...Я ўсё разглядаю здымак. Для цяперашніх дзяцей фота гэтае ўжо такой даўнасці, бытта для нас былі малюнкі з часоў Напалеона. Трыццаць два чатырнаццацігадовых хлапчукоў і дзяўчынак — палякаў, яўрэяў, немцаў, беларусаў, рускіх і татар — пазіраюць са здымка ў аб'ектыў зусім не так, як глядзелі б цяперашнія дзеці. Вочы і твары ў маіх аднакласнікаў не па ўзросту сур'ёзныя, у іх няма бяздумнасці і тупога самаздавальнення. Усе яны бытта ведаюць, што для пераважнай большасці з іх гэты пажоўклы здымак — адзіная магчымасць пакінуць па сабе след. Сямёра загінула ў гета. Пяцёра склалі свае галовы на фронце (двое ў нямецкай арміі, адзін у польскай, двое ў савецкай). Двое выпадкова трапілі пад бомбы. Чацвёра памерлі ад звычайных хвароб, Шурка Савіцкі ўцёк у Швецыю, яго праклялі свае людзі...
Пані Стражынская сядзіць у цэнтры, побач з кіраўніком школы. Я каторы раз дзіўлюся, што настаўніца зусім не такая, якой я запомніў, якой яна да мяне з'явілася ў сне. З ночы ў мяне застаўся нядосып: мы доўга хадзілі па Гарадку. Сашка, бадзяга, усё гаварыў ёй пра сваё, я намагаўся перахапіць ініцыятыву, але так і не здолеў. Увесь час я не адводзіў вінаватых вачэй ад мамінай посцілкі, пад якой у настаўніцы былі крывавыя раны.
Яе забіў Дыгендышаў пляменнік — вучань нашага класа. Яго імя я не памятаю. Ведаю толькі, што ён быў сіратой і жыў у дзядзькі, Дыгендыша. Правае вока хлопчык меў змешчанае на сантыметра паўтара к цэнтру лба. Дзеці прыдумалі для яго здзеклівую мянушку Цыклоп, а пані Стражынская толькі і мела клопату яго бараніць. Але ж не магла настаўніца хадзіць за няшчасным крок за крокам. Таму Цыклоп не прыйшоў і фатаграфавацца.
«Вы шчэ пра мяне пачуеце!» — крычаў ён у тую хвіліну да нас цераз плот. Мы тады абыякава слухалі пагрозы, бо да яго выхадак прызвычаіліся. Напрыклад, пасадзім з мужам Стражынскай у агародчыку пад акном кветкі, а Цыклоп іх павырывае. Аднойчы знішчыў цэлую выстаўку нашых малюнкаў, арганізаваную панам Стражынскім...
Муж настаўніцы, пан Станіслаў, быў высокім брунетам. Гэта ад яго я навучыўся вастрыць аловак доўгімі, смелымі зрэзамі, маю ўяўленне аб гарызантальнай і вертыкальнай перспектыве, ведаю ноты ды асновы нямецкай граматыкі...
Мама аднойчы вярнулася з мястэчка, усхвалявана гаворыць бацьку:
— Ой, слухай, Нічыпар, то ж Стражынская развялася з мужам! Увесь Гарадок толькі пра гэта і гаворыць!.. Такі файны пан, а яна — захацела і кінула яго!.. Ты чуў калі-небудзь пра такое?!
Я ўпершыню бачыў маму такой. У яе бойкім голасе было захапленне ўчынкам настаўніцы ды выглядала на тое, бытта ва ўчынку Стражынскай — частка і мамінага геройства.
Так і я не дазнаўся потым, ці Стражынская разводзілася з мужам сапраўды.
У канцы 1942 з беластоцкага гета ўцяклі Цукерманы. Дабраўшыся нейкім чынам за ноч да нашай вёскі, на світанні дачку і жонку хірург павёў грэцца да Дзямідка, якога некалі выбавіў ад смерці. Дзямідавы бабы ўзнялі гвалт ды выперлі гасцей з хаты, а гаспадара пагналі на паўстанак у нямецкі бункер. Хутка два салдаты з аховы пуці, дапіўшы сваю каву, ускінулі карабіны на плячо ды адправіліся па свежых слядах Цукерманаў. Стомленую сям'ю немцы дагналі за тры кіламетры ад Страшава, пад лесам Дубава...
Я ўжо не памятаю, за што тады бралі ў Гарадку заложнікаў, у лік якіх трапіла і Стражынская. Потым арыштаваных павялі на конскія могілкі і далучылі да іх сям'ю хірурга. Дыгендышаў пляменнічак, які ў ролі паліцая для фашыстаў быў знаходкай, папрасіў дазволу ў фельдфебеля расстраляць настаўніцу. Стары Цукерман над ямай трымаў аслабелую жонку, а яго Соня абнялася з настаўніцай...
Тое ўсё адбылося вельмі даўно, але сёння Стражынскую ўбачыў я так выразна, што нават разгледзеў кожную нітку на посцілцы, а ў вушах яшчэ гучыць яе голас. Сон разварушыў ва мне злы боль, аднавіў страсці, гукі і пахі дзяцінства ды так мяне ўскалыхнуў, што ляніўства ды неспакой некуды ў момант выветрыліся, увесь я напоўніўся прагай да працы ды з жахам падумаў: «О-ей, як я мог цэлы месяц біць бібікі?!»
1
Удава сынам давала наказ.
— Мішка, на грошы, схадзі ў палітмахерскую ды пастрыжыся, покуль шчэ рана і калейка там малая. Паедзеш у Ваўкавыск на экскурсію з настаўніцай, то хоць на чалавека падобны будзеш! А ты, Вася, пагуляй у двары з Коляй! Толькі не лезце да рэчкі! Вернецца Мішка, папасеце на выгане карову!
Шчарбаты брат з круглымі ад жаху вачыма ўдакладніў :
— Мам, а ў палітмахерскай будуць Міску дусыць духам?!
Читать дальше