— Слухай,— крануў дырэктара саўгаса за рукаў Мацвей, калі праходзілі ў кафэ міма міліцыянера.— А гэты, у форме, навошта тут у цябе?
Свойскасць гэтага жэсту і слоў трохі збіла з экскурсаводчага тону дырэктара саўгаса. Але ён, пэўна, прывык ужо і да гэтага, а мо адчуў і па самай справе ў Мацвею свайго, падміргнуў яму:
— Потым, браце, потым.
— Што гэта за вытворчая нарада ўдвух? — згледзеў гэтае падміргванне сакратар абкома,— Давайце ўголас. Мы прыехалі глядзець і запамінаць усё — і благое, і добрае.
— Нічога благога няма, Сяргей Кузьміч. Проста ёсць нейкія праблемы. ГІра міліцыю пытаюць.
— Далася табе тая міліцыя.— Шахрай зноў быў незадаволены Мацвеем, але спрабаваў звесці гэтае сваё незадавальненне да жарту,— Ці не аліментшчык ты, Мацвей, ці не мнагажэнец?
— Іменна так,— жартам адказаў і Мацвей.— Недзе дзеці ёсць.
— Гэта сур'ёзная праблема,— уздыхнуў дырэктар саўгаса.— Сцягачы — чулі такое? Не, не сцяганосцы, зусім наадварот. Так ахрысцілі ў народзе чужых. Рабочых не хапае, запрашаем, заклікаем нават з-за мяжы рэспублікі: работу, кватэру, яслі, садзік — усё неадкладна, птушынага малака — калі ласка. А адгукваюцца, на жаль, едуць не толькі лепшыя. Усіх падбіраем, усіх сцягваем. I без міліцыі, канечне, цяжка... Але гэта вымушана... Калі ласка, за стол. Першую за гасцей...
— Не, госці павінны за гаспадароў першую,— не даў яму даказаць, узняў чарку Сяргей Кузьміч.— Але я дазволю сабе быць няветлівым. Ніхто не супраць?
Нікога супраць не было, і Сяргей Кузьміч працягваў:
— Не хвалюйся, Мацвей, не чырваней, не за цябе. За Княжбор твой. Калі ў Княжборы будзе хоць палова таго, што ёсць тут, мы будзем дастойны самых высокіх слоў, самых вышэйшых узнагарод. Тое, што адбываецца сёння на Палессі, можна параўнаць толькі з калектывізацыяй. Дык за Палессе. За новае Палессе...
Зараз перад Мацвеем было яшчэ Палессе старое. I адтуль, дзе ён стаяў, яму добра відно было гэтае старое Палессе. Яно было яшчэ трывалым. Трывала трымаліся за сваю старую зямлю фундаментамі і штандарамі хаты, дзе-нідзе зямля ўжо і паглынала гэтыя фундаменты, але хаты не саступалі і ў думках не мелі таго, каб саступіць напору новага, ахутваліся старажытнымі ясакарамі і дубамі, улашчваліся птушынай песняй, голасам маладых буслоў, што ўжо з'явіліся на белы свет і патрабавалі ежы, абдымаліся з рэчкай, што кружыла каля гэтых хат, некранутай яшчэ тут, каля вёскі, яшчэ некранутай. Больш таго, Мацвею з вагончыка было відаць, што вёска не толькі не думае адступаць, а як бы сама ідзе ў наступ, кідае выклік яму. Махахей крыў хату свежымі белымі дошкамі. I гэтыя дошкі, дах новы, што біў у вочы, сляпіў вочы, раззлавалі яго, Хіба ж гэта ён не папярэджваў Махахея, што новай яго хаце не век векаваць. Калі ён думае, што за новую хату пад новым дахам дадуць болей, чым за старую, ён памыляецца. Хай надрываецца, хай ірве жылы, а ўсё роўна не ўстояць яго новай хаце. I, непрыхільны і рашучы, ён пакінуў вагончык, стары і новы Княжбор і пашыбаваў на ўчастак, дзе ішла праца, у Храпчына. Па дарозе па імгненне затрымаўся каля рэчкі, там, дзе колісь стаяў іх з Аленаю дуб, дзе і яго некалі абдымаў сваімі белымі крыламі бусел. Дуба таго ўжо не было, не было тут, можна лічыць, ужо і рэчкі. Яе выпрамілі, паглыбілі і, па сутнасці, праклалі, збудавалі новую рэчку, яна была прамая, што струна, з адваламі белага пяску па берагах. Ён залез на гэты пясок і зверху зірнуў на ваду. Вада бегла, здаецца, весела і хутка, як па трубе, нідзе не затрымлівалася, не віравала, і дно было вясёлым і без мулу. «А што, сапраўды вельмі прыгожа,— падумаў ён.— Асабліва калі ведаеш, што гэта створана табою. I аніякіх табе віроў, ямін, бярвення, карчоў, ад Палесся і да Дняпра праменька бяжы, вада, плынь віруй...» — тут ён злавіў сябе на тым, што блізкі ўжо да вершаў, задаволена ўсміхнуўся, вырашыў, што вершаў не будзе. Толькі проза, праца.
А працы ў Храпчыне не было. Стаялі канавакапальшчыкі, скрэперы і бульдозеры, уладкаваўшыся па ўзвышшы імі ж ссунутай зямлі, наставіўшы магутныя пашчы, нажы і зубы на некрапуты яшчэ лес. А механізатары ўсе як адзін былі ў малінніку. I Мацвей, сам падобны на бульдозер, уварваўся ў гэты маліннік:
— Чаму прастойваем? Думаеце, мяне тут няма...
Мы нічога не думаем,— азваўся механізатар, той самы трактарыст, што праваліўся ў Чортаву прорву.— Абед, вось і стаім.
Мацвей зірнуў на гадзіннік.
— Абед пяць ужо хвілін як скончыўся.
Зараз будзем заводзіцца.
— Неадкладна. I ў першую чаргу к чортавай матары гэты маліннік.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу