— Я бачыла, як сука ад Лявіцкіх прывалакла дохлае парася,— падхапіла цётка Вольга.— Брытан паленаваўся нават прачнуцца. Нешта раблю сабе на падворку, а яна ўсё сядзіць ля яго буды. Зганяе з парасяці мух, цярпліва чакае і не зводзіць вачэй з сына.
— Такая ўжо наша мацярынская доля! — уздыхнула баба і пагнала дзяцей да работы: каго кароў даіць, каго араць, каго дровы сячы.— А ты, Вольга, пазбірай шчанят у прыпол і занясі ў крыніцу, няхай не мзнчацца. Амэрыканец яе пахавае...
Дзядзька Іван узяў рыдлёўку, закапаў сучку за хлявом і ўбіў асінавы колік.
— Бо сабакі — не людзі, крыжоў ім на магілу не ставяць! — растлумачыў уражаным пляменнікам.
Заехаў на падворак бацька, загадаў:
— Хлопцы, збірайцеся дамоў, мамка кліча!
Даведаўшыся, чаго мы тырчым утрох за гумном над свежым капцом, ён пакпіў з Івана:
— Каб ты скіс, швагру, няма табе чаго рабіць, як шкадаваць сабак! Вунь па турмах маладыя людзі гніюць!.. У нашага Доўгага Мікалая дактары прызналі гарлавую сухоту!..
9
Сухоты на вёсцы лічыліся невылечнымі: хворым куплялі лякарствы, але ў іх ніхто не верыў.
Перад Настусінай хатай тырчаў счарнелы слуп, укапаны яшчэ да першай сусветнай вайны. Цяпер ужо Мікалай з раніцы да вечара стаяў перад сваёй хатай, паклаўшы локці на гэты слуп. Жонка адзела яго ў святочнае. Як усе сухотнікі, Мікалай нічога не рабіў — выглядаў сваю смерць.
Мікалаю давялося кінуць леснікоўства, карую кабылку прадаць на дактароў і паязды. Цяпер на сям'ю зарабляла па суседзях адна цётка Настуся.
Змірылася яна — што зробіш, так бог даў. Бяду цётка Настуся прыняла яшчэ і па-свойму: надарылася магчымасць паказаць, якая яна клапатлівая жонка.
У цёткі абудзілася новая энергія.
На ўсю вёску ў нас быў адзін багацей — Рыжы Ігнат, якому пашэнціла пры раздзеле маёнтка пана Златніцкага. Ігнат трымаў служанку, парабка. Настуся яму, а ён Настусі не падыходзілі. У Ігната трэба было забыцца на ўсё і з раніцы да вечара рабіць. Настуся ж патрабавала працы на свой характар.
Страшаўскія бабы — сардэчныя, спагадлівыя. Адразу пайшлі ў небыццё ранейшыя плёткі пра Настусю. У кожнай гаспадыні знайшоўся ёй занятак. Той трэба было перабраць мяшок бульбы, той — нацерці паўкапы льну, іншая клікала Настусю памагчы снаваць кросны...
І цётка ўсюды паспявала: заўсёды быў новы слухач і спагадлівец. Ва ўзаемных охах і ахах неўзаметку праходзіў дзень, пад вечар цётка несла дамоў кавалачак сала, кошык бульбы ці торбачку круп.
Застаючыся ў хаце, Доўгі адрабляў мінулае, гуляў з дзецьмі. Вера дома мела шмат работы (бабка некуды знікла), але сярэдняя і зусім малая дзяўчынка праводзілі час з бацькам ля слупа.
10
Мне ўжо было гадоў восем.
Вярнуўшыся са школы, я ўцякаў з-пад бацькоўскага вока — імчаў пад Настусіну хату. Было страшна, але цягнула да Доўгага Мікалая як магнітам. Па многіх прычынах.
Я ведаў, што гэты чалавек хутка памрэ. Хацелася зразумець жудасную таямніцу смерці.
Надта карцела папрасіць Доўгага Мікалая:
«Дзядзьку, разяўце рот, пакажыце сухоту!»
Тады ў мяне ішлі ўжо звычайныя пытанні:
«Ці праўда, што ў Беластоку на адным доме надбудаваны яшчэ дамы? І што там няма платоў, свіней?.. Праўда, што горад такі вялікі, як страшаўскае поле?»
«Ці праўда, што вы ў горадзе з Лукашовым Іванам лазілі людзям у кішэні? — мяне надта цікавіў сам працэс такой «работы».— Раскажы-ыце, дзядзьку Мікалай, як гэта залезці, каб чалавек не пачуў?!»
Мне было вельмі шкада дзядзькі Мікалая. Я адчуваў, як яму сумна, цяжка, як ён пакутуе, перажывае, і мне здавалася — сваім прыходам раблю яму палёгку.
Доўгі спатыкаў мяне ахвотна, гаварыў, як з дарослым.
Пад плотам у Грушэўскіх ляжалі гранітныя глыбы — вулічны «клуб». На каменнях сядзелі, сабраўшыся, людзі і пра што-небудзь гаварылі.
І вось мы стаім удвух каля слупа. Я не ведаў, што рабіць з рукамі, намагаўся быць сур'ёзным. Пад нагамі ў Мікалая, як пад аркай, шмыгаюць малыя. Мікалай сяды-тады мірыць дачок, выцірае ім насы і ўсё сочыць за камянямі.
І мне цікава, што там робіцца.
На граніт прысела цётка Кірыліха. У эвакуацыі Кірыліха была на Каўказе, наш Валодзька яе атакаваў:
— Цётку, а што бывае на горах?
— Цякуць рэчкі, расце лес.
— Гы!.. На баку гары лес расце?!
— Ну!
— І не зваліцца з яе?
— Не зва-аліцца, укаранеў! О-о, ліха на яго, яшчэ які лес — аж буяе, што наш лопух!
— Гы!.. А больш там што?
— Анічога!
Ад нашага Валодзькі адчапіцца не так лёгка.
— Ну, а калі перайсці лес, рэчкі, лезці і лезці на гару, то што ў ёй на самым-самым версе?
Читать дальше