Аднойчы, калі мы вячэралі, маці раптам устала і сказала, што дрэнна пачувае сябе. Я добра памятаю, як яна падышла да мяне, схілілася і пацалавала, рукі ў яе былі халодныя і дрыжэлі. У дзвярах яе хіснула, яна прывалілася да шула і спачувальна ўсміхнулася. Бацька падбег да яе, і яны разам выйшлі з залы.
Назаўтра мяне ніхто не пабудзіў. Я прачнуўся сам, доўга ляжаў, прыслухоўваўся. Было ціха... Нарэшце я ўстаў і крадком выйшаў у калідор.
За непрыбраным сталом у зале сядзеў бацька, Слугі выглядалі з-за дзвярэй. Я заўважыў, як сцяўся бацька, ледзь пачуў мае крокі. Я падышоў. Ён глянуў мне ў вочы. Накруціў на палец доўгі матуз каўнера, ірвануў яго ўніз.
— Твая маці памерла,— ён кінуў адарваны матуз на стол, узяў мяне за руку, і мы пайшлі ў спальню.
Моцна пахла воцатам і духмянай соллю. Ложак быў завешаны вэлюмам. Маці ляжала паверх коўдры і, здавалася, сама трымала ў руках свечку. Раптам пакой хіснуўся, сцены выгнуліся, агеньчык свечкі расплыўся і стаў прамяністым. Я плакаў. Бацька ўзяў мяне за плечы і вывеў з пакоя.
Усю ноч мы прастаялі ў капліцы каля труны. Я ўжо не плакаў, толькі шаптаў малітвы. Паступова аплывалі, плавіліся свечкі, іх няпэўнае, мігатлівае святло змяняла абрысы капліцы, і толькі блізкі да іх твар маці заставаўся нязменным.
— Тата,— шэптам пазваў я,— тата...
Бацька паклаў далонь на малітоўнік і глянуў уніз.
— ?
— Тата, а мама назаўсёды памерла?
— Так.
Я глядзеў на маці, на яе нерухомы твар і толькі тут канчаткова ўсвядоміў, што яна памерла, што сёння апошні дзень, калі мы разам. Успомніліся і пацалунак і спачувальная ўсмешка.
Я сцяўся і глянуў на бацьку. Раптам ягоны твар падаўся мне нежывым — прыкрытыя вочы і нерухомыя вусны. Іх твары сталі падобнымі ў цьмяным святле свечак, набылі аднолькавасць — твар маці і бацькаў твар. Але гэта не ўсе, яны зраўняліся з мармуровымі тварамі стодаў надгробкаў, што стаялі ў нішах па сценах капліцы. Мне раптам сталася страшна, страшна за бацьку, што ён памрэ таксама, што гэты выраз на ягоным твары стане заўсёдным.
— Тата, тата,— я крануў ягоную руку,— тата, а ты не памрэш?
Ён павольна расплюшчыў вочы.
На пахаванне дзед не прыехаў. Адно прыслаў слугу з вялікім кашом кветак.
Пасля смерці маці бацька болей не склікаў да сябе сяброў, і ўвесь вольны час мы праводзілі разам. Толькі страх не пакідаў мяне. І за сталом, і на паляванні, і перад камінам, калі мы ўвечары чыталі ўголас кнігу, я заўсёды мімаволі заўважаў на ягоным твары той, што запомніўся мне ў капліцы, выраз. Прыкрытыя вочы, бяскроўныя вусны. І тады мяне зноў агортваў страх за бацькава жыццё. Гэта перайшло з часам у нейкае вар'яцтва. Я спускаўся сходамі, і раптам у галаве з'яўлялася фраза: «Калі я саступлю з апошняй прыступкі левай нагой, то бацька памрэ». І я стаяў на сярэдзіне сходаў і падлічваў, з якой нагі мне трэба ступіць зараз. Я чытаў кнігу, і самі сабой складваліся словы: «Калі я не дачытаю старонку, а ў бібліятэку нехта зойдзе, то бацька памрэ». І я ліхаманкава дачытваў старонку. Але ж лавіў сябе на тым, што не разумею сэнсу прачытанага, забываюся словы, а гэта зноў азначала смерць. Я бег да бацькі, каб упэўніцца, што ён жывы. Але ж адразу заўважаў выраз твару з капліцы, і страх мацнеў. Нарэшце мае прыхамаці і забабоны ператварыліся ў сістэму, я не мог зрабіць кроку, які б не быў звязаны з бацькавым жыццём.
На ўлік браліся колькасць прыступак, надвор'е назаўтра, наступлю ці не наступлю на шчыліну ў плітах падлогі, калі зраблю крок з заплюшчанымі вачыма, ці прачнуся да світанку. Я вар'яцеў. Мяне не ўратоўвала нават тое, што бацька нарэшце зноў пачаў цікавіцца жыццём. Мяне ўвесь час праследаваў той нежывы, мармуровы твар.
Праз некалькі год бацька ажаніўся другі раз. На той час мой страх завалодаў мной. Я ўжо не мог спаць начамі. Бацька дзяліў час паміж мной і мачахай. А мне ўсе здавалася, калі мы не разам, то з ім абавязкова нешта здарыцца.
Мачаха была добрай жанчынай. Яна нават любіла мяне, толькі лічыла сваім святым абавязкам выхоўваць. Са сценаў зніклі карціны, на якіх было аголенае цела. Ключ ад бібліятэкі яна трымала ў сябе. Адзіная кніга, да якой я меў вольны доступ,— Біблія. Мне забаранялася ўваходзіць нават да бацькі, папярэдне не пагрукаўшы ў дзверы. З маіх страхаў яна адкрыта смяялася, бо меркавала, што так я ад іх хутчэй пазбаўлюся.
Неяк ноччу я раптоўна прачнуўся. Страх зноў авалодаў мною. Я пачаў маліцца. Я прасіў Бога, каб ён лепш забраў мае жыццё, але каб жыў бацька, бо я не магу трываць далей. Я маліў, але ў той жа час яшчэ адзін голас гучаў у маёй душы. Ён гаварыў: «Няўжо ты сапраўды верыш у тое, аб чым моліш Бога? Ты ж хочаш жыць сам, гэта бацька табе замінае жыць спакойна. Ты жадаеш толькі адзін раз перажыць ягоную смерць, а не перажываць яе на працягу гадоў кожнае імгненне. Няўжо ты думаеш, Бог не разбярэцца, чаго ты жадаеш сапраўды, не зразумее, што ўласнае жыццё і спакой табе даражэй? Ён разбярэцца і пазбавіць цябе пакут».
Читать дальше