца.
16
Хутка я пачаў працаваць на чыгунцы і мог ездзіць цягніком без пропуска.
Аднаго рэзу муж Шпітонавай Гандзі падлавіў мяне і шапнуў:
— Чалавек з Навагрудка хоча цябе бачыць...
Па інтанацыі голасу, па насцярожаных вачах я зразумеў сур'ёзнасць прапановы.
— Прыцямнее — заходзь да мяне, падыдзем у лес... Толькі глядзі, каб жонка нічога не зразумела. Скажаш — на работу выклікаюць.
Вечарам зайшлі мы ў Ліпнікі. Ля вогнішча — невялікая група прамёрзлых, з сіплымі галасамі, няголеных, але бадзёрых хлопцаў. Пажылы камандзір адвёў мяне ўбок, адхіліў крысо пінжака і асцярожна з падшэўкі выняў шэрую лапніку з выціснутымі тушшу літарамі. Ад хвалявання я не запамятаў нават, што там напісана. Болей адчуў, што гэта — упаўнаважаны Вялікай зямлі і чалавеку можна верыць, як сабе.
Мы разгаварыліся.
Група прыйшла з Налібоцкай пушчы, каб праз сваіх людзей накупіць у Беластоку стрэптацыду, бінтоў, паперы для рэдакцыі...
...Першае партызанскае заданне я выканаў лёгка. Аблазіў беластоцкія магазіны, аптэкі і чорныя рынкі, выдаткаваў усе маркі і з пакункамі накіраваўся да цёткі Галены.
Яшчэ пры цары пятнаццацігадовай дзяўчынай Галена пайшла да беластоцкіх багацеяў служыць і больш у вёску не вярнулася. У нашай сям'і ўспаміналі яе як сумленную гаротніцу, якая выбілася ў людзі. Калі мы з Валодзькам ленаваліся, бацькі прыводзілі ў прыклад Галену — жыве сабе ў горадзе, як пані, сына вывучыла на афіцэра...
На самай справе цётка жыла ў нэндзы. Маленькі пакойчык — ён і кухня, і спальня, і прыхожая. Паветра спёртае, са сцен ад сырасці абваліўся тынк. На яе мужу — латаньтя-пералатаныя лахманы. Галена была як надзьмутая: рукі паадставалі ў бакі, бытта яна збіралася ўзляцець.
Я прынёс Галене гасцінца ды прыдумаў версію, што ў горадзе заказаў сабе шыць касцюм і вячэрнім цягніком збіраюся вярнуцца ў Страшава.
— Не хочацца швэндаць па вуліцы, мазоліць немцам вочы, лепш пасяджу ў вас...
— Сядзі, хаты не шкода! — запэўніў гаспадар, рамантуючы абутак.
Цётка Галена, на дзіва, не пыталася ні пра вёску, ні пра бацькоў, ні пра сваячку Настусю. Яна і гаварыла са мной на беластоцкім жаргоне — бытта і не паходзіла са Страшава.
Падабрэлыя ад гасцінца старыя пачаставалі мяне гарадскімі навінамі. Пахвалілася сынам Олекам (па-нашаму — Сашкам). Сын у іх быў падпаручнікам. Калі паступаў у афіцэрскую школу, Галена з мужам мусілі перайсці з праваслаўнай у каталіцкую веру. Олеку пашэнціла: ён адступаў праз Румынію на захад яшчэ ў 1939 годзе і цяпер знаходзіўся ў Англіі. Праз польскае падполле хлопец прысылае адтуль бацькам пісьмы. Я адчуў сімпатыю да падпаручніка-сваяка.
Нарасказваўшы, які іхні Олек разумны, як за ім бегалі беластоцкія паненкі, старыя перайшлі да вайны. У чэрвені пры адступленні нашых з Беластока тут заставаўся склад з кансервамі. Старыя не маглі дараваць, што са склада людзі развалакалі кансервы, а ім нічога не дасталося.
— Праз нейкага нацмэна, каб яго чэрці мэнчылі на тым свеце! — заўважыў стары.
— Усё навокал гарыць, а гэты азіят з вінтоўкай тырчыць ля склада, нікога нават і блізка не падпускае! — паскардзілася яго жонка.— Мы яго палохаем: «Уцякай, немцы блізка», а ён: «Не твая мяне паставіла, не твая і здыме!» Калі хто хоча падысці да склада, настаўляе вінтоўку і страляе! Заб'е, паршывец, думаю, ну яго да д'ябла!
— І забіў бы, нягоднік. Такі і бацькі роднага не падпусціць! — зноў уставіў муж, заганяючы цвікі ў падэшву.
— Паляцела на Палескую станцыю і там набрала мяшок сухароў,— разварушаная ўспамінамі, нібы я яе аднадумец, апавядала цётка далей.— Валаку назад, а нацмэн — ужо мёртвы!.. Вінтоўка са штыком валяецца, і склад гарыць: Ха-алера, мне праз яго ледзь сэрца не разарвалася — бегала чорт ведае куды!
З жахам я падумаў: во, з такога балота — Доўгі Мікалай. Галена і пасватала яго Настусі.
Читать дальше