— Страшна, хлопча? — нарэшце спытаў ён бясколерным голасам.
— Не больш, чым на могілках,— адказаў я.
— Можаш і мне казаць «ты», зараз не той час і не тыя абставіны, каб захоўваць этыкет. Як твае імя?
— Фабіян.
— Мяне таксама завуць Фабіян. Дзіўны збег абставін. Ці не так?
— Я першы раз сустракаюся з чалавекам, які носіць мае імя.
— Я таксама. Хлопча, а табе, калі ўжо згадаліся могілкі, не страшна ўбачыць на надгробку ўласныя імя, род, год нараджэння, а год смерці — у будучым часе?
— Калі апошняя дата не сённяшні дзень, то як-небудзь перажыў бы.
— А калі сённяшні?
— Вядома, пачую сябе ніякавата, як і кожны чалавек.
— Кожны чалавек. Кожны не азначае — разумны. А ён,— Фабіян паказаў цераз плячо на нябожчыкавы дзверы,— убачыў такі надгробак, у думках, вядома, але вельмі дакладна, і адразу нож у шыю. Ягоныя фантазіі не разышліся са справай.
— Дзіўная ў нас размова. Нябожчык якраз не баяўся смерці, бо добраахвотна сустрэўся з ёю. Баяліся тыя, хто паўцякаў, бо не хацелі заставацца побач са смерцю.
— Не са смерцю, а з нябожчыкам. Гэта страх штурхнуў іх на сапраўдную небяспеку — апынуцца ноччу на дарозе ў лесе, там страшна. Рабаўнікі, звяры,— іх варта баяцца, гэта сапраўдная пагроза. А тут баяцца чаго?
— Зайздрошчу чалавеку, які не верыць у замагільны свет, для якога ведзьмакі, прывіды не існуюць. Бо, шчыра кажучы, мне страшна і зараз, каб не пільная справа, я аддаў бы перавагу начной дарозе ў лесе. Баяцца ўсе, толькі смялейшыя не дазваляюць заўважыць гэтага,— я так і не змог прымусіць сябе сказаць яму «ты».
— Я не казаў, што прывідаў не існуе. Я сам іх бачыў на ўласныя вочы, нават датыкаўся рукамі. Цёплыя і падобныя да нас саміх. Я проста іх не баюся. Вось чаго можна баяцца ў гэтай карчме? Таго, што раптам адчыняцца дзверы і з іх выедзе мярцвяк? Тыя, што паўцякалі, баяліся менавіта гэтага. Ну і цудоўна, хай выходзіць. Што з таго? Да доказаў неўміручасці душы дадасца доказ неўміручасці цела. Застанецца толькі радавацца. Адно, на жаль, ён не выйдзе — ляжыць, як і мы будзем некалі ляжаць.
Мяне ўразіла, як ён спакойна і мімаходзь згадаў пра прывідаў. «Яшчэ не хапала праседзець ноч за сталом у кампаніі скажонага»,— падумаў я.
— Не варта мяне браць за вар'ята,— ён прысунуўся бліжэй да стала,— вар'яцеюць ад жаху, а я не баюся, я навучыўся не баяцца, бо зразумеў прыроду замагільнага свету. Гэта нялёгка мне далося, каштавала жыцця, не мне, вядома. Я не баюся ўсей гэтай брыды таму, што ведаю, дзе, калі і чаму яна з'яўляецца. Толькі дурань можа казаць, што жахаў наогул не існуе. Бо адкуль тады ўзяліся словы, якімі мы іх называем? Усе, што можна назваць словам — існуе. Покуль няма рэчы — няма і слова. А калі есць слова — то некалі ж была і рэч. Ноч яшчэ доўгая, а ты, хлопча, наўрад ці збіраешся спаць. То я хачу зрабіць добрую справу — навучыць і цябе не баяцца. Гэта занадта проста, каб ты паверыў адразу. Таму лепш раскажу сваю гісторыю ад пачатку, як я сам дайшоў да ўсяго. І калі ты паверыш у яе — значыцца, навучыўся. Ты згодны слухаць?
— Ноч доўгая, і я сапраўды не збіраюся спаць.
— З чаго ж усе пачалося? — намыліўся Фабіян.— Пачалося ўсе з таго, як я навучыўся баяцца. А было гэта так...
4. Гісторыя, расказаная Фабіяну Жаковічу ў карчме ноччу за некалькі крокаў ад ня божчыка
— Мы тады ЖЫЛІ ў маёнтку. Я, маці і бацька. Я быў малы і нічога не баяўся. У мяне яшчэ быў дзед — бацька маці. Жыў ён недалека ад нас, у суседнім маёнтку, за лесам. Бацькі пазбягалі гаварыць пра яго. Ды і ён сам ніколі не прыязджаў да нас. Затое слугі любілі расказваць пра яго розныя дзіўныя гісторыі. Казалі, што ён выгнаў усіх сваіх слуг, акрамя аднаго, былога загоншчыка і ведзьмака, што ён загадаў закласці цэглай усе вокны ў сваім палацы і выходзіў пагуляць у парк толькі ноччу. Казалі, што часам з дзедавага палаца чуліся музыка і галасы гасцей. Хоць як хто гэта мог чуць — не ведаю, бо ўсе стараліся абыходзіць дзедаў палац здалёк. Але ж мяне гэтая балбатня адно забаўляла — дзед на кожнае свята, а то і без дай прычыны дасылаў мне са сваім адзіным слугой падарункі і кожны раз тыя, аб якіх я марыў, нібыта ведаў мае жаданні.
У нас заўсёды хто-небудзь ды гасцяваў. Звычайна бацькавыя сябры. Ён вельмі любіў ловы. Часам браў з сабой і мяне, садзіў перад сабой на каня, і тады мы ўжо не ўдзельнічалі ў паляванні, а толькі назіралі. У мяне не было ні братоў, ні сясцёр, і я звык бавіць час або з маці, або ў кампаніі дарослых мужчын з бацькам. Мне дома не ставілі ніякіх перашкод: я свабодна заходзіў да бацькоў, нават калі яны былі з гасцямі.
Читать дальше