Фабіян распусціў матузы каўняра і сеў на невысокую канапу побач са столікам. У запыленай вазе ляжалі скарлючаныя, падсохлыя цукаты, побач стаялі дзве закаркаваныя і залітыя воскам бутэлькі з віном. Фабіян адшпіліў адну шпору, счысціў масянжовай зорачкай воск і выбіў корак, віно пырснула на мармуровую паверхню століка. Ён закінуў ногі на канапу, сам прываліўся да сцяны і адпіў проста з рыльца, зашчаміў бутэльку між падушак, закінуў рукі за галаву і знерухомеў. Вецер парыпваў аканіцамі, і полымя ў каміне то кранала камяні, то адхілялася ў пакой.
Фабіян прымружыў вочы.
Колер чыстага, без аблокаў неба гусцеў, набываў лёгкае барвовае адценне. Цёплы, як на сярэдзіну верасня, вецер панаваў ва ўтульным, трохі абцяжараным ляпнінай пакоі.
Ён яшчэ адпіў з рыльца і прыслухаўся. У загуслай да звону цішыні ледзь чутна праступаў гук. Падковы білі ў камень. Пошчак набліжаўся. Фабіян няспешна ўстаў, падышоў да акна. У пустым горадзе немагчыма было зразумець, адкуль дасягаў гук. Пошчак крышыўся аб каменныя сцены, вяртаўся рэхам.
На плошчу, заштрыхаваную доўгімі ценямі супрацьлеглых дамоў, выехаў коннік, спыніўся перад брамай. Ногі каня патаналі ў ценю, але ж вершнік яшчэ быў асветлены сонцам. Выцвілы, запырсканы глеем, але ўсе адно відаць, што дарагі, плашч вольна ахутваў незнаёмца і прыкрываў каня. Раз-пораз успыхвалі камяні на патускнелых засцежках. Вершнік прыўзняўся, ускінуў у прывітанні руку і крыкнуў:
— Вечар добры! Хай дапамагае пану Бог і ўлада!
Голас запаланіў плошчу, яшчэ раз грымнуў, адбіты дальнімі камяніцамі. Такія галасы пачуеш на вайне, калі крычаць: «Шаблі напагатоў! За веру і караля! Наперад!»
Фабіян счакаў, покуль сціхне рэха.
— Добры вечар. Стайня на завале. Зараз выйду.
Незнаёмец ужо вадзіў каня за аброць вакол кветніка. Фабіян махнуў яму рукой і пайшоў адкідаць завалу.
— Я хацеў... — пачаў незнаёмец.
— Пагаворым потым, як зойдзем у дом. Каня можна паставіць вось тут.
Фабіянам конь заіржаў і падаўся назад, калі паўз яго праходзіў незнаёмец.
— Нічога, спакойна,— Фабіянава рука легла на грыву,— авес у скрыні, а сена ў суседняй загародцы, я чакаю на двары.
Яны ўдвух, гаспадар наперадзе, госць ззаду, узняліся сходамі на другі паверх. Салома, разасланая на паркеце, прыцішала крокі.
Толькі ў пакоі Фабіян як след разгледзеў госця. Той моўчкі складаў у кут перамёты і незразумелыя, перавязаныя канатамі пакункі, развешваў на экране перад камінам свой доўгі плашч. Твар меў такі, што адразу ж забываўся, варта было на хвіліну адвярнуцца, і толькі доўгія валасы рабілі яго прывабным. Вопратка дарагая, але не дапасаваная — тут не пасавалі адна дэталь да другой: скураная паляўнічая куртка і шыкоўныя ядвабныя нагавіцы са шматлікімі матузкамі, завязанымі бантам. Пад усім гэтым даўно не мазаныя, парэпаныя боты з высокімі халявамі. Торс сцягвала партупея, абцяжараная доўгай шабляй. Нарэшце незнаёмец выпрастаўся, павярнуўся да Фабіяна:
— Аўгуст Паняверскі, капітан каралеўскай конніцы, гэта ў былым, а зараз проста падданы караля, вяртаюся ў свой маёнтак,— і схіліў галаву.
— Фабіян Жаковіч, харунжы гетманскага войска, вярнуўся ў свой пусты палац, ні слуг, ні нават проста людзей у горадзе, відаць, тое ж самае і ў маёнтку, так што нам давядзецца самім займацца вячэрай і засцілаць ложкі нанач.
Аўгуст трохі звузіў вочы:
— Дык мы ваявалі па розныя бакі, я за караля, а пан за гетмана. Можа, мне лепш пайсці?
— Не варта. Лепш вып'ем за сустрэчу і за знаёмства,— Фабіян падаў закаркаваную бутэльку,— келіхі не ведаю дзе шукаць, давядзецца піць з рыльца.
Аўгуст садраў воск пярсцёнкам і выбіў корак:
— За знаёмства, хаця, можа, дзе і сустракаліся да таго пад час бою.
— Не думаю, бо наўрад ці глядзелі б зараз адзін на аднаго. За знаёмства.
Яны адпілі віна і селі па розныя бакі століка. Аўгуст развязаў адзін з пакункаў і паклаў на стол вялікі кус смажанага мяса і бохан хлеба, выцягнуў з-за халявы нож, паклаў яго побач:
— Я нарадзіўся ў гэтым горадзе. А тут нагода. Нельга было не заехаць, не паглядзець. Але ж гэтыя пустыя вуліцы, ніводнага чалавека. Мне нават сталася страшна. Хаця, чаго за вайну не пабачыў. Пасля бою на полі забітыя, параненыя — і не страшна, жахліва, але страху няма. А тут тыя ж вуліцы, дамы, якія сто разоў бачыў, а страшна. І так мне хацелася, каб адзін чалавек знайшоўся на ўвесь горад. Тут паміж дамоў акно мільганула, а ў ім святло. Пан калі вярнуўся?
— Як вярнуўся, то адразу і падпаліў гэтыя дровы ў каміне. Сёння ўвечары. Мяне таксама ўразіла пустэча. Праўда, нечаканай яе не назаву. Я ўжо трэці дзень не сустракаю людзей. Думаў, і сёння давядзецца быць самому. Але пана прывабіў горад.
Читать дальше