Перайшоўшы гаварыць аб шкодзе выпівак, я ўключыла плёнку, на якой запісаны ў мяне галасы са спецыяльнай школы-інтэрната, дзе знаходзяцца дэбілы — дзеці, зачатыя п'янымі бацькамі. Слухаючы каторы раз гэтыя дзікія завыванні «дзяцей карнавала», я нават сама спалохалася. А што гаварыць пра маіх інжынераў? Слухалі, уражаныя, вінаватыя, бытта злачынцы: нездарма плёнку я заўсёды запускаю пад канец — на закуску.
Сама адчувала, што лекцыя атрымалася. Парторг не знаходзіў слоў, калі дзякаваў мне ў канцы. Ён уручыў мне нават кветкі, а партфель і магнітафон паднёс аж да тралейбуснага прыпынку і ўсё дапытваўся — ці не магла б я выступіць так яшчэ і на... антырэлігійную тэму. Я толькі ўсміхнулася.
На другі дзень пайшла я ў горад і зазірнула ва універмаг. Убачыўшы знаёмы парык на даўганосай жанчыне, пачала ламаць галаву — адкуль я яе ведаю?
— Здрасце! — узрадаваная маладзіца загаварыла раптам да мяне сама.— Я з будтрэста! Вы ў нас лекцыю ўчора чыталі! Здрасце!.. Ой, ведаеце, вы нас гэтак усіх задзелі, столькі шуму ў нашым трэсце нарабілі!
— Ну-у? — растала я, чакаючы кампліменту. Бо чалавеку часам не трэба той платы, абы тваю працу ацанілі добрым словам.— Дык вы слухалі маю лекцыю? Ну і што?
— Слухала!.. Ой, вы ведаеце, так прыгожа выглядала серабро на вашай руцэ, што мы вачэй не маглі ад яго адвесці! А сёння нашы кабеты пазнімалі з сябе золата ды кінуліся ў магазіны шукаць такія пярсцёнкі!
— Што?
— Ой, якое шчасце, што вас спаткала! Скажыце, дзе вы свой купілі?..
Падземны пераход ад станцыі метро Свердлава да Ахотнага рада якраз пуставаў, таму сцэнку гэтую Макар Кірылавіч бачыў у развіцці.
Па мармуровых плітах ішла пажылая кабеціна з абшарпанай сумкай пад пахай, якія калісьці называлі рыдыкюлем, а бліжэй да Макара Кірылавіча, з моднай сумачкай цераз плячо, крочыла дзяўчынка-падлетак. Міні-спаднічка ў дзяўчынкі зусім адкрывала цыбатыя незагарэлыя ногі. Яна крочыла лёгка, бытта не нагамі яна перабірала, а двума, добра пеленгаванымі пальчыкамі.
Макар Кірылавіч вызначыў, што перад ім — васьмікласніца.
Такія падлеткі ўжо многа чаго ведаюць, аднак веды іхнія яшчэ не сталі перакананнем. На пяцёрку такія прадэкламуюць перад класам «Маналог Любы Шаўцовай перад расстрэлам» і на вуліцы не прапусцяць ні адной вітрыны, каб не палюбавацца на свой адбітак. Яны вельмі чулыя на крыўду, а найбольшым аўтарытэтам для іх з'яўляюцца чамусьці ўжо не бацькі і настаўнікі, а — такія ж цыбатыя Люські, Светкі, Галькі. Адным словам, у галаве ў такіх яшчэ гарох з капустай, і што з іх вырасце, ведае адзін толькі бог.
Макару Кірылавічу прыйшлі на памяць яго дочкі. І яны не зналі ні бяды, ні гора, ды ўмелі яшчэ толькі браць. Чалавеку чамусьці зрабілася трывожна.
Уперадзе ўжо загулі трыбы на эскалатарах, а сярод залы паказаліся нікеляваныя парэнчы — там пераход апускаўся ўніз. Бабка пачакала падлетка ды паскардзілася :
— Дзевачка, я надта баюся ўзыходзіць на рухомую лесвіцу, галава кружыцца!.. Ты мне паможаш, дочачка, добра?
Дзяўчо са здзіўленнем хмыкнула, як бы спалохана азірнулася, ці не бачаць такой ганьбы сяброўкі, але хударлявая кабеціна з прамяністымі маршчынкамі ля вачэй ужо ўшчаперылася ў яе тонкую руку.
Макар Кірылавіч здзівіўся, чаму старая не звярнулася з такой просьбай да яго. Што ж, даглядаючы недзе вось такіх унучак, мабыць, мыючы, гатуючы ды прыбіраючы за імі, бабка захацела цяпер сплаты,— разважаў ён і пра незвычайную пару на нейкі час забыўся.
Пераход скончыўся. Макар Кірылавіч пакрочыў механічна да гафрыраванай дарожкі, якая збягала ўніз, зірнуў убок і зноў убачыў знаёмых.
На правы эскалатар, бытта збіраючыся нырнуць у калодзеж, намервалася ўзысці тая самая кабеціна. Зводдаль паказаліся матросы; цыбаты падлетак трымала бабку так, каб яны бачылі, якая яе спадарожніца недарэка, але што яна, дзяўчынка, тут ні пры чым.
Нічога яшчэ не падазраючы, Макар Кірылавіч спакойна ўзышоў на лесвіцу.
Не адпускаючы дзяўчыны, баязліва, бытта ў агонь, ступіла, нарэшце, на рухомую сходку і старая ды свабоднай рукой хутчэй цапнула за гумавы пасак. Пасак гэты ў самым пачатку ідзе не сінхронна з лесвіцай, калёсікі перадач, бытта тракі гусеніц на танку, нясуць гуму ўверх.
Жанчына спалохалася: ногі яе ехалі ўніз, а руку імчала ўгару. Урэшце яна здагадалася адпусціць гумовы пасак, але адразу страціла раўнавагу і ўпала на гафрыраваную дарожку. Разам з бабкай паляцела і сумка, з якой са звонам пасыпаліся бутэлечкі з лякарствам, бігудзі, акуляры. На падмогу старой зверху кінуліся матросы.
Читать дальше