З пугай у руках у хату ўваліўся Настусін муж — Доўгі Мікалай. Жанчыны прыціснуліся да сцен, замерлі. Прыгінаючыся, каб не чапляць столі, Мікалай азірнуўся па хаце, знайшоў вачыма жонку, ускіпеў:
— Няма табе іншай работы?!
І выцяў з усяе сілы цётку Настусю гнуткім пугаўём — раз! другі! трэці!
— Цяпер у Ліпнікі пешшу ідзі, вярціхвостка, а я — паехаў!
Калі Доўгі Мікалай выбег і не стала чуваць пад акном яго фурманкі, абураныя бабы кінуліся шкадаваць Настусю:
— Ля, як ён табе распаласаваў твар!
— Хто гэто ба-ачыў, каб так бры-ыдзіцца пры народзе!
— Шрам так і выступіў!
Мама суседку не любіла, але тут і яна нахілілася над Настусяй, пашкадавала яе:
— Бо-ожа, ну і мужык у цябе, Настуся, ці ж так мо-ожно!.. Я і дня не жыла б з такім!..
Хтосьці сунуў канец хусткі ў Кавальцова вядро і прыклаў да шчакі жанчыны. Настуся не плакала і не скардзілася. Была шчаслівая тым, як з ёю муж абыходзіўся, выстаўляла свой крывавы шрам, яшчэ і ўсміхалася.
— Дурна-ая будзеш, Настуся, калі цяпер пабяжыш за ім. Няхай адзін у лесе пуп сабе надрывае, тады ведацьме! — раілі жанчыны.
— О-о, я свайго правучыла б ху-утко. Убачыў бы ён мяне ў Ліпніках пасля гэтага, рыхтык!..
Настуся іх не слухала. Яна паправіла хустку, ускочыла з лавы і з паказной ахвотай пабегла за мужам.
Доўгі Мікалай сапсаваў усім песню. Разгубленыя бабы паўздыхалі яшчэ некалькі хвілін ды паразыходзіліся па хатах.
3
Болей пра абноўленую мацер божую ў Страшаве ніхто не гаварыў. Затое слава аб ёй пакацілася па суседніх вёсках.
Назаўтра з Меляшкоў, Грыбаўцоў, Вейкаў ішлі і ехалі людзі паглядзець на цуд. У Кавальцоў кампаніі нам не было, малых цяпер туды не пускалі. Мы тырчалі то на падворку, то на бруку і з вялікай цікавасцю спатыкалі і праводзілі кожнага госця.
Ашалеў Рыгораў Бобік. У вёску прыслалі двух паліцыянтаў пастраляць сабак. Паліцыянтам таксама захацелася паглядзець на цуд. Падыходзячы да Кавальцовай хаты, яны нават пазнімалі свае круглыя шапкі з сярэбранымі нумарамі.
У Кавальцоў паліцыянты забавіліся нядоўга. Выйшаўшы, зноў надзелі шапкі, і я чуў, як адзін кінуў па-польску:
— Яка цемнота!
Сябар пакруціў галавой і ўздыхнуў.
І вось тут Валодзька, што бегаў дамоў па хлеб, падляцеў да нас:
— Хутчэй, і ў Настусі абнавіласа!
Мы надта любілі справядлівасць. Страшава было намі падзелена на дзве палавіны. Калі адны з нас хваліся, што найлепшыя коні ў іхнім канцы, другія зараз жа знаходзілі не горшых і ў сваім канцы вёскі.
— Ура! — і мы будзем мець сваю абноўленую ікону.
Ад Кавальца нас нібы ветрам панесла.
Прыбеглі мы да Настусі ў хату. У паўзмроку нашая равесніца Вера калыхала сястру і насцярожана зыркала ў покуць. Там кленчыла яе бабка — маці Доўгага Мікалая. Таго, што старая нас не праганяла, не заўважала, малілася сярод белага дня ў будзень, было дастаткова.
Як апантаныя паляцелі мы па вёсцы і закрычалі з хаты ў хату:
— Цётку, і ў Настусі абнавіласа!
— Хутчэй, дзядзьку, ідзіце да Доўгаго Мікалая, і ў яго ікона ўжо пачала свяціцца!
Цэлы дзень Мікалаева маці ў покуце біла паклоны, а мы — разносілі навіну. На дзіва, да Настусі не пайшоў ні адзін чалавек.
— Старая знарок пусціла погаласку! — гаварыла мама за вячэрай, хочучы зацікавіць бацьку.
А ён якраз правёў цэлы тыдзень у Варшаве — судзіўся за зямлю — і цяпер наводзіў парадак у гаспадарцы. Выслухаўшы маці, ён адно на хвіліну ўзняў галаву над міскай і буркнуў:
— Што ж, захацелася і ёй славы!.. Каб Мікалай быў разумнейшы, то ўчора панадаваў бы вам усім!..
Я шкадаваў Верыну бабку, высокую, касцістую, насатую, з маршчынамі і чорнымі вусамі — сапраўдная ведзьма. Яе мне было шкада, як Бабу Ягу, якую Ясь пад канец казкі ўкінуў у кацёл з варам.
Бацька еў, а маці гаварыла і гаварыла пра старую — як яна за ўсімі шпіёніць, падглядвае, які ў яе дрэнны характар.
Між іншым, бацька наш знахарак не прызнаваў, але мама вадзіла да старой лячыць Валодзьку, насіла рэшата жыта. Старая сеяла над братам попел, перацягвала праз хамут...
«Здагадаецца тата ці не? Калі даведаецца пра жыто, пабяжыць да старой. За яе заступіцца сын! Мужчыны пачнуь біцца! Цікаво, здужае наш бацька Доўгага Мікалая ці не? Пэўна, зду-ужае!..»
4
У Беластоку жыла наша сваячка Гануля. Яна Настусі даводзілася стрыечнай сястрой. Чаму ж тады мы з Настусяй не лічымся сваякамі?
Чаму пра суседку ў нас заведзена было гаварыць або кепскае, або не гаварыць зусім нічога?
Зразумеў я ўсё потым, ужо дарослы.
Читать дальше